З закрытай установы — у адкрытае жыццё

- 11:00Нашы дзеці

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” — справа агульная і разлічана на ўсіх дзяцей і падлеткаў, якія аказаліся ў складанай сітуацыі. У тым ліку на выхаванцаў навучальных устаноў закрытага тыпу. 12 юнакаў з Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі атрымалі магчымасць наведаць храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, што ў Мінску.

Хлопцы, малодшым з якіх споўнілася 16, змаглі стаць удзельнікамі паездкі дзякуючы сваім вучэбным і іншым поспехам. Таксама ў сталіцу прыехалі дзеці-сіроты з ліку выхаванцаў вучылішча. У гэтай установе яны атрымліваюць спецыяльнасці станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, сталяра, плітачніка-абліцоўшчыка, тынкоўшчыка і муляра. 

— Мы запрасілі падлеткаў у Мінск пагля­дзець навагодняе ўбранне, наведаць гісторыка-культурныя аб’екты, — расказаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. — Напэўна, у пераднавагоднія, калядныя святы важна не проста ўручыць падарункі, але і перадаць часцінку сваёй душы, сардэчнай цеплыні ўсім дзецям, якія асабліва маюць у гэтым патрэбу. Бяда гэтых хлопцаў не ў тым, што яны здзейснілі нейкія супрацьпраўныя дзеянні, а ў тым, што дзесьці яны трапілі не пад той ўплыў або аднагодкаў, або дарослых, мы дзесьці недагледзелі і г.д. Вядома ж, мы ў адказе за тых дзяцей, якія апынуліся ў такіх складаных жыццёвых сітуацыях. І наша задача — зрабіць усё, каб яны выраслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, выйшлі ў самастойнае жыццё, атрымалі прафесійныя веды, маглі ў перспектыве стварыць сем’і і працаваць на карысць Рэспублікі Беларусь. У нас ёсць, дарэчы, выхаванцы спецустаноў закрытага тыпу, якія паступалі ў педагагічныя УВА, выбраўшы педагагічную прафесію як аснову сваёй будучай дзейнасці.

Спачатку гасцей з Магілёва чакала экскурсія па храме, сустрэча з настаяцелем протаіерэем Фёдарам Поўным. Экскурсія, між іншым, атрымалася незвычайнай — адзін з хлопцаў у крыпце храма-помніка ўбачыў імя сваёй сястры ў спісе тых, хто загінуў у трагедыі на Нямізе ў 1999 го­дзе. Сястру, якая загінула ў 13 гадоў, ён, канечне, ніколі не бачыў, але цяпер ведае, што памяць пра яе захоўвае не толькі ён і яго блізкія.

У трапезнай адбылося  чаяванне з удзелам  настаяцеля храма протаіерэя Фёдара Поўнага і міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі. Былі і размовы, і прысмакі, і падарункі.

— Я за кубкам чаю растлумачыў хлопцам: “У вас у жыцці былі складаныя перыяды, вы атрымалі няпростую спадчыну, але гэта для вас аказалася дабром, таму што сёння ўвага дзяржавы, Міністэрства адукацыі да вас — гэта ўнікальная магчымасць стаць Людзьмі з вялікай літары. Зараз вам вельмі важна атрымаць правільныя арыенціры на будучыню”, — заўважыў настаяцель храма-помніка. — Павінен быць клопат пра кожную чалавечую душу, пра кожную асобу. Не факт, што калі сёння малады чалавек патрабуе асаблівай увагі, то з яго не вырасце станоўчая асоба, магчыма, зусім наадварот.

Таксама протаіерэй Фёдар Поўны выказаў надзею, што падобны вопыт супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі не апошні. “Ніхто не збіраецца агітаваць за веру, проста ў гэтым храме мы адчуваем крываток нашай гісторыі”, — сказаў ён.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.