Мужчыны ў адукацыі. Іх не так многа, як хацелася б, але тэндэнцыя росту назіраецца. І гэта радуе, бо ёсць спадзяванне на баланс, які прынясе ў нашу адукацыю больш спакою і ўраўнаважанасці. Для сталічнай школы № 161 мужчыны-педагогі з’яўляюцца звычайнай з’явай. Прынамсі, трое з іх працуюць у адміністрацыі. Дырэктар і два намеснікі як гарант стабільнасці навучальнай установы.
Усе яны розныя, з адметным вопытам і самабытным характарам. Дырэктар Валерый Аляксандравіч Стружко сваю работу пачаў практычна адразу з адміністратарскага крэсла. Пасля кароткага тэрміну выкладання біялогіі стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце тады яшчэ сярэдняй школы № 192 Мінска. Пачынаў, як цяпер успамінае, з яе дырэктарам Надзеяй Аляксееўнай Шпак, якая і разгледзела ў ім кіраўнічыя здольнасці.
Сёння, характарызуючы сябе як кіраўніка, Валерый Аляксандравіч адзначае, што ў яго дзейнасці дамінуе комплексны падыход да вырашэння любога пытання. Ён бярэ пад увагу нават дробязі, бо дакладна ведае, што іншы раз менавіта яны могуць стаць вызначальнымі. На пасадзе дырэктара сярэдняй школы № 161 В.А.Стружко з 2002 года. Акрамя таго, ён уваходзіць у Савет асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі нашай краіны.Сярэдняя школа № 161 Мінска — сучасная агульнаадукацыйная ўстанова з дакладна вызначанымі кірункамі развіцця і традыцыямі. На базе школы працуе некалькі рэсурсных цэнтраў: па выхаваўчай рабоце, па кіраўнічай дзейнасці, па фізічнай культуры. У навучальнай установе паспяхова рэалізуецца праект “Электронная школа”, ёсць класы з профільным навучаннем.
Аляксандра Міхайлавіча Ерахаўца мы памятаем з мінулага конкурсу “Настаўнік года”. Ён быў сярод фіналістаў, і мая калега, наведаўшы яго ўрок гісторыі, была ў поўным захапленні ад педагагічных здольнасцей Аляксандра Міхайлавіча. Цяпер настаўнік гісторыі і нямецкай мовы з’яўляецца яшчэ і намеснікам дырэктара па вучэбнай дзейнасці.
Пакуль наваспечаны намеснік (на гэтай пасадзе ён толькі паўгода) толькі прыглядаецца да сваёй новай сферы дзейнасці (курыруе работу з адоранымі дзецьмі, алімпіядны рух, навукова-практычныя канферэнцыі), але мне здаецца, што ў яго атрымаецца. Харызмы для рэалізацыі сябе ў кіраўнічай сферы ў Аляксандра Міхайлавіча дастаткова.
Пра гэта дырэктар школы, напэўна, ведае даўно, бо А.М.Ерахавец — былы вучань Валерыя Аляксандравіча, выпускнік ужо гімназіі № 192 Мінска. “Аляксандр Міхайлавіч мае дырэктарскія патрабаванні ведае са школьнай парты, — усміхнуўся Валерый Аляксандравіч. — Увогуле, ён выдатны настаўнік, якога дзеці вельмі любяць. Я думаю, што з яго выйдзе добры кіраўнік. Усе патрэбныя якасці і амбіцыі ён мае”.
Яўген Валер’евіч Казубоўскі, настаўнік фізікі, інфарматыкі, намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях, — педагог не ў першым пакаленні. Яго бацька ўзначальвае адну са школ у Нясвіжскім раёне, у школе настаўніцай працуе і маці, таму Яўген Валер’евіч дакладна ведае цану педагагічнай прафесіі.
У сярэдняй школе № 161 Мінска Яўген Валер’евіч займаецца ўкараненнем мадэлі “Электронная школа”, бо, як заўважыў дырэктар, гэты аспект выклікае шмат пытанняў. Ён, як і Аляксандр Міхайлавіч, намеснік малады. Вопыту пакуль не хапае, але гэта справа нажыўная. Было б жаданне. А яно ў Яўгена Валер’евіча ёсць, таму можна спа-дзявацца, што ён стане вельмі кампетэнтным спецыялістам.
“Не багі гаршкі абпальваюць, — заўважае ў канцы нашай размовы дырэктар школы. — Неабходна даваць людзям магчымасць развівацца і раскрываць свой патэнцыял. Я гэта ведаю па сабе, калі дырэктар сярэдняй школы № 192 уручыла мне свой вотум даверу”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.