«З выбарам УВА не раздумвала ні мінуты»: пра шлях у педагогіку расказвае Карына Пяткевіч

- 9:00Главная, Образование

Толькі бэйдж з імем, які носіць маладая настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Стоўбцаў Карына Пяткевіч, выдае, што перад намі — педагог. Калі б не гэта, то можна было б падумаць, што яна — навучэнка старшых класаў, якой вельмі пасуе быць настаўніцай! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 У тым, што хоча выкла­даць дзецям, Карына Пяткевіч упэўнілася, калі вучылася ў 10 класе. Падчас дзён самакіравання, якія праводзіліся ў школе, дзяўчына выступала ў ролі педагога і выкладала ўрокі ў другіх школьнікаў. Спачатку падавалася, што гэта проста гульня, але пазней навучэнка дала такой дзейнасці іншае вызначэнне.

“Калі праводзіла ўрокі ў навучэнцаў, якія меншыя за мяне па ўзросце, было цікава назіраць за тым, як яны слухаюць, — прыгадвае сябе ў школьныя гады маладая настаўніца. — Тады я зразумела, што гэта не гульня ў настаў­ніцтва, а маё прызванне”.

Вызначыцца з тым, на якую спецыяльнасць паступаць, будучай настаўніцы ўдалося вельмі хутка. Нягледзячы на тое, што па ўсіх прадметах у школе ў Карыны Пяткевіч былі высокія адзнакі, больш за ўсё яна любіла дакладныя навукі.

“Падчас дзён самакіравання мне часцей за астатніх давяралі ролю настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі, — дадае К.Пяткевіч. — Да гэтых прадметаў у мяне заўсёды была асаблівая любоў. Тлумачыць тэмы па гэтых дысцыплінах іншым дзецям было вельмі проста”.

Важную ролю ў сваім станаў­ленні як педагога Карына Пяткевіч адводзіць сваёй выкладчыцы матэматыкі Людміле Прохараўне Вярбіцкай. Цікавыя прыёмы ў выкладанні, уласны стыль падачы інфармацыі, уменне проста і даступна тлумачыць кожную тэму, якой бы складанай яна ні была, вельмі матывавалі будучую настаўніцу. Як вынік, Карына Пяткевіч скончыла школу з залатым медалём і падала дакументы ў БДПУ.

“З выбарам УВА не раздумвала ні мінуты, — працягвае настаўніца. — Для мяне БДПУ — гэта тая ўстанова, якая рыхтуе высакакласныя педагагічная кадры. Мне хацелася адпавядаць узроўню сваіх школьных настаўнікаў, і я ведала, што толькі ў вядучым педагагічным універсітэце краіны атрымаю тыя кампетэнцыі і ўменні, якія будуць вызначаць і характарыза­ваць мяне як прафесіянала. Паколькі школу скончыла з залатым медалём, то паступіла на выбраную спецыяльнасць без экзаменаў”.

Дзе будзе працаваць пасля атрымання вышэйшай адукацыі, дзяўчына таксама не сумнявалася: дакладна ведала, што хоча вярнуцца на сваю радзіму і выкладаць у той жа школе, дзе вучылася сама. Успамінаючы, як яе, сваю былую навучэнку, сустрэлі ўчора яшчэ настаўнікі, а сёння ўжо калегі, К.Пяткевіч адзначае, што такой падтрымкі даўно не адчувала.

“Побач са мной заўсёды былі педагогі, якія падказвалі, дапамагалі, накіроўвалі, — расказвае пра першыя крокі ў прафесіі Карына Сяргееўна. — Няважна, які прадмет яны выкладаюць: калі бачылі, што мне патрэбна падказка, заўсёды прыходзілі на дапамогу, расказвалі пра структуру ўрокаў, пра ўніверсальныя прыёмы, якія можна выкарыстоўваць у выкладанні любога прадмета. Дарэчы, цяжкасці ў першыя месяцы работы ў мяне ўзнікалі менавіта з падрыхтоўкай і правядзеннем урокаў. Падчас вучобы ў БДПУ вывучала многа тэорыі, было шмат практыкі, але, калі працуеш у школе, усё ўспрымаецца па-іншаму”.

