З заслужаным аўтарытэтам

- 10:23Людзі адукацыі

Алеся Мікалаеўна Зяневіч — педагог-майстар. Школе аддала ўжо больш за 20 гадоў, якія ёй прынеслі шмат перамог. Галоўная з іх — любоў вучняў. І, шчыра кажучы, такую настаўніцу проста нельга не любіць.

У сярэдняй школе № 43 Мінска яна працуе з 1998 года. Алеся Мікалаеўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а з 2012 года яшчэ і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Адметнай рысай яе педагагічнай дзейнасці з’яўляецца штодзённы даследчы пошук. На ўроках беларускай мовы і літаратуры Алеся Мікалаеўна шырока выкарыстоўвае сучасныя методыкі выкладання, інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі, накіраваныя на актывізацыю пазнавальнай, творчай і даследчай дзейнасці навучэнцаў, фарміраванне сучасных кампетэнцый.
Вучні настаўніцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі інтэлектуальных і творчых спаборніцтваў. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванай рабоце Алеся Мікалаеўна дасягнула значных поспехаў. За апошнія пяць гадоў яе навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў.Вялікую ўвагу Алеся Мікалаеўна ўдзяляе выхаванню ў вучняў пачуцця гонару за нашу краіну, любові да нацыянальнай культуры і мовы. Яна — ініцыятар стварэння ў школе тэатра “Батлейка”, актыўны арганізатар сустрэч з дзеячамі беларускай культуры, адзін з выдаўцоў школьнай газеты на беларускай мове “Музыка”.
Алеся Мікалаеўна Зяневіч актыўна дзеліцца педагагічным вопытам. На працягу пяці гадоў яна праводзіць заняткі па павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, актыўна ўдзельнічае ў правядзенні Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў, праводзіць майстар-класы на выязных семінарах клуба настаўнікаў Мінска “Вялікі перапынак”.
На працягу апошніх пяці гадоў Алеся Мікалаеўна ўваходзіць у склад журы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, рыхтуе зборную навучэнцаў Мінска да заключнага этапу гэтай алімпіяды.
У мінулым навучальным годзе Алеся Мікалаеўна была ўключана ў склад працоўных груп для правядзення экспертызы электронных адукацыйных рэсурсаў па беларускай літаратуры, падрыхтаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі, а таксама ў склад часовага навуковага калектыву “Літаратура”, створанага ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, для выканання задання па распрацоўцы вучэбнай праграмы па прадмеце “Беларуская літаратура”.
Алеся Мікалаеўна — пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2010” у намінацыі “Настаўнік”, конкурсу прафесійнага майстэрства “Мінскі майстар — 2010”, уладальніца прэміі Мінгарвыканкама, гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйнага праекта, ганаровага звання “Мінчанін года” (2010). Узнагароджана Ганаровай граматай Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі за якасную падрыхтоўку вучняў да гарадскіх літаратурна-даследчых конкурсаў.
І вось зноў прэмія Мінгарвыканкама “За фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай літаратуры праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання”.
Гэты вопыт прысвечаны праблеме фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі на вучэбных занятках па беларускай літаратуры. У ім настаўніца раскрыла сутнасць паняцця “камунікатыўная кампетэнцыя”, яе складнікі ў кантэксце навучання беларускай літаратуры і прапанавала вырашэнне праблемы праз сістэматычнае выкарыстанне пэўных інтэрактыўных метадаў навучання.
Алеся Мікалаеўна прапаноўвае рэкамендацыі па выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучання на розных этапах вучэбных заняткаў па беларускай літаратуры. Апісаны алгарытмы дзейнасці, адзначаны ўзроставыя асаблівасці выбару метадаў, прыведзены канкрэтныя прыклады выкарыстання інтэрактыўных метадаў. Вопыт будзе карысны для настаўнікаў прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла пры арганізацыі работы, накіраванай на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.
І трэба адзначыць, што Алеся Мікалаеўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег, вучняў і іх бацькоў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.