З пашанай да малой радзімы

- 10:43Адукацыйная прастора

У мінулым навучальным годзе ў Раснянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна быў рэалізаваны экалагічны праект “Расфарбуем планету ярчэй!!!”. Дэвізам праекта, які ажыццяўляўся ў рамках Года малой радзімы, сталі словы А.П.Чэхава: “Калі б кожны чалавек на кавалку сваёй зямлі зрабіў усё, што ён можа, якой бы цудоўнай была наша Зямля”.

Экалагічныя праблемы — адны з самых актуальных у сучасным свеце. Некаторыя з іх тычацца нашай малой радзімы.

Экалагічныя веды неабходны ўсім людзям. Многія дзеці не заўсёды могуць правільна арганізаваць вольны час у выхадныя дні. Ідэя праекта заключалася ў тым, каб праз праектную дзейнасць у шосты школьны дзень рэалізаваць творчы патэнцыял вучняў, павысіць іх экалагічную культуру і пазнавальную актыўнасць, навучыць вырашаць невялікія экалагічныя праблемы малой радзімы.

Праект ажыццяўляўся на працягу трох месяцаў і складаўся з трох этапаў. На першым было праведзена анкетаванне сярод навучэнцаў, якое паказала нізкі ўзровень іх экалагічнай культуры. Другі этап доўжыўся на працягу красавіка. Кожная субота гэтага месяца расфарбоўвала нашу планету ў розныя колеры. Так, “жоўты” дзень прысвячаўся Вялікадню, “сіні” — Дню касманаўтыкі, “зялёны” — Дню Зямлі, “чырвоны” — чарговай гадавіне чарнобыльскай трагедыі. У кожны з гэтых дзён у школе панавала асаблівая атмасфера. Адзенне вучняў і педагогаў, аксесуары і розныя дробязі былі вытрыманы ў пэўных колерах. Акрамя таго, кожную суботу хлопчыкі і дзяўчынкі расфарбоўвалі чорна-белы макет Зямлі яркімі фарбамі і аплікацыямі.

Выхаваўчыя мерапрыемствы мелі адпаведную тэматыку. Так, у “жоўты” дзень для старшакласнікаў прайшла літаратурная гадзіна “Залатыя купалы беларускіх цэркваў”, падчас якой асаблівая ўвага ўдзялялася гісторыі мясцовага Свята-Міхайлаўскага храма. У “сіні” дзень вучні актыўна шчыравалі ў працоўных акцыях “Абеліск” і “Наша праца ўліваецца ў працу нашай краіны”, арганізаваных разам з ваеннаслужачымі пагранічнай заставы “Казімірава”. “Зялёны” дзень запомніўся дзецям экскурсіяй на прыроду “Сцяжынкі маёй вёскі”. Старшакласнікі спаборнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” на веданне Белавежскай пушчы. “Чырвоны” дзень стаў выніковым для акцыі па зборы макулатуры “Захавай дрэва”. Малодшыя школьнікі даведаліся шмат новага і пазнавальнага, падарожнічаючы па старонках Чырвонай кнігі Беларусі.

Завяршыўся праект вялікім канцэртам “Фарбы нашай Зямлі”.

Дзякуючы праекту, дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад зносін з прыродай, павысілі экалагічную культуру і матывацыю да ўдзелу ў працоўнай і экалагічнай дзейнасці, навучыліся цаніць прыродныя багацці малой радзімы.

Ірына ФЯДЗЕЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.