К.Пяткевіч праводзіць урокі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Педагог гаворыць, што тое, якімі па насычанасці будуць наступныя заняткі, у многім залежыць менавіта ад яе самой, ад яе прадметнай пад­рыхтоўкі. Таму да іх Карына Сяргееўна ставіцца і рыхтуецца вельмі сур’ёзна і скурпулёзна.

Не так даўно Карына Пяткевіч скончыла магістратуру па спе­цыяльнасці “Адукацыйная робата­тэхніка”. Дзякуючы набытым кампетэнцыям, яна пачала прымяняць адпаведную тэхналогію нават падчас урокаў матэматыкі, што робіць іх яшчэ больш цікавымі і матывуючымі.

“Пры дапамозе названай тэхнікі мы рашаем задачы рознага ўзроўню, — расказвае настаўніца. — Я стараюся прымяняць на сваіх занятках як мага больш інтэрактыўных метадаў, каб дзецям было цікава выконваць практыкаванні”.

У першыя месяцы работы Карыну Пяткевіч хвалявалі не толькі ўрокі. Маладую настаўніцу турбавала, як яе успрымуць старэйшыя навучэнцы. Калі з вучнямі 5—7 класаў было камфортна і проста, то ў 10—11 класе давялося паказваць і прафесіяналізм, і аўтарытэтнасць на найвышэйшым узроўні.

“Сярод навучэнцаў 5—8 класаў заваёўваць аўтарытэт не трэба было, — прызнаецца Карына Сяргееўна. — Нягледзячы на малады ўзрост, яны прынялі мяне як звычайнага педагога, уважліва слухалі. А тыя, хто вучыцца ў 9—11 класах, бачылі, што ў нас з імі не вельмі вялікая розніца ва ўзросце, таму спачатку ўспрымалі як равесніцу і сяброўку. Але я прытрымлівалася субардынацыі паміж настаўнікам і вучнем, і з цягам часу гэтая праблема перастала існаваць”.

Сёння Карыну Сяргееўну лю­бяць усе вучні і прыходзяць да яе па параду. А яшчэ старанна рыхтуюцца да матэматыкі і інфарматыкі: у маладой і прыгожай настаўніцы хочацца атрымліваць толькі добрыя адзнакі.

Як для класнага кіраўніка Карыне Сяргееўне было важна наладзіць адносіны з бацькамі. Педагог разумела, што павінна з імі стаць адной камандай, якую аб’ядноўвае адна мэта — зрабіць школьнікаў адукаванымі.

“Мне даводзілася часта сустракацца з людзьмі, якія намнога старэйшыя, і спачатку было не­зразумела, як яны ўспрымуць мяне, — успамінае педагог. — Але ўсё аказалася не так страшна, бацькі ставіліся з разуменнем і заўсёды рэагавалі на мае просьбы”.

Некалькі тыдняў назад Карына Пяткевіч вярнулася ў Стоўбцы пасля ўдзелу ў Сусветным фестывалі моладзі, які праходзіў у Сочы.

“Было ганарова і вельмі цікава стаць удзельніцай такога маштабнага форуму”, — дзеліцца К.Пяткевіч.

Як настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі Карыне Сяргееўне было цікава паглядзець на работу пляцоўкі са штучным інтэлектам.

“Праз інтэрактыўную праграму можна было паразмаўляць з класікамі рускай літаратуры, даведацца больш пра работу штучнай сістэмы, — дадае педагог. — Але самая галоўная магчымасць, якую падарыў фестываль, — новыя знаёмствы. Многія ўдзельнікі абменьваліся кантактамі, каб у далейшым можна было падтрымлі­ваць сувязь і абмеркаваць сумесныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі іншых краін. Фестываль даў магчымасць пазнаёміцца і з нашай моладдзю. У складзе дэлегацыі ад нашай краіны было многа педагогаў. Мы размаўлялі, дзяліліся меркаваннем аб прафесіі, таксама абмяняліся кантактамі для далейшага супрацоўніцтва. Я ўпэўнена, што для таго, каб расці ў прафесіі, нельга спыняцца на дасягнутым, трэба пашыраць гарызонты”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА