З марай стаць гімназістамі

- 14:06Рознае, Якасць адукацыі

У краіне пачаліся ўступныя экзамены ў 5 клас, якія традыцыйна праходзяць у пісьмовай форме. 2 чэрвеня навучэнцы пісалі дыктант па рускай мове. Сёння, 4 чэрвеня, праходзіць экзамен па матэматыцы. І 7 чэрвеня — апошні іспыт, дыктант па беларускай мове. Завітаўшы ў гімназію № 32 Мінска, мы на ўласныя вочы ўбачылі і адчулі ўсе хваляванні вучняў падчас выпрабаванняў па рускай мове.

Дзеці і іх бацькі прыйшлі да прыступак установы за гадзіну да пачатку экзамену — усхваляваныя, па-святочнаму апранутыя, са зборнікамі дыктантаў па рускай мове ў руках, якія яны штудзіравалі на працягу ўсяго навучальнага года і, канечне, паўтаралі напярэдадні іспыту.

Сёлета ў гімназію № 32 Мінска пададзена 112 заяў, з іх 62 — ад бацькоў, чые дзеці вучыліся ўжо ў яе пачатковых класах, і 50 заяў — ад тых, чые дзеці скончылі чатыры класы ў іншых установах адукацыі, пераважна Фрунзенскага раёна Мінска. Усе прыйшлі на першы экзамен з марай стаць гімназістамі, але ажыццявіць яе ў сценах гэтай установы змогуць толькі 78 навучэнцаў. Да наступнага навучальнага года будуць сфарміраваны тры класы-камплекты.

“Сёлета конкурс у нашу гімназію складае 1,4 чалавека на месца. Ён крыху павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам (быў 1,2), — гаворыць дырэктар гімназіі Алена Аляксандраўна Кісялёва. — Радуе, што сярод жадаючых паступіць да нас узрасла колькасць дзяцей (сёлета амаль 90) з высокім узроўнем вучэбных дасягненняў — навучэнцаў, якія за год атрымалі адзнакі 9—10 балаў. Паступаюць да нас пятнаццаць абсалютных выдатнікаў з адзнакамі 10 балаў па ўсіх прадметах. Штогод прыходзяць і навучэнцы сярэдніх школ. Часцей за ўсё ў лік нашых гімназістаў трапляюць выпускнікі пачатковых класаў сярэдніх школ №№ 81, 49, 125, 136 і 103-й пачатковай школы Мінска.

Прахадны бал у нашу ўстанову з кожным годам узрастае. У 2010 годзе, калі гімназія толькі адкрылася, ён складаў 40. У мінулым жа годзе — 51 бал. Калі пры залічэнні да нас на адно месца прэтэндуюць некалькі дзяцей з аднолькавай колькасцю балаў, набраных падчас іспытаў, улічваецца сярэдні бал гадавых адзнак навучэнца за 4 клас. Але падобная сітуацыя пры паступленні была толькі адзін раз. Каб не пакрыўдзіць дзяцей, якія дастойна здалі экзамены, мы звярталіся ў раённае ўпраўленне адукацыі з просьбай аб дадатковым месцы. Калі ж да нас прыводзяць дзіця, якое спрабавала паступіць у іншую гімназію, але не прайшло ў яе па колькасці балаў, а ў нас яна прахадная, мы маем права ўзяць яго, але толькі пры наяўнасці дадатковых месцаў”.

З размоў з бацькамі навучэнцаў і педагогамі 32-й гімназіі высветлілася, што тыя дзеці, якія чатыры гады вучыліся ў гэтай установе, у большасці сваёй гатовы да іспытаў і маральна, і па ўзроўні ведаў. Работа з гімназістамі, як правіла, вядзецца сістэмна. Будучыя першакласнікі папярэдне праходзяць падрыхтоўку на базе гімназіі ў школе “Умняша”, наведваюць факультатывы па рускай і беларускай мовах і матэматыцы, англійскай мове. Арганізаваны ў гімназіі і заняткі па логіцы і інфарматыцы. З 3—4 класаў дзеці пачынаюць удзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах, рыхтуюць праектныя і даследчыя работы, займаюцца ў платных гуртках. Падчас канікул у лагеры “Дом мары” на базе гімназіі дзейнічаюць профільныя атрады па падрыхтоўцы да ўступных іспытаў, у якіх дзеці паглыбляюць веды па гэтых прадметах. Пры такіх інтэнсіўных занятках, лічаць многія бацькі, неабходнасць у паслугах рэпетытараў пры паступленні ў старшыя класы ўстановы адсутнічае.

…Пакуль мы размаўляем, час няўмольна бяжыць. Дырэктар запрашае ў актавую залу бацькоў і дзяцей, каб пажадаць поспехаў у экзамене і нагадаць аб асноўных арганізацыйных момантах дня. Галоўны клопат адміністрацыі — стварэнне камфортных умоў для ўдзельнікаў іспыту. Бацькі падчас яго будуць перажываць за дзяцей у асобным памяшканні, могуць пачытаць газеты, кнігі. У пакоях, дзе праводзіцца экзамен, ёсць бутыляваная вада, аднаразовыя шкляначкі. На дошцы — тры табліцы з канчаткамі назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў — гэта дапушчальныя падказкі. Дзеці рассаджваюцца па чатырох групах, сфарміраваных у алфавітным парадку. У кожнай — па 28 чалавек. Схема рассадкі складзена членамі прыёмнай камісіі, на чале якой — дырэктар гімназіі, пры гэтым абавязкова ўлічваліся паказчыкі здароўя дзяцей. Кожны вучань атрымаў ліст, на якім было пазначана, як правільна падпісаць работу (адпаведная інфармацыя дубліруецца на дошцы).

Дыктаваць экзаменацыйны тэкст маюць права толькі высокакваліфікаваныя педагогі з вышэйшай катэгорыяй. Сёння гэта дырэктар гімназіі Алена Аляксандраўна Кісялёва, у мінулым настаўніца пачатковых класаў, дзве настаўніцы і намеснік дырэктара Алена Васільеўна Ларысава. Па-асабліваму сёння хвалююцца за дзяцей педагогі Таццяна Мікалаеўна Варламава, Алена Мікалаеўна Лёганькая і Марыя Сяргееўна Лубяка, бо гэта іх родныя выпускнікі. Разам з бацькамі яны чакаюць дзяцей.

“Дыктант быў нескладаны, — расказала мне пасля экзамену Алена Васільеўна Ларысава. — Як гэта і патрабуецца, мы папярэдзілі дзяцей аб правільным напісанні шэрага слоў, нагадалі пра наяўнасць у тэксце шэрага вывучаных дзецьмі арфаграм і пунктаграм”.

На працягу экзамену захоўваўся спрыяльны мікраклімат, стваралася сітуацыя поспеху для кожнага дзіцяці. Мы не ўбачылі расчаравання на тварах дзяцей, якія пасля выпрабавання паспяшаліся да бацькоў. Усе былі ўпэўнены, што напісалі дыктант правільна, як належыць. (Большасць школьнікаў атрымалі за дыктант 9—10 балаў).

На базе 32-й гімназіі ў рэзервовы дзень — 10 чэрвеня — будуць праводзіцца іспыты для навучэнцаў Фрунзенскага раёна, але для кожнага толькі адзін, калі па ўважлівых прычынах хтосьці з паступаючых не змог прыйсці на яго ў належны тэрмін.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.