З пачатковай школы — да матэматычных вяршынь

20 дыпломаў І ступені, 27 — ІІ ступені і 44 — ІІІ ступені заваявалі малодшыя школьнікі на гарадскім турніры “Юны матэматык”, які быў арганізаваны для чацвёртакласнікаў сталічных школ і гімназій. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла днямі на базе сярэдняй школы № 19 Мінска.

Гарадскі турнір для навучэнцаў 4-х класаў сёлета праводзіўся ўпершыню Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі па ініцыятыве камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. У межах дамоўленасці аб супрацоўніцтве актыўны ўдзел у ім прыняла кафедра прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, яе супрацоўнікі з’яўляюцца распрацоўшчыкамі заданняў спаборніцтва.
Арцём Падмаска, Арсеній Алёхін, Варвара Краўчанка і Дзмітрый Суша з кіраўніком В.У. Рыванс. Турнір мае на мэце развіццё інтэлектуальных здольнасцей і павышэнне цікавасці да вывучэння матэматыкі сярод навучэнцаў пачатковых класаў. Сярод яго асноўных задач — развіццё лагічнага мыслення малодшых школьнікаў, фарміраванне матэматычнай культуры, стымуляванне дзейнасці педагогаў па развіцці здольнасцей адораных навучэнцаў.

З прывітальным словам да юных матэматыкаў і іх педагогаў звярнуўся прарэктар па вучэбнай рабоце МГІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Анатоль Аляксандравіч Глінскі. “Любое спаборніцтва, як і наш турнір, прадугледжвае пераможцаў. Хтосьці выступіў лепш, хтосьці горш — не ў меру сваіх сіл. Але калі вы паставілі перад сабой мэту ў перспектыве стаць матэматыкам, то павінны зрабіць усё для яе дасягнення. І хто сёння застаўся не вельмі задаволены вынікам, значыць, у таго ёсць шанс, закасаўшы рукавы, працягнуць займацца і дасягнуць жаданага поспеху. Тое ж, што адбылося на гэтым спаборніцтве, няхай запомніцца і стане добрым урокам на будучыню”,— адзначыў А.А.Глінскі.

У турніры прынялі ўдзел 202 чацвёртакласнікі. Матэматычныя спаборніцтвы прайшлі 18 мая на базе сярэдняй школы № 19, дзе гаспадары ўстановы адукацыі стварылі спрыяльныя ўмовы для работы ўдзельнікаў турніру і членаў журы.
Няпростыя заданні давялося выканаць юным матэматыкам. Навучэнцам прапаноўвалася рашыць 9 задач, прычым не чыста матэматычных, як яны чакалі, а задач з “хітрынкай” — на кемлівасць, логіку. Напрыклад, адна з прапанаваных задач, якая ацэньвалася ў 3 балы, гучала так: “На вуліцы стаяць два чалавекі. Мы ведаем, што адзін з іх рыцар, які заўсёды гаворыць праўду, а другі — ілгун, які заўсёды хлусіць. Як яны адкажуць на адно і тое ж пытанне: “Хто ты: рыцар ці лгун?” (Адказ: 1 чалавек: я… рыцар; 2 чалавек: я … рыцар). Адна з задач аказалася ўвогуле непасільнай малодшым школьнікам: “Кожную літару замяні лічбай так, каб атрымалася правільная арыфметычная роўнасць. Аднолькавым літарам адпавядаюць аднолькавыя лічбы, розным літарам — розныя лічбы: КЛЁСТ+КЛЁСТ=ПТИЦА (Адказ: К=4, Л=7, Е=8; С=1; Т=5; П=9; И=6, Ц=3; А=0 (47815+47815=95630)). Максімальная колькасць балаў, якую можна было б набраць на спаборніцтве, — 39. Найбольшую колькасць балаў — 36 — набралі навучэнец сярэдняй школы № 136 Глеб Васюкевіч і навучэнка гімназіі № 22 Паліна Чэрнікава.
Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені — Канстанцін Мяховіч (гімназія № 22), Мікіта Садовы (гімназія № 36), Святаслаў Скапюк (гімназія № 33), Арсеній Алёхін (гімназія № 5), Алесь Бань (гімназія № 2), Пётр Бартош (гімназія № 16), Паліна Вернікоўская (гімназія № 15) і інш. Паспяхова на турніры выступілі навучэнцы гімназій №№ 22, 16, 174, 5, 2, пачатковых школ №№ 39, 198.

