З панядзелка — алімпіядны тыдзень

- 13:16Адукацыйная прастора

Алімпіядны марафон для вучнёўскай эліты стартуе з пачатку наступнага тыдня. У панядзелак у краіне пачнецца чацвёрты этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у якім возьмуць удзел (па заяўках ад сталіцы і рэгіёнаў) 1467 чалавек.

У гэтым годзе рэспубліканская алімпіяда праводзіцца па сямнаццаці агульнаадукацыйных прадметах: матэматыцы, фізіцы, астраноміі, хіміі, біялогіі, інфарматыцы, геаграфіі, гісторыіі, грамадазнаўстве, замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, працоўным навучанні. Абласныя каманды фарміруюцца з лепшых юных інтэлектуалаў рэгіёна, якія былі выяўлены падчас абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы будуць праходзіць з 23 па 27 сакавіка. Навучэнцы Ліцэя БДУ выступяць асобнымі камандамі па такіх вучэбных прадметах, як “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, “Руская мова” і “Руская літаратура”, “Матэматыка”, “Фізіка” , “Астраномія”, “Інфарматыка”, “Хімія”, “Біялогія” , “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, “Англійская мова”, “Французская мова”.
У Брэсце пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па геаграфіі, у Кобрыне Брэсцкай вобласці збяруцца лепшыя майстры і майстрыхі (тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні). Мінск прыме лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры, Полацк Віцебскай вобласці — гісторыі, грамадазнаўства. У самім Віцебску пройдуць алімпіяды па біялогіі і хіміі. У Магілёве збяруцца лепшыя матэматыкі, фізікі, астраномы і інфарматыкі, у Гомелі будуць спаборнічаць “замежнікі” — “англічане”, “немцы”, “французы”, “іспанцы”, “кітайцы”. А ў Мазыры Гомельскай вобласці збяруцца юныя філолагі. Тут пройдзе алімпіяда па рускай мове і літаратуры.
Прадметныя алімпіяды праходзяць у некалькі тураў. Алімпіяды па інфарматыцы, замежных мовах, працоўным навучанні, рускай і беларускай мове і літаратуры праводзяцца ў тры туры, па астатніх — у два. А каб удзельнікі алімпіяды маглі адпачываць ад разумовага напружання, арганізатары ў кожным рэгіёне клапоцяцца пра насычаную культурную праграму. Удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды прапаноўваецца наведванне гістарычных і памятных месцаў, тэатраў, музеяў, для іх арганізаваны розныя экскурсіі, вечары сустрэчы і адпачынку. Акрамя таго, у межах правядзення заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды плануецца і правядзенне сумесных мерапрыемстваў з педагагічнай грамадскасцю, вучнямі навучальных устаноў адпаведных населеных пунктаў.
Штогод рэспубліканка алімпіяда па агульнаадукацыйных прадметах праводзіцца сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мерапрыемства накіравана на павышэнне цікавасці дзяцей да прадметаў, якія вывучаюцца, на развіццё іх творчых здольнасцей, паглыбленне практычных ведаў і ўменняў. Акрамя таго, яно садзейнічае самарэалізацыі асобы.
У канцы наступнага тыдня пройдзе ўрачыстае закрыццё рэспубліканскай алімпіяды, калі члены журы абвесцяць пераможцаў, якія атрымаюць свае заслужаныя дыпломы, а самыя паспяховыя — яшчэ і пуцёўкі на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе.
Больш падрабязна аб ходзе і адметнасцях рэспубліканскай алімпіяды бягучага года чытайце ў бліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.