З павагай да будучай прафесіі

- 14:51Адукацыйная прастора

Бягучы навучальны год для адзінаццаці вучняў Малецкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці стаў асаблівым: тут быў створаны і працуе аграрны клас з мэтай прафарыентацыі дзесяцікласнікаў да спецыяльнасцей, звязаных з сельскай гаспадаркай. Вядуць факультатыўныя заняткі вопытныя настаўнікі працоўнага навучання Мікалай Мікалаевіч Козіч і Аксана Аляксееўна Дакучыц, былыя выпускнікі гэтай жа школы.

Мікалай Козіч скончыў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і прыйшоў працаваць у родную школу. Больш за трыццаць гадоў ён выкладае працоўнае навучанне. Да заняткаў адносіцца сур’ёзна і адказна. Сам добра ведае сялянскую працу. Нарадзіўся настаўнік у суседняй вёсцы Паўлавічы, дзе ў дзяцінстве і юнацтве шмат часу разам з бацькамі засвойваў урокі сялянскага жыцця.

Аксана Дакучыц да прыходу на працу ў родную школу атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна. З першага працоўнага дня выкладае абслуговую працу для дзяўчынак.

Мікалай Козіч і Аксана Дакучыц на факультатыўных занятках разглядаюць розныя аграрныя тэмы ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планам, па дзве гадзіны на тыдзень. Школьнікі аграрнага класа за тры месяцы вучобы ўжо многа чаго даведаліся і многаму навучыліся, асабліва па жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

У канцы першага навучальнага года адміністрацыя і педагагічны калектыў плануюць правесці канферэнцыю з мэтай аналізу вынікаў і недахопаў. У будучым навучальным годзе настаўнікі Мікалай Козіч і Аксана Дакучыц плануюць разгледзець шмат тэм па ўкараненні механізацыі і электрыфікацыі ў сельскай гаспадарцы. Заняткі плануюць праводзіць непасрэдна на базе мясцовага адкрытага акцыянернага таварыства (ААТ) “Аграфірма Малеч”. Магчыма, праз пэўны час вучні аграрнага класа стануць спецыялістамі сельскай гаспадаркі.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.