З улікам запытаў і здольнасцей навучэнцаў

- 11:17Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Лета — адказная пара для кіраўнікоў сістэмы адукацыі на розных узроўнях. Гэта час падвядзення вынікаў навучальнага года, выпускной кампаніі, час паступлення ў гімназічныя класы і падачы заяў у 1-я, час летняга адпачынку школьнікаў і падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Якімі клопатамі жыве адукацыйная галіна Цэнтральнага раёна Мінска сёння, нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянцін Мікалаевіч КАНАПЛЁЎ.


— Валянцін Мікалаевіч, якія найбольш значныя дасягненні педагогаў і навучэнцаў за апошні час вам хацелася б адзначыць?

— Адным з важных паказчыкаў нашай работы з’яўляецца ўдзел навучэнцаў у прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды вучнямі нашага раёна было заваявана 76 дыпломаў і 25 пахвальных водзываў, а на заключным — 13 дыпломаў і 3 пахвальныя водзывы. На рэспубліканскім конкурсе даследчага характару (канферэнцыі) узнагароджаны дыпломамі 12 навучэнцаў. Летась 45 вучняў і педагогаў былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 17 навучэнцаў атрымалі прэмію Мінгарвыканкама.

Педагогі раёна прымаюць актыўны ўдзел у прафесійных конкурсах, з году ў год атрымліваюць гранты і прэміі Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйных праектаў. Пераможцамі гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” ў 2015 годзе сталі 3 праекты, якія атрымалі грант Мінгарвыканкама, і 3 работы па абагульненні вопыту адзначаны прэміямі.

У мінулым навучальным годзе ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Лідар адукацыі” абсалютным пераможцам конкурсу і ўладальнікам гран-пры стала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 36 Мінска Маргарыта Іосіфаўна Галісенкава.

У гарадскім інтэрнэт-конкурсе “Лепшы сайт установы адукацыі Мінска” мы таксама заваявалі дыпломы: у намінацыі “Лепшы сайт упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі раёна Мінска” (2-е месца), у намінацыі “Лепшы сайт установы дашкольнай адукацыі Мінска” (3-е месца ў сайта ясляў-сада № 447). Абсалютным пераможцам і ўладальнікам гран-пры гэтага конкурсу прызнаны афіцыйны сайт гімназіі № 36, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках паўфінальнага і фінальнага выпрабаванняў.

Упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна ўзнагароджана дыпломамі І ступені, заняўшы 1-е месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе санітарнага стану, добраўпарадкавання і ўтрымання спартыўных збудаванняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска 2015/2016 навучальнага года ў намінацыі “Упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска” і 70-й спартакіядзе сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.

— Як прайшла ўступная кампанія ў 5-я гімназічныя класы?

— У нашым раёне працуе 9 гімназій. З году ў год яны карыстаюцца вялікім попытам у дзяцей і бацькоў пры паступленні ў 5-я класы. Па выніках уступных выпрабаванняў у раёне адкрыта 25 класаў. Самы высокі прахадны бал — 57 — быў сёлета ў гімназіі № 50. Высокі прахадны бал (55) — у гімназіях №№ 16, 24, 29. Сярэдні конкурс на адно месца па раёне — 1,44 (самы вялікі конкурс на адно месца ў гімназіі № 50 — 1,9, гімназіі-каледжы мастацтваў — 1,8).

— Як арганізаваны ў раёне летні адпачынак дзяцей?

— За кошт выкарыстання датацый дзяржаўнага сацыяльнага страхавання плануецца аздаравіць 1801 навучэнца ў загарадных летніках, 705 навучэнцаў у 9-дзённых палатачных лагерах, 1820 навучэнцаў у лагерах з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якіх 219 навучэнцаў сацыяльных катэгорый, 140 навучэнцаў у лагерах працы і адпачынку. Падчас летняй аздараўленчай кампаніі навучэнцы ўстаноў адукацыі адпачываюць у 2 загарадных аздараўленчых летніках “Спадарожнік” ААТ “Мінскрамбуд” і “Зялёны бор” МКСК “Мінск-арэна”.

Упраўленнем адукацыі сумесна з навучальнымі ўстановамі праводзіцца работа па арганізацыі часовага індывідуальнага працаўладкавання навучэнцаў, другаснай занятасці. Так, другаснай занятасцю за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ахоплена 150 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Усімі формамі аздараўлення плануецца ахапіць навучэнцаў, што стаяць на ўліку ў ІСН, дзяцей з сем’яў, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных, апякунскіх сем’ях, сацыяльна-педагагічным цэнтры Цэнтральнага раёна.

— Якія работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі плануецца правесці?

— Асноўнымі мерапрыемствамі па бягучым рамонце з’яўляецца ліквідаванне парушэнняў санітарных норм і правіл, супрацьпажарных правіл і патрабаванняў, выкананне мерапрыемстваў праграмы энергазберажэння і прадпісанняў “Энергазбыту” і “Энерганагляду”.

У 2016 годзе ва ўстановах адукацыі прадугледжаны бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця, даху, санвузлоў, харчаблокаў, альтанак, замена вокнаў, аварыйныя работы, якія ўключаюць у сябе прачыстку каналізацыі, замену асобных участкаў трубаправодаў, ліквідаванне аварыйных сітуацый электразабеспячэння аб’ектаў, падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона. Па капітальным рамонце на 2016 год выдзелена фінансаванне на карэкціроўку праектаў сярэдняй школы № 48, сярэдняй школы № 21, гімназіі № 34, ясляў-сада № 206 з наступным выкананнем будаўніча-мантажных работ. Па праграме энергазберажэння прадугледжана замена энергаэфектыўных свяцільнікаў у гімназіі № 36 Мінска (другі этап). Да новага навучальнага года запланаваны грашовыя сродкі на набыццё гандлёва-тэхналагічнага абсталявання (для забеспячэння кухань і харчаблокаў, пральняў) устаноў адукацыі на суму 2 794,9 тысячы рублёў.

Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі раёна таксама абнаўляецца і ўмацоўваецца за кошт спонсарскіх і пазабюджэтных сродкаў.

— Якія планы па адкрыцці профільных класаў на новы навучальны год?

— У мінулым навучальным годзе ў гімназіях раёна ў асноўным адкрыты профілі філалагічнай і фізіка-матэматычнай накіраванасці, а таксама англійска-матэматычнай. У гімназіі № 3 адкрыты адзін 10 клас з педагагічнай накіраванасцю.

У 2016/2017 навучальным годзе плануецца пашырыць напрамкі профільных класаў (хімію і біялогію ў гімназіі № 50, грамадазнаўства ў гімназіі № 29, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, хімію ў гімназіі № 36). У сярэдняй школе № 32 будуць адкрывацца групы з педагагічнай накіраванасцю.

— Валянцін Мікалаевіч, што вас як кіраўніка хвалюе на сёння больш за ўсё?

— Прыярытэтнымі задачамі работы як упраўлення адукацыі, так і ўстаноў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў новым навучальным годзе лічым стварэнне неабходных умоў для якаснай адукацыі з улікам здольнасцей і запытаў, інтарэсаў і схільнасцей дзяцей; гарантаванне бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі; далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы; узмацненне кантролю за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнага фінансавання.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.