З разумнай, дзейнаснай любоўю да дзяцей

- 12:17Школа - для бацькоў

Сёння ўсё так імкліва мяняецца: гарады і краіны, заводы і іх прадукцыя, дарогі і машыны, аб’ёмы і крыніцы інфармацыі, прафесіі і іх змест, школы і патрабаванні да іх, настаўнікі і вучні, іх магчымасці і патрэбы. У Беларусі няма ніводнай установы адукацыі, якая ў той ці іншай ступені не працавала б у інавацыйным рэжыме. Інавацыі ў адукацыі становяцца патрэбай і нормай жыцця кожнага педагога. Адукацыйны працэс арганізоўваецца з дапамогай інавацыйных тэхналогій і на аснове інавацыйных падыходаў.

З увядзеннем у 2015 годзе профільнага навучання штодзённая работа ва ўстановах адукацыі арганізоўваецца перш за ўсё на аснове прафесійных асобасна арыентаваных падыходаў як да навучэнцаў, так і да настаўнікаў. Школа адаптуецца да вучня, да яго адукацыйных запытаў, арыентуючыся на іх максімальнае задавальненне і максімальна магчымы поспех выпускнікоў у жыцці і ў прафесіі. Так, для абодвух бакоў адукацыйнага працэсу (і навучэнцаў, і настаўнікаў) пашырана прастора выбару, што патрабуе адпаведных кампетэнцый і адказнасці за гэты выбар не толькі настаўнікаў і навучэнцаў, але і іх бацькоў.

Каштоўнасць адукацыі расце бесперапынна, і пераважная большасць бацькоў гэта разумее і падтрымлівае ініцыятывы педагогаў. Самі ж бацькі як трэці ўдзельнік адукацыйнага працэсу і непасрэдны заказчык якасці адукацыі — і самы зацікаўлены ў яго поспеху — у гэтых інавацыйных працэсах амаль не задзейнічаны. І ў той жа час чым больш і хутчэй мяняецца школа і вучні, тым цяжэй бацькам зразумець і сваіх дзяцей, і многае, што робіцца ў школе. Аднак работа з бацькамі вядзецца ў асноўным традыцыйна, інфармацыйна-статыстычна. І ніякага асобасна арыентаванага падыходу да бацькоў, да іх праблем і запатрабаванняў у большасці выпадкаў проста няма. Няма адраснай дапамогі і падтрымкі.

Затое ёсць узаемная незадаволе­насць і абвінавачанні бацькоў і педагогаў, пера­кладанне віны з хворай галавы на здаровую, маўляў, бацькі не даглядзелі, не пракантралявалі, школа не вучыць, толькі патрабуе, праграмы складаныя, падручнікі незразумелыя і г.д. Што ж рабіць?

У некаторых установах адукацыі ўпарта спрабуюць зблізіць пазіцыі і ўзаемаразуменне з бацькамі, прыцягваючы некаторых да ўдзелу ў адукацыйным працэсе. Па планах, складзеных настаўнікамі, арганізоўваюцца лекторыі, праводзяцца разнастайныя мера­прыемствы, сходы, кансультаванне і асвета, а індывідуальныя праблемы і запатрабаванні бацькоў не вывучаюцца і не ўлічваюцца. Ці не таму праблемы бацькоў, праблемы сямейнага выхавання толькі нарастаюць? У кожнага яны свае. У адных — як заахвоціць дзяцей да чытання без пакаранняў і строгіх загадаў, у другіх — колькі грошай даваць падлетку і ці кантраляваць іх траты. Ці рабіць грошы інст­рументам падтрымкі і пакарання? У трэціх пытанні больш складаныя: як перамагчы або прадухіліць шкодныя звычкі, агрэсіўнасць (асабліва аўтаагрэсію), нежаданне вучыцца і прагулы заняткаў,чаму не слухаецца, чаму ён так неадэкватна рэагуе на простыя заўвагі і інш. Адказы знайсці сапраўды няпроста. Бацькі часта не разумеюць сваіх дзяцей, таму што не ведаюць іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей, здольнасцей, інтарэсаў і патрэб, асабліва ў перыяд сталення. Сядзіць дзіця за камп’ютарам — бацькі і рады. Добра, што па дварах не сноўдаецца, не курыць, не колецца. Дзеці прадастаўлены самі сабе. Некаторыя занадта песцяць дзяцей (у матэрыяльным плане). Гэта таксама не ёсць добра. І не цікавяцца паводзінамі і настроем дзяцей у школе, а толькі адзнакамі. Гэта таксама дрэнна. У многіх бацькоў няма ўвогуле ніякай цікавасці да сваіх дзяцей: апрануты, накормлены — і добра.

У школе, асабліва на бацькоўскіх сходах, дзе промахі і няўдачы дзяцей абмяр­коўваюцца публічна, бацькі адчу­ваюць сябе няўтульна і з нецярплівасцю ­чакаюць заканчэння сходу. У большасці выпадкаў такія бацькі проста адмоўч­ваюцца, саромеюцца зада­ваць пытанні і не ведаюць, дзе і ад каго шукаць дапамогі.

У выніку ад неразумення, ад бяссілля штосьці змяніць пускаюць выхаванне дзяцей на самацёк. Прынята лічыць, што дзеці — гэта шчасце, аднак часта мы бачым нездаволеных жыццём, стомленых мам і татаў, любімыя дзеці якіх сталі іх галаўным болем. Назіраецца аддаленне дзяцей ад баць­коў, а бацькоў, натуральна, ад школы. Дзяцей прываблівае больш вуліца, сябры, горш за тое — тэлевізар і камп’ютар, якія замя­няюць ім простыя чалавечыя пачуцці. І кожны адчувае сябе няшчасным. А з нешчаслівых людзей нам ніколі не стварыць шчаслівае грамад­ства. І гэта ў той час, калі ўвесь свет прызнае, што сям’я — найвялікшая каштоўнасць, а бацькоўскі дом — пачатак пачаткаў. У сям’і фарміруюцца сацыяльныя і маральныя адносіны, раскрываюцца і развіваюцца здольнасці дзіцяці, шмат у чым закладваюцца асновы будучай прафесіі і поспеху ў жыцці. Асабліва вялікая і значная сацыяльна-педагагічная функцыя сям’і. На жаль, многія баць­кі да паспяховай рэалізацыі гэтай функ­цыі не гатовы. Пры куплянні любога маленькага прыбора нам як карыстальнікам выдаюць інструкцыю, пры нара­джэнні дзіцяці бацькі інструкцыі, як выхаваць з яго паважанага і паспяховага чалавека, не атрымліваюць. І хаця ёсць мноства прадпісанняў і нарматыўных прававых дакументаў аб выхаванні дзяцей у сям’і, правільных і патрэбных, пытанне “Як?” для большасці бацькоў паў­стае востра амаль кожны дзень. Таму многія выхоў­ваюць дзяцей інтуітыўна, сітуатыўна, па ўзоры сваіх бацькоў або зусім не хочуць прызна­ваць свае праблемы, а без гэтага іх вырашыць тым больш немагчыма.

Нават тыя бацькі, якія трацяць на выхаванне сваіх дзяцей велізарную колькасць энергіі (раннія школы развіцця, разнастайныя гурткі, секцыі, штосьці яшчэ для вундэр­кіндаў) і выконваюць свае бацькоўскія функ­цыі з вялікім захапленнем, маюць шмат пытанняў без адказу (напрыклад, ці трэба да школы вучыць чытаць, у колькі гадоў пачы­наць вучыць музыцы, англійскай мове, гу­ляць у бадмінтон). Дарэчы, пры такім раскладзе сіл і спраў часу і ў дзяцей, і ў баць­коў на асабістыя зносіны, простую гутарку пра кветкі, птушак, дрэвы або пра што-небудзь вельмі патаемнае не застаецца зусім. Адсюль каманды, патрабаванні, вокрыкі, абрыванні, пагрозы, пакаранні… Нават тое, што могуць самі (чытаць казкі, майстра­ваць, маляваць і г.д.), часта перадару­чаюць нянькам, выхавальнікам, кіраўнікам гурткоў.

А асоба выхавальніка, асоба настаўніка ва ўсе часы была і застаецца галоўнай тэхналогіяй выхавання. Бацькі — галоўныя выхавальнікі, галоўныя настаўнікі сваіх дзяцей, яны часцей і даўжэй за іншых жывуць з дзецьмі вочы ў вочы, могуць даглядаць іх, вывучаць, любіць самааддана, дапамагаць і падтрымліваць штодзень.

Безумоўна, ёсць многа сем’яў, дзе звычайныя праблемы выхавання не ўзмацняюцца, а паспяхова вырашаюцца, таму што там бацькі самастойныя, адказныя, смелыя, крэатыўныя. Яны ахвяруюць сваім часам і сіламі дзеля дзяцей, разумеюць, што дзеці — самая вялікая жыццёвая каштоўнасць і для сям’і, і для грамадства. Але іх вопыт мала запатрабаваны і ў сем’ях, і ў школе, і ў СМІ, не прааналізаваны і не дапамагае іншым бацькам у аналагічных праблемных сітуацыях. За распаўсюджаннем гэтага вопыту — будучыня.

А ці ёсць праблемы ў школы? Так, канечне. І нямала, і не менш складаныя. Ці адпавядае ўзровень ведаў і кампетэнцый навучэнцаў сучасным патрабаванням? Ці адпавядае ўзровень маральнасці і грамадзянскай пазіцыі кожнага асобна ўзятага навучэнца патрабаванням і чаканням цывілізаванага грамадства, патрабаванням часу? А калі не, то куды глядзяць яго бацькі, чаму некаторыя не наведваюць бацькоўскія сходы?

Памылка сучаснай сістэмы адукацыі заключаецца ў тым, што ўсё навучанне дзіцяці пераважна будуецца на выхаванні ў ім спецыяліста. Гэта, безумоўна, важна, кім дзіця стане. Але важней за ўсё, якім яно стане. Першарадная задача сям’і — выхаваць якасці асобы. А гэта, на жаль, вельмі западае. Што ж рабіць?

Вядучы прынцып, на якім грунтуецца сямейнае выхаванне, — гэта любоў, разумная, дзейнасная любоў да дзяцей. Не аўтарытарная, не патуральніцкая, не сляпая або абыякавая, менавіта разумная. Гэтаму можна навучыцца, навучыцца з дапамогай педагогаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў, саміх бацькоў. Доктар медыцыны і псіхалогіі пісьмен­нік Уладзімір Леві пісаў: “Вялікі сакрэт выхавання: хочаце выхаваць дзіця, пачынайце выхоўваць яго бацькоў!”

З улікам сітуацыі, якая склалася, і сацыяль­на-педагагічнай значнасці праблемы ў адзінаццаці ўстановах адукацыі краіны пачалася работа па ўкараненні мадэлі павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнт­насці бацькоў. Калі кампетэнтнасць — гэта мера адпаведнасці ведаў, уменняў і вопыту чалавека пэўнага сацыяльна-прафесійнага статусу рэальнаму ўзроўню складанасці задач, якія ім выконваюцца, і праблем, якія вырашаюцца, то бацькоў­ская кампетэнт­насць — гэта яго гатоў­насць і здольнасць на аснове ведаў, уменняў, навыкаў і вопыту ў галіне выхавання дзіцяці мэтанакіравана ства­раць эмацыянальна-камфортнае, развіццёвае асяроддзе і мэтанакіравана дапамагаць дзецям расці, развівацца, сталець.

Гэта праект для бацькоў па падтрымцы іх мэтанакіраванага навучання і сама­адукацыі. Гэта запрашэнне да двухбаковага эфектыўнага супрацоўніцтва настаўнікаў і бацькоў, да сумеснага пошуку шляхоў і сродкаў эфектыўнага выхавання дзяцей у сям’і, у школе і ў грамадстве.

Кіраўнікі і педагогі гэтых устаноў адукацыі ўпэўнены, што ўзаемная незадаволенасць ні да чаго добрага не прывядзе, што павысіць ­якасць выхавання і ролю бацькоў у гэтым працэсе можна, толькі аб’яднаўшы намаганні, змяніўшы акцэнты і пераарганізаваўшы работу з баць­камі на аснове навуковых даных і інавацыйных падыходаў, з улікам іх цяжкасцей і магчымасцей, з улікам адукацыйных запатрабаванняў бацькоў. Будзе цяжка, але ж нішто добрае не дасягаецца без працы. Здолелі ж мы знайсці спосабы арганізацыі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі з улікам іх такіх разнастайных адукацыйных запатрабаванняў. Некаторыя бацькі скажуць: “Мне вучыцца? А для чаго настаўнікі, яны заканч­валі ўніверсітэты?!” А галоўным аргументам некаторых настаўнікаў, напэўна, будзе: “Ву­чыць бацькоў? А дзе ­ўзяць час?” Знойдзецца і дырэктар, які скажа: “Мне яшчэ і бацькоў вучыць? Хопіць з мяне і вучняў!” І кожны па-свойму будзе мець рацыю. Так, сапраўды, перагрузкі зашкальваюць. Але мы ўсе любім дзяцей, любім сваю работу, сваю краіну, усе хочам вырасціць выхаваных і дастойных людзей. А для тых, каго любіш, каму жадаеш шчасця і поспеху, час знойдзецца заўсёды.

Як прыцягнуць бацькоў, асабліва тых, хто не ведае сваіх дзяцей і мае цяжкасці ў іх выхаванні, у школу? Як стварыць умовы, каб ім захацелася з настаўнікамі супрацоўнічаць? Як матываваць бацькоў да навучання і самаадукацыі? Сем’і вельмі розныя, у кожнай — свае праблемы і цяжкасці, таму немагчыма даць гатовы і адзіна правільны адказ на пытанне пра тое, як узаемадзей­нічаць з сям’ёй і чаму вучыць бацькоў. Важна наладжваць даверлівыя дзелавыя адносіны з бацькамі з улікам іх запатрабаванняў, ступені актыўнасці і ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці, імкнуцца развіваць і навучаць баць­коў, таму што ад іх кампетэнтнасці бу­дзе шмат у чым залежаць і якасць адукацыйнага працэсу.

Работу з бацькамі плануецца арганізаваць на дыягнастычнай аснове, на ўзаемнай зацікаўленасці і даверы. Дыягностыка дасягненняў і цяжкасцей бацькоў, узроўню іх ведаў і вопыту падкажа тэмы семінараў і трэнінгаў, індывідуальных кансультацый і групавых дыскусій. А сістэматызацыя адукацыйных запатрабаванняў бацькоў дапаможа арганізаваць заняткі з імі ў групах пераменнага складу з улікам узросту дзяцей і агульнасці існуючых праблем. Для выяўлення ўзроўню бацькоўскай кампетэнтнасці можна выкарыстоўваць анкетаванне, тэсціраванне, гутаркі, розныя апытанні бацькоў, дыягнастычныя інтэрв’ю, спецыяльныя назіранні за ўзаемадзеяннем бацькоў і дзяцей.

У кастрычніку 2016 года ў новалуком­скай сярэдняй школе № 2 праведзена ўваходная дыягностыка запатрабаванняў і педагагічных цяжкасцей бацькоў. Бацькі аднесліся да гэтага з даверам і цікавасцю. Чырвонай ніткай ва ўсіх анкетах з 1 па 11 клас праходзіць праблема паспяховасці навучання. Бацькі хацелі б больш ве­даць, як дапамагчы дзецям быць паспяховымі ў школе, як разумець і ўлічваць іх узроставыя асаблівасці (7—9 класы), як выра­шаць праблему бацькоў і дзяцей (6—9 класы), як дапамагчы дзецям выб­раць прафесію (8—11 класы) і інш. Ёсць і вельмі індыві­дуальныя запатрабаванні і чаканні. Гэтыя вынікі і ляглі ў аснову планаў школы па навучанні бацькоў і супрацоўніцтве.

У школе магчыма спецыялізацыя педагогаў. Адзін рыхтуе практыкум “Як правільна дапамагчы дзецям пры выкананні дамашніх заданняў”, другі — “Як адрэгуляваць адносіны ў сям’і, якія разла­дзіліся” і інш. Будуць вельмі актуальныя заняткі рэфлексіўнага характару, асабліва па аналізе канкрэтных сітуацый, з якімі бацькі самі разабрацца пакуль не могуць. Гэта прывучыць іх любую сямейную або дзіцячую праблему аналізаваць і асэнсоўваць, выкарыстоў­ваючы асвоеныя ў школе алгарытмы вырашэння праблем, памяткі, складзеныя псіхолагамі і педагогамі, вопыт іншых бацькоў, якія ўжо вырашалі аналагічныя праблемы.

Тэарэтычныя і практычныя заняткі спецыялістаў з бацькамі плануецца арганізаваць па блочна-модульным прынцыпе ў залежнасці ад выяўленых бацькоўскіх праблем і цяжкасцей. Напрыклад, “Школа і здароўе дзяцей”, “Вучоба”, “Шкодныя звычкі і залежнасці”, “Гармонія адносін”, “Праца”, “Вольны час”, “Як дапамагчы дзіцяці знайсці сябе” і інш.

Сёння сваю задачу педагогі гэтых школ бачаць перш за ўсё ў павышэнні матывацыі бацькоў да навучання, у актывізацыі іх патрэб у супрацоўніцтве са школай, у павышэнні іх педагагічнай бацькоўскай культуры, у мінімізацыі негатыву ў сямейных адносінах і максімальным задавальненні адукацыйных запатрабаванняў кожнага, у павышэнні эфектыўнасці супрацоўніцтва і выхавання.

Дзеці растуць, мяняюцца — з’яўляюцца новыя праблемы і ў дзяцей, і ў бацькоў. Ініцыя­тывы бацькоў і набытага ўчора вопыту ўжо недастаткова, бо большасць новых ведаў і прыёмаў выхавання вельмі хутка страч­ваюць сваю актуальнасць. Узнікае неабходнасць у новых ведах, новых навыках, у новай інфармацыі, аб’ёмы якой таксама растуць разам з развіццём педагагічнай навукі. Педагогіка не стаіць на месцы, яна развіваецца. Каб не адстаць ад часу і па-ранейшаму быць паспяховымі, бацькам неабходна пастаянна павышаць сваю кампетэнт­насць, развівацца, самаўдасканальвацца.

Займаю­чыся пастаян­на і настойліва сваёй сама­адукацыяй, педагогі і псіхолагі стымулююць і суправаджаць мэтанакіраваную сама­адукацыю бацькоў. Бацькі, у сваю чаргу, разумеючы важнасць і адчуваючы вялікую неабходнасць і патрэбу ў псіхолага-педагагічнай самаадукацыі, кансультуюцца з псіхолагам і педагогамі, абменьваюцца крыніцамі і вопытам самаадукацыі з іншымі бацькамі і спецыялістамі. Тэма самаадукацыі кожнага з іх, канечне ж, звязана са што­дзённымі дзіцячымі і ўласнымі праблемамі. Сама­адукацыя дапамагае бацькам канкрэтызаваць праблему, факусіраваць сваю ўвагу на галоўных, значных дэталях, пераасэнсоўваць тое, што адбываецца, і дапамагаць дзецям спраўляцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць. Ахопленыя любоўю да сваіх дзяцей, маючы некаторы вопыт самаадукацыі, пры падтрымцы і даверы настаўнікаў бацькі будуць шукаць новыя крыніцы і веды пастаянна і настойліва. Гатоўнасць і здольнасць баць­коў да самаадукацыі, якія праяўляюцца ў незадаволенасці, усведамленні недасканаласці цяперашняга становішча і імкненні да росту педагагічнай культуры і майстэр­ства, і бу­дуць асноўным паказчыкам іх кампетэнт­насці. Карней Чукоўскі пісаў: “Толькі тыя веды трывалыя і каштоўныя, якія вы здабылі самі, падахвочаныя ўласнай заўзятасцю. Усякія веды павінны быць адкрыццём, якое вы зрабілі самі”.

Запрашаем усіх педагогаў краіны да супрацоўніцтва, да разважанняў пра гэтыя ўсеагульныя праблемы, да калектыўнага пошуку іх аптымальных рашэнняў, да абмену думкамі і ідэямі. Прысылайце ў рэдакцыю свае сітуацыі, прапаноўвайце вырашэнне праблемных сітуацый педагагічнага характару, якія назіраюцца ў сям’і, у школе, на вуліцы, у транспарце. Вынік калектыўнага пошуку заў­сёды будзе большы за простую суму асобных рашэнняў.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
метадыст АПА, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.