З прыкметнымі дасягненнямі

- 12:22Адукацыйная прастора

Выніковае пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта адбылося на Браслаўшчыне

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі і падведамных устаноў, структурных падраздзяленняў органаў кіравання адукацыяй разам з намеснікамі старшынь раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, прафсаюзнымі лідарамі падвялі вынікі работы за мінулы і вызначылі асноўныя задачы на гэты навучальны год. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін. Нарада дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі прайшла ў Відзаўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы. У райцэнтры ўдзельнікі азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, вучэбна-метадычным забеспячэннем, арганізацыяй спрыяльнага для гарманічнага развіцця асобы, камфортнага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя ў яслях-садзе № 3 і Браслаўскай гімназіі. Месцам правядзення пленарнага пасяджэння была выбрана сярэдняя школа № 2 Браслава — адзін з флагманаў маштабнага абласнога праекта “Школы будучыні”.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін уручае ўзнагароду першаму намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алене Багдановіч.

Кампетэнтнасць і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў

У рэгіёне склалася эфектыўная адукацыйная сістэма, якая дынамічна развіваецца і характарызуецца прыкметнымі дасягненнямі на ўсіх узроўнях. Як адзначыў у дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, па выніках 2019 года паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады і асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны ў вобласці выкананы. Развіццю кадравага патэнцыялу, прафесійнаму росту педагогаў садзейнічала сістэма курсавой падрыхтоўкі, работа вучэбна-метадычных аб’яднанняў і атэстацыйных камісій у міжкурсавы перыяд. Вышэйшую адукацыю маюць 94,5 працэнты педагагічных работнікаў, кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” прысвоена 42 педагогам (у 2018 годзе — 36). Дарэчы, два настаўнікі-метадысты — у калектыве Браслаўскай гімназіі.

Дзмітрый Хома: “У галіне павінны працаваць прафесіяналы, арыентаваныя на дасягненне канкрэтнага выніку па кожным напрамку дзейнасці”.

Ключавым фактарам стабільнага росту з’яўляецца эфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў. На фінансаванне галіны адукацыі ў бюджэце вобласці на 2019 год было прадугледжана 671,6 мільёна рублёў. Фактычна асвоена 675,9 мільёна рублёў, або 100,6 працэнта. Доля выдаткаў на капітальныя і бягучыя рамонты павялічылася да 7 працэнтаў, асвоена 47,2 мільёна рублёў (у 2018 го­дзе было 39,1 мільёна, або 6,6 працэнта), у тым ліку праведзены капітальныя рамонты з мадэрнізацыяй ясляў-сада № 3 у Браславе, № 1 у Докшыцах, № 3 ва Ушачах, Езярышчанскай сярэдняй школе Гарадоцкага, Бягомльскай сярэдняй школе Докшыцкага, Багушэўскай сярэдняй школе імя А.Э.Марфіцкага Сенненскага раёна, Барздоўскім дзіцячым са­дзе — сярэдняй школе Аршанскага раёна. Праект “Школа будучыні” рэалізаваны ў браслаўскай сярэдняй школе № 2, працягваецца будаўніцтва сярэдняй школы на 1020 месцаў у мікрараёне Білева-2 Віцебска. Адноўлена камп’ютарная тэхніка, школьная мэбля, тэхналагічнае, халадзільнае і іншае абсталяванне на агульную суму больш за 13 мільёнаў рублёў; забяспечанасць лыжным інвентаром устаноў агульнай сярэдняй адукацыі склала 100 працэнтаў. Для арганізацыі падвозу дзяцей і выхаванцаў набыты 42 аўтобусы, у 2020 годзе абнаўленне парка школьных аўтобусаў плануецца завяршыць. Прыбытак ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі за год склаў больш за 17,5 мільёна рублёў, або практычна 114 працэнтаў да адпаведнага перыяду пазамінулага года. Дзмітрый Леанідавіч выказаў падзяку органам мясцовай выканаўчай улады і асабіста старшыням Аршанскага, Браслаўскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Лёзненскага, Полацкага, Талачынскага і Ушацкага райвыканкамаў, якія знайшлі магчы­масць накіраваць на развіццё сістэмы адукацыі дадатковыя да выдзеленых з абласнога бюджэту сродкі.

