З вялікім інтэлектуальным патэнцыялам

- 11:32Планёрка ў рэгіёне

Завяршылася трэцяя чвэрць навучальнага года — самая доўгая, складаная і адказная, але, несумненна, насычаная яркімі падзеямі, якія пакінулі незабыўныя ўражанні і эмоцыі ў педагогаў і вучняў. Пра тое, чым жыве сістэма адукацыі горада над Бугам, якім напрамкам работы тут удзяляецца прыярытэтная ўвага, расказвае госць нашай суботняй планёркі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Міхайлавіч НАСКОЎ:

— Я не разглядаю сістэму адукацыі Брэста асобна ад сістэмы адукацыі нашай краіны ў цэлым, таму тыя задачы, якія мы вырашаем, сугучныя з іншымі рэгіёнамі: павышэнне якасці адукацыі, рэалізацыя профільнага навучання, забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і інш.
Існуючая ў горадзе сетка навучальных устаноў задавальняе запыты навучэнцаў і іх бацькоў у атрыманні якаснай адукацыі, забяспечвае даступнасць агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Маніторынг вучэбных дасягненняў навучэнцаў паказвае, што прасочваецца станоўчая дынаміка якасці адукацыі, вучэбны матэрыял поўнасцю засвойваецца на высокім, дастатковым і сярэднім узроўнях большасцю навучэнцаў. На працягу сёлетняга навучальнага года навучэнцы і выхаванцы ўстаноў адукацыі горада прынялі ўдзел у шматлікіх інтэлектуальных спаборніцтвах і творчых конкурсах. Безумоўна, галоўны з іх — рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах. Гаворачы пра нашы поспехі, хачу адзначыць, што на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды прыняло ўдзел каля 80% навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — гэта каля 30 тысяч дзяцей. Заваявана 149 дыпломаў І—ІІІ ступеняў, і гэты паказчык лепшы за мінулагоднія. Ці задавальняюць нас вынікі? Хутчэй не. Працаваць яшчэ ёсць над чым.

— Анатоль Міхайлавіч, заваяваныя дыпломы — гэта сведчанне плённай работы з адоранымі дзецьмі? Якая сістэма склалася ў гэтым напрамку?
— Для падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд і іншых інтэлектуальных спаборніцтваў у Брэсце створана 15 рэсурсных цэнтраў па вучэбных прадметах на базе найбольш паспяховых устаноў адукацыі. Для арганізацыі гэтай работы павялічана (за кошт сродкаў гарадскога бюджэту) колькасць вучэбных гадзін для правядзення заняткаў з адоранымі навучэнцамі. Выбар устаноў быў абумоўлены наяўнасцю добрай вучэбна-матэрыяльнай базы, педагагічных кадраў высокай кваліфікацыі, багатага вучэбна-дыдактычнага матэрыялу і абсталяваных вучэбных кабінетаў. Для работы ў іх прыцягваюцца лепшыя настаўнікі, выкладчыкі ўніверсітэтаў Брэста, метадысты Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Работа з адоранымі дзецьмі (у напрамку іх развіцця і падтрымкі) пачынаецца яшчэ ў дашкольнай установе. Далей яна працягваецца ў пачатковай школе, дзе навучэнцы прыцягваюцца да ўдзелу ў інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах, у тым ліку і арганізаваных Беларускай асацыяцыяй “Конкурс”. У Маскоўскім раёне Брэста штогод праводзіцца раённы інтэлектуальны марафон “Пазнай” сярод навучэнцаў 4-х класаў, раённая даследчая канферэнцыя “Я — даследчык”, раённыя конкурсы мастацкага чытання “Пад белымі крыламі” і “Памяць захоўваюць нашы ўнукі” сярод навучэнцаў 1—11 класаў, на базе гімназіі № 6 Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава — рэгіянальная канферэнцыя навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў “Здароўе школьнікаў”; адкрыты фестываль школьных тэатральных калектываў “Дзве сястры: Беларусь і Расія” і інш. У Ленінскім раёне Брэста гэта конкурсы “Кола гісторыі”, “Літаратурны брэйн-рынг”, “Матэматычны біятлон”, “З картай зорнага неба”, “Імпульс”, “Інтэлектуальны марафон” (алімпіяды па вучэбных прадметах для навучэнцаў 3—4, 5—8 класаў) і інш.
Навучэнцы школ, гімназій, ліцэя прымаюць удзел у такіх конкурсах, як Міжнародная інтэрнэт-алімпіяда па матэматыцы сярод навучэнцаў 9—11 класаў (XXIV адкрытая маскоўская прыродазнаўчанавуковая канферэнцыя школьнікаў “Патэнцыял”, Масква), Міжнародная інтэрнэт-алімпіяда па матэматыцы сярод навучэнцаў 9—11 класаў фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, VII адкрыты камандны чэмпіянат па праграмаванні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска.

