З павагай да гераічнага мінулага

- 12:25Навіны рэгіёнаў

У гімназіі Ганцавіч створаны куток баявой славы, прысвечаны 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

На працягу некалькіх месяцаў педагогі і вучні вялі актыўную даследчую работу па зборы музейных экспанатаў, вывучалі тэматычную літаратуру, даведнікі, дакументы і архіўныя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. У сем’ях многіх настаўнікаў захаваліся ўнікальныя дакументы, звязаныя з ваеннымі падзеямі ў жыцці родных. Бібліятэкар гімназіі С.В.Чэкун сістэматызавала сабраныя матэрыялы і аформіла музейныя экспазіцыі, якія аднаўляюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ганцавіччыны. Так, у фотаматэрыялах прадстаўлены ваенна-гістарычныя мясціны: воінскія пахаванні, месцы пахавання мірных жыхароў у гады вайны, фрагменты збудаванняў часоў вайны… Акрамя фотаздымкаў, экспазіцыі змяшчаюць біяграфічныя матэрыялы, гістарычныя даведкі, ордэны і медалі ўдзельнікаў вайны. Увазе наведвальнікаў прапанавана выстава кніг, на старонках якіх вядомыя беларускія пісьменнікі расказваюць пра сваіх родных — удзельнікаў баявых дзеянняў, працаўнікоў тылу, вязняў канцлагераў — відавочцаў страшэннага ваеннага ліхалецця.

У рабоце музейнага кутка выкарыстаны інфармацыйныя тэхналогіі. Так, яго экспазіцыі аснашчаны QR-кодамі, з дапамогай якіх вучні могуць звярнуцца да мультымедыйных крыніц і рэсурсаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, знайсці і захаваць неабходную інфармацыю.

У музейным кутку праводзяцца розныя гімназічныя мерапрыемствы. Падчас экскурсій дзеці задаюць шматлікія пытанні, цікавяцца ваен­ным узбраеннем, пагружаюцца ў гісторыю роднага краю, адчу­ваюць гордасць за гераічнае мінулае, усведамляюць важнасць захавання міру на зямлі.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.