Якасць адукацыі і належнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

Планамерна вырашае пастаўленыя задачы па забеспячэнні даступнасці і развіцці новых форм, пашырэнні спектра адукацыйных паслуг сістэма дашкольнай адукацыі. Дзеці ранняга дашкольнага ўзросту забяспечаны месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі на 97,1 працэнта, знізіўся працэнт пераўкамплектаванасці ўстаноў; дзеці пяцігадовага ўзросту ў поўным аб’ёме ахоплены падрыхтоўкай да школьнага навучання. На гэты год запланавана будаўніцтва дашкольных уста­ноў у Паставах, Полацку і Наваполацку, вырашаецца пытанне па ўзвядзенні дзіцячых садоў у Віцебску і шэрагу населеных пунктаў, дзе ўведзены ў эксплуатацыю шматпавярховыя дамы ў мікрараёнах  індывідуальнай забудовы. Вобласць мае стабільныя вынікі па зніжэнні захваральнасці выхаванцаў дашкольных устаноў, назіраецца зніжэнне выпадкаў траўматызму. Разам з тым начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі падкрэсліў, што нават адзінкавы факт траўміравання дзіцяці катэгарычна недапушчальны, па­трабуе аб’ектыўнага прынцыповага разбору і канкрэтных аргвывадаў. Педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі на працягу года актыўна і паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах, фестывалях, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах рознага ўзроўню. Напрыклад, шляхам адкрытага конкурсу, арганізаванага ў рамках праекта, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яслі-сад № 23 Наваполацка выбраны ў якасці мадэльнага дзіцячага сада і рэсурснага цэнтра для Віцебскай вобласці па рэалізацыі экалагічнага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы Рэспублікі Беларусь”.

Паступальны рост якасных паказчыкаў дэманструе сістэма агульнай сярэдняй адукацыі, якая ў 2019 годзе была прадстаўлена 343 установамі.

Дырэктар сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска Святлана Драздова: “Школа будучыні — школа вялікіх магчымасцей. Мы ставім перад сабой амбіцыйныя планы і ўпэўнены ў рэальнасці іх ажыццяўлення”.

Станоўчая дынаміка назіраецца па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (23 і 85 дыпломаў адпаведна). У 2019 годзе навучэнцы Віцебшчыны заваявалі 5 медалёў міжнародных алімпіяд, каманда вобласці заняла 2-е месца на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы, Віцебскае кадэцкае вучылішча ў мінулым годзе прызнана лепшай установай сістэмы кадэцкай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання вобласць узня­лася да 4-е месца ў краіне, непасрэдна ў паўночным рэгіёне трымаюць лідарства Першамайскі раён Віцебска, Лепельскі раён і Наваполацк. Сёлета віцебская каманда палажыла ў скарбонку краіны 7 медалёў ХVІ Міжнароднай Жаўтыкаў­скай алімпіяды, прычым адзінаццацікласнік гімназіі № 8 Віцебска Яраслаў Барысаў стаў яе абсалютным пераможцам па інфарматыцы (настаўнік Вераніка Лакціна). Рэалізуецца комплекс мер сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, забяспечаны бясплатны праезд школьнікаў, 63 працэнты дзяцей атрымліваюць гарачае харчаванне за кошт сродкаў бюджэту.

Начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі: “Галоўнае, у чым мы даўно пераканаліся, — настаўніку і адміністратару не трэба баяцца вучыцца, ставіць новыя мэты і задачы. Няма недасяжных мэт, ёсць розныя прапорцыі з ляноты і працавітасці”.

У Аршанскім, Дубровенскім, Глыбоц­кім, Шаркаўшчынскім, Лёзненскім, Докшыцкім раёнах і Наваполацку адкрыты і працуюць STEM-класы, дзе дзеці пад кіраўніцтвам спецыяльна падрыхтаваных педагогаў займаюцца асноўнымі STEM-напрамкамі. Для навучання педагогаў STEM-клас адкрыты на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Сфарміраваць канкурэнтаздольнага прафесіянала

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці развіваюцца дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне, адкрыты класы прафесійнай накіраванасці, у тым ліку 67 агракласаў. Прафесійную падрыхтоўку ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” прахо­дзяць 1198 дзесяцікласнікаў (22,3 працэнта ад агульнай колькасці) і 1785 адзінаццацікласнікаў (31,4 працэнта); ва ўстановах ПТА і ССА працягнулі навучанне 44 працэнты навучэнцаў 9-х класаў. У адпаведнасці з даручэннем старшыні аблвыканкама па арганізацыі ранняй сістэмнай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі у 7—9-х класах пачалася рэалізацыя праграмы ранняй папулярызацыі рабочых прафесій. Стратэгічнае значэнне ў вобласці надаецца развіццю сістэмы прафесійнай адукацыі і, у першую чаргу, падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з патрэбамі эканомікі, удасканаленню механізмаў узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі, галіновых органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый — заказчыкаў кадраў, прадастаўленню кожнаму выпускніку першага рабочага месца. Сканцэнтраваць значныя сродкі і выканаць вялікі аб’ём работы па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні дазволіла рэарганізацыя чатырох устаноў ПТА і ССА ў два каледжы; работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафадукацыі будзе працягнута. Кваліфікацыйныя пробныя работы па шэрагу спецыяльнасцей ажыццяўляліся на базе каледжаў з запрашэннем прадстаўнікоў арганізацый — заказчыкаў кадраў, гэты вопыт будзе распаўсюджаны на ўсе ўстановы прафесійнай адукацыі. Кваліфікацыйны разрад ад 4 і вышэйшы атрымалі 57,4 працэнта ад агульнай колькасці выпускнікоў устаноў ПТА (3866 чалавек): рэгіён упершыню за некалькі гадоў выканаў дзяржпраграму па гэтым паказчыку.

Дырэктар Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Ганна Стукальцава: “Свет мяняецца з вялікай хуткасцю, прадпрыемствы хутка перабудоўваюцца, мяняюць тэхналогіі. А мы — тыя, хто рыхтуе кадры для іх. І мы павінны рыхтаваць ім тыя кадры, якія патрэбны ў гэты час і ў гэтым месцы”.

У 2019 годзе адкрыты рэсурсныя цэнтры ў Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы і Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Стажыроўку на базе перадавых галіновых прадпрыемстваў рэгіёна прайшлі 40 выкладчыкаў спецдысцыплін і 99 майстроў вытворчага навучання, у Расійскай Федэрацыі — 6 педработнікаў. Навучэнцы ўстаноў прафадукацыі прадэманставалі выдатныя вынікі на шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і прафесійных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства.

Дзмітрый Хома дэталёва прааналізаваў работу рэгіянальнай сістэмы адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях і даў прынцыповую ацэнку зробленаму ў кантэксце далейшага ўдасканалення.

Намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Марына Здольнікава: “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне фарміруе не проста законапаслухмянага грамадзяніна, а чалавека, які свядома і актыўна выконвае свой грамадзянскі абавязак. Гэта выхаванне адказнасці за сваю краіну, яе будучыню, павага да гісторыі, традыцый, духоўных каштоўнасцей і культуры”.

Падводзячы вынікі пасяджэння калегіі, Уладзімір Пенін падзякаваў прысутным, а ў іх асобе і ўсім педагогам за праведзеную вялікую работу і дасягнутыя вынікі, а таксама выказаў прапановы па асобных актуальных для рэгіянальнай сістэмы адукацыі пытаннях. Ва ўрачыстай атмасферы лепшыя прадстаўнікі сістэмы адукацыі вобласці атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Жанна Радзевіч, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Святлана Ліпская. Падзяка старшыні аблвыканкама аб’яўлена дырэктару браслаўскай сярэдняй школы № 2 Анатолю Невярковічу, начальніку аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Валянціне Мяньковай, дырэктару Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ Фёдаравай, дырэктару Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталлі Бальшаковай.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.