— Развіццю інтарэсаў і здольнасцей навучэнцаў спрыяе і профільнае навучанне? Якія асаблівасці мае яго арганізацыя ў горадзе?
— Перш за ўсё адзначу, што ніякіх праблем з адкрыццём профільных класаў не было. Гэтаму садзейнічала і тая сістэма работы, якая склалася ў Брэсце пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года і якая будавалася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі.
У сёлетнім навучальным годзе больш за 40% навучэнцаў 10—11 класаў ахоплена профільным навучаннем. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі створана 27 10-х профільных класаў (у тым ліку ў Ленінскім раёне — 5, у Маскоўскім — 22) і 18 профільных груп у класах (10 і 8 адпаведна). Акрамя таго, для паглыблення і пашырэння ведаў навучэнцаў у асобных прадметных галінах у школах, гімназіях і ліцэі арганізавана работа факультатыўных заняткаў, якія наведвае да 90% навучэнцаў (найбольш запатрабаваны фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны напрамкі). Паспяхова працуюць факультатывы прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічных, ваенных, творчых і іншых спецыяльнасцей у 12 установах адукацыі (у тым ліку ў сярэдняй школе № 30 педагагічны клас). Акрамя таго, у школах працуе 21 спартыўны клас.

— Якое месца займае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе ІКТ?
— Шырокія магчымасці па выкарыстанні вучэбнага матэрыялу ў самастойнай рабоце, у самаадукацыі навучэнцам і педагогам прапаноўвае нацыянальны сегмент сеткі інтэрнэт. Сёння ўсе школы Брэста падключаны да шырокапалосага (высакаскораснага) інтэрнэту па тэхналогіі АDSL. Сумесна з РУВП “Брэстаблтэлекам” пачата работа па іх перападключэнні да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі Ipon. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваецца дастаткова вялікі парк камп’ютарнай тэхнікі, аб’яднанай у лакальныя камп’ютарныя сеткі, — усяго 1376 камп’ютараў для вучэбнай дзейнасці (2,6 класа на ўстанову адукацыі), 353 камп’ютары для кіраўніцкай дзейнасці. Сацыяльны стандарт па аснашчанасці камп’ютарнай тэхнікай выконваецца з разліку 1 камп’ютар на 14,6 навучэнца пры ўстаноўленым нарматыве 1 на 30. Усе камп’ютарныя класы, якія пастаўляюцца ва ўстановы адукацыі, суправаджаюцца электроннымі сродкамі навучання. У адукацыйным працэсе актывізавалася выкарыстанне іншых лічбавых прылад (мультымедыйных комплексаў, інтэрактыўных дошак, мультыбордаў і інш.).
Працягваецца работа па сертыфікацыі педагагічных кадраў на валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі. З 2015/2016 навучальнага года 6 устаноў адукацыі ўдзельнічаюць у эксперыменце па апрабацыі сістэмы “Электронны дзённік”.

— Анатоль Міхайлавіч, якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сістэмы адукацыі рэгіёна на сённяшні дзень?
— Сёння мяне ў большай ступені хвалююць праблемы, звязаныя з забеспячэннем даступнасці дашкольнай адукацыі. На жаль, нам не ўдаецца пакуль дасягнуць станоўчай дынамікі ў вырашэнні гэтага пытання.

— Якія новыя праекты мяркуеце рэалізаваць у найбліжэйшы час?
— У найбліжэйшай будучыні плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю новабудоўлі, вучэбна-педагагічнага комплексу “яслі-сад — пачатковая школа” на 471 месца ў мікрараёне Паўднёвы; пачатак будаўніцтва 4 дзіцячага дома сямейнага тыпу; абмеркаванне і прыцягненне ўстаноў адукацыі да рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва; правядзенне ў маі сумесна з гарадскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі першага гарадскога форуму маладых настаўнікаў.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.