З навукай да творчасці

- 11:30Якасць адукацыі

У сталічнай гімназіі № 40 у рамках шостага школьнага дня прайшоў дзень навукі і творчасці, які сабраў навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі Ленінскага раёна, а дакладней, сярэдніх школ мікрараёна Лошыца — №№ 111, 24, 51 і 130. Удзел у мерапрыемстве ўзяў дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў А.А.Бугроў.

— Дзень навукі і творчасці задумваўся як завяршальнае мерапрыемства ў цыкле мерапрыемстваў, якія прайшлі сёлета ў нашай установе адукацыі і былі прысвечаны Году навукі ў краіне, — расказаў дырэктар гімназіі № 40 Ігар Анатольевіч Бабкоў. — І арганізавалі яго куставым спосабам (было задзейнічана пяць навучальных устаноў), які быў прапанаваны ўпраўленнем адукацыі раёна і даказаў сваю эфектыўнасць на практыцы. Нашы педагогі пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце С.І.Знак падрыхтавалі мерапрыемствы, якія прыйшліся па душы кожнаму навучэнцу, захапілі, прынеслі карысць. Прычым мы імкнуліся прыцягнуць усе паралелі школьнікаў з 2 па 11 клас, каб дзеці паўзаемадзейнічалі адно з адным.

У холе першага паверха гімназіі была арганізавана выстава дасягненняў навучэнцаў і педагогаў. На ёй можна было бачыць работы пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца”, якіх падрыхтавалі настаўнікі працоўнага навучання Т.С.Сушчынская і Ж.В.Касабуцкая. У пазамінулым годзе на заключным этапе алімпіяды па працоўным навучанні ўладальніцай дыплома І ступені стала Лізавета Баранава, а летась на гарадской алімпіядзе навучэнка 9 класа Аляксандра Гаўрылік адзначана дыпломам ІІ ступені. Т.С.Сушчынская правяла для малодшых школьнікаў майстар-клас па выцінанцы.

Майстэрства разьбы па дрэве прадэманстраваў разам са сваімі выхаванцамі настаўнік англійскай мовы і тэхнічнай працы Сяргей Вітальевіч Піўненка. Прысутныя былі ў захапленні ад карцін на фанеры, скрынак, сухарніц, падставак пад гарачае. Свой праект на тэму навуковай фантастыкі прадставіў дыпламант IV Міжнароднай выставы-конкурсу стэндавага мадэлізму “Мінск-2017” Анатоль Дземенкавец. Наведвальнікаў уразіла тонкасць выканання работы, дакладнасць апрацоўкі дэталей.

Удзельнікам мерапрыемства была прэзентавана школа робататэхнікі. Мадэлі робатаў, сабраныя навучэнцамі, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Андрэя Алегавіча Зіневіча, выклікалі цікавасць не толькі ў дзяцей, але і дарослых. Сваю работу па выкарыстанні робатаў у лагістыцы прадставілі пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі JuniorSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” шасцікласнік Яўген Стручысты і дзевяцікласнік Максім Стручысты. Дарэчы, Яўген у складзе зборнай каманды стаў удзельнікам Сусветнай алімпіяды робатаў — 2017 у Коста-Рыцы.

Дыпламанты Рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by” адзінаццацікласнікі Уладзіслаў Лёганькі і Андрэй Рубчэня (дыплом ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 16—18 гадоў у намінацыі “О сколько нам открытий чудных готовит просвещенья дух…”) прадставілі камп’ютарную гульню па гісторыі Беларусі “Згубленыя білеты”.

— Каб падрыхтоўка да экзамену па гісторыі Беларусі была нясумнай, мы вырашылі распрацаваць такую інтэрактыўную гульню, — гаворыць Уладзіслаў Лёганькі. — Гульня складаецца з пяці вялікіх вакацый, якія ў сваю чаргу складаюцца з шэрагу маленькіх. У кожнай з гэтых вакацый можна знайсці 2—3 білеты. Пасля кожнай вакацыі карыстальніка чакае тэст. Калі навучэнец праходзіць яго, то трапляе ў наступную вакацыю, калі не — то застаецца там і выпраўляе свае памылкі. Каб разнастаіць працэс навучання, у кожнай вакацыі прысутнічаюць квесты і міні-гульні.