Навучэнцы гімназіі № 5 Партызанскага раёна сталіцы заваявалі на турніры чатыры дыпломы: у Арсенія Алёхіна і Дзмітрыя Сушы — дыпломы І ступені, а ў Варвары Краўчанка і Арцёма Падмаскі — ІІІ ступені. Як расказала кіраўнік каманды школьнікаў Партызанскага раёна настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 5 Вольга Уладзіміраўна Рыванс, да перамогі дзяцей прывяла сур’ёзная мэтанакіраваная падрыхтоўка. Школьнікам, якія перамаглі ў гімназічнай алімпіядзе для пачаткоўцаў, прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў гарадскім турніры. Пяцёра навучэнцаў згадзіліся прыняць удзел у спаборніцтве. І вось для іх былі арганізаваны падрыхтоўчыя заняткі па развіцці логікі, мыслення. Акрамя таго, навучэнцы наведвалі факультатыўныя заняткі “Займальная матэматыка”, шмат працавалі дома. Як прызналіся самі ўладальнікі дыпломаў, задачы турніру былі хоць і складанымі, але вельмі цікавымі.

Па словах старшыні журы турніру, намесніка дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдата фізіка-матэматычных навук Барыса Валянцінавіча Задворнага, на базе ФПМІ і Інстытута тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ дзейнічае “Юні-цэнтр — ХХІ” — навукова-даследчы і метадычны цэнтр выкладчыкаў і навучэнцаў, дзе, пачынаючы з пятага класа, са школьнікамі праводзяцца заняткі. І вось некалькі гадоў назад з прапановай пачаць падрыхтоўку юных матэматыкаў з пачатковай школы звярнуўся Леанід Рыгоравіч Бітно, доктар тэхнічных навук, дацэнт, дырэктар школы ранняга развіцця “Кубік”. Яго прапанова была падтрымана, і спачатку на базе ўніверсітэта, а потым і ў школах горада (сярэдніх школах №№ 102, 139, 26, гімназіі № 40) пачалі арганізоўвацца такія заняткі для малодшых школьнікаў і семінары для педагогаў. Дарэчы, яны і зараз карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Для пачаткоўцаў распрацавана спецыяльная праграма, прапануюцца задачкі на развіццё памяці, увагі, логікі. Заняткі арганізуюцца ў гульнявой форме. Гэтая работа вылілася сёлета ў правядзенне матэматычных алімпіяд для навучэнцаў 1—3 класаў і першага гарадскога турніру для чацвёртакласнікаў, на якіх малодшыя школьнікі змаглі прадэманстраваць свае лепшыя здольнасці.

“Хаця турнір праводзіўся ўпершыню, аднак ён набыў вялікую папулярнасць сярод выпускнікоў пачатковых класаў: планавалася, што ў ім прыме ўдзел каля 100 школьнікаў, а заяўкі падалі 202 навучэнцы. Гэтае пачынанне вельмі добрае, і правядзенне такіх турніраў мы будзем працягваць і далей. Магчыма, варта прыцягнуць да іх удзелу яшчэ і навучэнцаў 1—3 класаў”, — падкрэсліў Б.В.Задворны.
Усім удзельнікам турніру і іх настаўнікам былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі ад спонсараў. ФПМІ таксама падрыхтаваў цудоўны сюрпрыз для юных матэматыкаў. Для пераможцаў турніру будзе выдзелена некалькі месцаў у Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школе, што размяшчаецца пад Радашковічамі на базе лагера “Брыганціна”. Дарэчы, работа з малодшымі школьнікамі там праводзіцца ўжо два гады запар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.