Сёння на сувязі — аддзел адукацыі спорту і турызму Добрушскага райвыканкама Гомельскай вобласці, а на парадку дня — будні гарачага лета, якімі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Ірына Міхайлаўна ШКАРУБА.
— Ірына Міхайлаўна, лета — час аздараўлення. Школьнікам трэба набрацца сіл. Як адпачываюць вучні Добрушскага раёна?
— Летняя аздараўленчая кампанія стартавала 1 чэрвеня і праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”. 40 аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання розных напрамкаў і профіляў, палатачных лагераў з кругласутачным знаходжаннем, лагераў працы і адпачынку працуюць для 940 школьнікаў. Дзейнічаюць прышкольныя аздараўленчыя пляцоўкі, групы кароткачасовага знаходжання для ўсіх жадаючых. Нашымі ўстановамі былі прадастаўлены практычна ўсе даступныя формы арганізацыі цікавай, карыснай і бяспечнай занятасці дзяцей.
Асаблівая ўвага была ўдзелена стварэнню спрыяльных умоў на перыяд канікул для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне. У здраўніцы Беларусі і за яе межы ў складзе 39 арганізаваных груп выехала і яшчэ будзе накіравана ў летні перыяд для санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення 535 дзяцей. Але канікулы для нашых устаноў — гэта не толькі перыяд масавых адпачынкаў, але і час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года і работы ў асенне-зімовых умовах.
— Як гаворыцца, рыхтуй сані летам. Наколькі ўжо вы падрыхтаваліся?
— Сёння на балансе нашых 43-х устаноў знаходзіцца 221 будынак і 105 збудаванняў. Пачалі ўжо атрымліваць пашпарты гатоўнасці, завяршыць гэтую работу плануем да 20 жніўня. На падрыхтоўку да работы ў ацяпляльны перыяд, правядзенне рэгламентных работ, бягучых і капітальных рамонтаў прадугледжана 1 млрд 887 млн рублёў (188 700 BYN). На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў (у тым ліку для арганізацыі харчавання, дзённага сну, падвозу навучэнцаў, стварэння бяспечных умоў знаходжання падчас арганізацыі адукацыйнага працэсу) ужо затрачана 627 млн 370 тысяч рублёў (62 737 BYN).
Важны фінансавы складнік для ўмацавання і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў — гэта нарошчванне аб’ёмаў пазабюджэтных сродкаў, пашырэнне кантактаў з шэфскімі і спонсарскімі арганізацыямі, атрыманне грантаў па сацыяльных, гуманітарных праектах. Гэта дазволіла нам прыцягнуць больш за 1 млрд 488 млн рублёў (148 800 BYN), што складае 4% ад аб’ёму бюджэтнага фінансавання. Гэтак жа на кантролі знаходзяцца і пытанні забяспечанасці кадрамі (штогод у раён прыходзіць каля 40 маладых педагогаў, іх замацаванне складае 72,3%), падручнікамі і вучэбна-метадычнымі комплексамі (100% і 90% адпаведна) і многія іншыя паказчыкі, якія вызначаюць ступень гатоўнасці ўстаноў.
— Тут жа хачу спытаць пра аптымізацыю навучальных устаноў.
— Працэс аптымізацыі мы пачалі 7 гадоў назад. З 2009 года кантынгент навучэнцаў скараціўся на 658 чалавек. Гэта прывяло да ліквідацыі пяці і рэарганізацыі дванаццаці ўстаноў. Прыняццю рашэння па кожнай установе папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа (вывучэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў населеным пункце; забяспечанасць працоўнымі месцамі бацькоў; перспектыва прытоку насельніцтва; сустрэчы з бацькоўскай грамадскасцю, працоўнымі калектывамі; падрыхтоўка эканамічных разлікаў; пра-працоўка варыянтаў магчымага перапрацаўладкавання работнікаў установы, якая аптымізуецца, арганізацыя падвозу і многае іншае).
У выніку на сённяшні дзень мы маем аптымальную адукацыйную сетку, здольную задавальняць запыты дзяцей і іх законных прадстаўнікоў. Дашкольнай адукацыяй у нас ахоплена 95% дзяцей адпаведнага ўзросту (у сельскай мясцовасці — 91%, у горадзе — 98%). Сярэдняя напаўняльнасць класаў гарадскіх устаноў — 22, сельскіх — 10 чалавек. За гэты перыяд на павышэнне заработнай платы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў было накіравана каля 6 млрд рублёў, атрыманых у першую чаргу за кошт зніжэння выдаткаў па ўтрыманні будынкаў (многія з якіх патрабавалі дадатковых укладанняў для правядзення рамонту).