Далей вучняў чакалі інтэлектуальныя спаборніцтвы. Чэмпіянат па інтэлектуальным мнагаборстве аб’яднаў 9 каманд сямікласнікаў і праходзіў пад эгідай Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі. У выніку перамогу святкавалі навучэнцы гімназіі. Для чацвёртакласнікаў педагогі арганізавалі турнір кемлівых. Малодшыя школьнікі падарожнічалі па станцыях “Прыгожае побач”, “Казачная”, “Эрудыт”, “Свет вакол нас”, “Спартыўная”, дзе выконвалі заданні з падкавыкай і атрымлівалі за іх балы. Асабліва спадабалася дзецям станцыя “Дзівосны Кітай”, дзе валанцёры Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ і настаўнікі гімназіі А.А.Рыбчынская і П.А.Роліч арганізавалі майстар-клас па каліграфіі. Дзеці з вялікім захапленнем выводзілі кітайскія іерогліфы, некаторыя з іх выказалі жаданне вывучаць мову Паднябеснай у далейшым. Дарэчы, у гімназіі з мінулага навучальнага года ўведзена вывучэнне кітайскай мовы як вучэбнага прадмета. А сёлета 27 першакласнікаў і 11 шасцікласнікаў вывучаюць кітайскую мову ў рамках аб’яднання па інтарэсах. Па выніках турніру кемлівых 1-е месца — у гімназіі № 40, 2-е месца — у сярэдняй школы № 51 і 3-е месца — у сярэдняй школы № 24.

Свае маршрутныя лісты атрымалі і каманды навучэнцаў 8—9 класаў. Ім неабходна было пераадолець шэсць станцый з цікавымі заданнямі. Так, на станцыі “Ад Ампера да Ома” навучэнцам прапаноўвалася заданне па электрычнасці: на інтэрактыўнай дошцы намаляваць схему, сабраць электрычны ланцужок, вызначыць значэнне сілы току і напружання, вылічыць супраціўленне. Па водгуках удзельнікаў мерапрыемства, асабліва цікавымі падаліся станцыі “Даследуем тайны рэчыва”, дзе вучні з задавальненнем “хімічылі”, вызначаючы, у якой прабірцы якое рэчыва, і “Недаросткі”, дзе якой вызначалі, па якім творы быў прадстаўлены фрагмент кінафільма, і быў прэзентаваны гімназічны часопіс “Натхненне”.

— Урокі літаратуры ў поўнай меры не вырашаюць задачы развіцця крэатыўнай асобы вучня, таму мы знайшлі выйсце праз стварэнне гімназічнага часопіса, які садзейнічае і асобаснаму развіццю навучэнцаў, і фарміруе светапогляд, і дапамагае ў прафесійным выбары, — адначыла настаўніца рускай мовы і літаратуры галоўны рэдактар часопіса Ірына Яўгенаўна Жданеня. — Часопіс стаў своеасаблівым летапісам гімназіі. Ён выходзіць у электронным выглядзе, і пазнаёміцца з ім можна на сайце ўстановы. Вялікая разнастайнасць рубрык — “З Днём Перамогі!”, “Літаратурныя вопыты”, “Наша відэа”, “Фотаальбом” і іншыя — аб’ядноўвае арыгінальныя матэрыялы вучняў і настаўнікаў.

У інтэлектуальнай гульні пераможцам прызнана каманда гімназіі № 40, 2-е месца — у сярэдняй школы № 111, 3-е месца — у сярэдняй школы № 24.

Вучняў 10—11 класаў чакала сустрэча “Прафесія і будучыня” з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў — БДУ, БДТУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны прэзентавалі свае ўстановы, расказалі пра прафесіі, якія ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі будуць запатрабаваны ў нашай краіне. Цікава, што анкетаванне наконт фактараў, якія ўплываюць на выбар прафесіі, паказала: выпускнікі ставяць на першае месца веды аб прафесіях, рынку працы, потым — меркаванні равеснікаў, затым — схільнасці і інтарэсы.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, на якім выступілі фіналіст Рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу “Талент краіны” навучэнец 4 класа гімназіі Раман Кірыленка і прызёры раённага конкурсу да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа з інсцэніроўкай фрагмента спектакля “Паўлінка”.

— Мы імкнуліся прыцягнуць да дня навукі і творчасці як мага больш школьнікаў. І гэта нам сапраўды ўдалося. Дзеці і педагогі былі задаволены. Вясёлыя і шчаслівыя, з добрым настроем і намерам вярнуцца, навучэнцы пакідалі гімназію. А гэта і ёсць сутнасць шостага школьнага дня, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Вацлаваўна Дрозд. — Мерапрыемства дазволіла дзецям і дарослым быць разам, згуртавацца, яшчэ раз адчуць падтрымку і неабыякавасць навучэнцаў і калег. Будзем і ў далейшым працягваць традыцыю правядзення падобных мерапрыемстваў з запрашэннем у госці вучняў з устаноў адукацыі нашага раёна і горада.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.