— Годныя ўмовы для навучання і выхавання — добры старт для поспехаў вучняў. Чым парадавалі навучэнцы Добрушскага раёна ў мінулым навучальным годзе?
— Значнымі ў 2015/2016 навучальным годзе сталі перамогі нашых вучняў у шэрагу рэспубліканскіх конкурсаў, спаборніцтваў. У конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня праект сярэдняй школы № 5 Добруша быў удастоены дыплома III ступені. У конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыi) вучняў у секцыі “Хімія” Вольга Савянок, навучэнка Уцеўскай сярэдняй школы, удастоена дыплома III ступені. Удзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы “Атлет” прынеслі Дзіяне Лагачовай, вучаніцы гімназіі Добруша, 2 месца.
Трое навучэнцаў гэтай жа гімназіі сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (Марыя Мядзведзева па рускай мове і літаратуры, Настасся Несцярэнка па беларускай мове і літаратуры, Настасся Шэвель па англійскай мове). Акрамя таго, Марыя Мядзведзева прывезла дыплом I ступені з алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. 100-бальныя сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання атрымалі 2 выпускнікі гэтага года: Аляксандра Аляксеенка па рускай мове (гімназія Добруша) і Вікторыя Нікіценка па грамадазнаўстве (сярэдняя школа № 3 Добруша).
— Ірына Міхайлаўна, а як ідуць справы з арганізацыяй профільнага навучання?
— Пачынаючы з 2013/2014 навучальнага года ў раёне арганізавана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Гуманітарны, фізіка-матэматычны профілі пераважаюць. Далейшая работа была накіравана на стварэнне мэтазгоднай мадэлі профільнага навучання ў раёне. Праведзена інфармацыйная работа з навучэнцамі і бацькамі, метадычная работа з педагогамі. У Добрушскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі арганізавана работа педагога-прафарыентолага.
У 2015/2016 навучальным годзе ў трох сярэдніх школах і гімназіі былі створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі профільнага навучання. Ахоп навучэнцаў склаў больш за 30%. Павялічылася колькасць вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні. У перыяд летніх канікул функцыянаваў аздараўленчы лагер прафарыентацыйнай накіраванасці. У новым навучальным годзе ў 6 установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыянаваць профільныя класы (групы) з ахопам навучэнцаў 50%, у іх лік увойдуць вучні ўстаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці. У найбліжэйшых планах — адкрыццё педагагічнага класа.
— Не магу не спытаць і пра праблемы. Што хвалюе вас і педагагічную грамадскасць раёна перш за ўсё?
— Наш раён цесна супрацоўнічае з прадстаўнікамі педагагічнай грамадскасці памежных раёнаў Расіі і Украіны. Штогод арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы па розных напрамках дзейнасці, і ў ходзе абмену вопытам заўважаем, што праблемы ў нас вельмі падобныя. У першую чаргу гэта дэмаграфічныя ямы, якія напрамую ўплываюць на перспектыву развіцця. Адукацыйныя стандарты, рэфармаванне сістэмы, унясенне змяненняў у Кодэкс аб адукацыі і іншыя пытанні часта абмяркоўваюцца і належаць да хвалюючых.
У прыватнасці, дашкольнікі актыўна абмяркоўваюць магчымае скасаванне такіх відаў устаноў, як дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці і яслі-сад. Для агульнай сярэдняй адукацыі застаецца актуальным пытанне аб парадку прыёму навучэнцаў на ІІІ ступень агульнай сярэдняй адукацыі (ці ўстановяць прахадны бал?). Асабіста я бачу выйсце ва ўвядзенні выразных крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў адукацыі са зразумелай методыкай іх падліку. Гэта дазволіць кожнай установе, аддзелу ўдасканаліць і наблізіць да аптымальнай сістэму кіравання адукацыйным працэсам і дасягнуць якасных вынікаў па выкананні дзяржаўнага і сацыяльнага заказу.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра БОРДАКА.