За творчымі кампетэнцыямі — у BSPU HALL

- 15:21Актуально, Апошнія запісы

Настаўнік — прафесія творчая. А калі магчымасць для рэалізацыі творчага патэнцыялу прадастаўляецца яшчэ падчас навучання ў педагагічным універсітэце, то пэўныя творчыя здольнасці могуць стаць прафесійнымі навыкамі. 12 лістапада ў БДПУ імя Максіма Танка адбылося адкрыццё сучаснай арт-прасторы BSPU HALL — пляцоўкі для рэалізацыі творчых талентаў студэнтаў. У адкрыцці творчага аб’екта прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Кіраўнік галіновага ведамства падкрэсліў, што для педагога творчасць з’яўляецца важным складнікам прафесіяналізму і асобаснага росту. “Прафесія педагога павінна быць творчай, і не толькі падчас вучэбнага, але і выхаваўчага працэсу. Уменне трымацца перад аўдыторыяй, узаемадзейнічаць з ёй, трымаць яе ўвагу  — тыя навыкі, што неабходны кожнаму настаўніку. Вядома, што людзі, якія прайшлі праз творчыя калектывы (тэатральныя, музычныя, харавыя) — больш падрыхтаваныя ў гэтым плане. Акрамя таго, сваю творчасць яны прыў­нясуць у дзіцячыя калектывы. Школьнікаў педагог найперш цікавіць як асоба: чаго ён дасягнуў і што можа ім даць, акрамя ведаў па сваім прадмеце. Сістэма работы са студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта выбудавана так, што са­дзейнічае фарміраванню шырокай прафесійнай культуры будучага настаўніка”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Па словах міністра адукацыі, у BSPU HALL створаны ўсе ўмовы для заняткаў творчых студэнцкіх калектываў. “Студэнты ў вольны ад вучобы час будуць мець магчымасць удасканальваць свае творчыя здольнасці”, — адзначыў ён. BSPU HALL складаецца з прасторнай актавай залы са сцэнай для выступленняў і рэпетыцый, грымёрных пакояў і гуказапісной студыі.

Як адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, памяшканне, дзе размешчана арт-прастора, каля 15 гадоў не выкарыстоўвалася, таму рамонт быў маштабным. “Мы правялі капітальны рамонт вельмі хутка, практычна на працягу паўгода. І сёння тут ёсць прасторная зала на 150 пасадачных месцаў, выбудаваная амфітэатрам. Яе ўпрыгожылі тры­пціхам “Студэнцкі тэатр” вядомага мастака Андрэя Смаляка. Ёсць выдатная вялікая сцэна, пакоі для рэпетыцый, грымёрныя з адпаведнымі ўмовамі для нашых студэнтаў і тых, хто будзе тут выступаць”, — расказаў рэктар.

У БДПУ ўсе студэнты вельмі актыўныя. Аляксандр Жук паведаміў, што ва ўніверсітэце функцыянуе каля 100 клубных аб’яднанняў,  у якіх займаюцца прыкладна 1800 студэнтаў. Шэсць універсітэцкіх калектываў носяць званне народных: чатыры танцавальна-харэаграфічна-музычныя і два студэнцкія тэатры — “Мы” і “Жывое слова”. Зразумела, што для такой вялікай колькасці творчых студэнтаў неабходны адпаведныя ўмовы.

“У арт-прасторы будзе працаваць студыя гуказапісу, для якой плануецца закупіць абсталяванне. Словам, робім усё для таго, каб нашы студэнты не толькі маглі ўдасканальвацца як выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і вучыліся працаваць з сучаснымі “лічбавымі” дзецьмі, як мы гаворым. Сёння, на жаль, інтэрнэт не заўсёды дае магчымасць фарміраваць камунікатыўныя якасці дзяцей, таму настаўнік, які ўмее спяваць, танцаваць, іграць на гітары, арганізоў­ваць творчую работу з дзецьмі, бу­дзе адказваць усім патрабаванням да сучаснага педагога”, —  лічыць Аляксандр Жук.

Паралельна з адкрыццём арт-прасторы адбылося адкрыццё кафэ BSPU CAFE.  Як заўважыў міністр, яно таксама павінна быць шматфункцыянальным, у тым ліку служыць месцам правядзення студэнцкіх мерапрыемстваў. Кафэ разлічана на 108 абедзенных месцаў з VIP-залай на 15 месцаў. Ва ўтульным кафэ студэнты могуць не толькі паабе­даць, але і весела правесці вольны час, адзначыць святы.


У новым кафэ была арганізавана сустрэча міністра адукацыі і прадстаўнікоў студэнцкага актыву БДПУ імя Максіма Танка. Размова адбылася ў фармаце адкрытага мікрафона.

У сваім прывітальным слове міністр адзначыў, што яму заўсёды прыемна наведваць сваю альма-матар і весці канструктыўны дыя­лог з прадстаўнікамі маладзёжных аб’яднанняў, якія з’яўляюцца рухаючай сілай студэнцкага руху ва ўніверсітэце. “Вашы разумныя, сацыяльна значныя ініцыятывы заўсёды будуць падтрымлівацца. А без студэнцкага самакіравання сёння немагчыма гаварыць пра ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, пра яго змены і ўкараненне новых форм работы. Студэнты ўвахо­дзяць у склад саветаў факультэтаў і ўніверсітэта, што дазваляе будаваць канструктыўны, сістэмны дыя­лог. Прынамсі, у педуніверсітэце ён наладжаны.

Акрамя таго, для студэнта педагагічнага ўніверсітэта важна не толькі набыць прадметныя веды, але і развівацца як у творчым, так і ў асобасным плане. Наяўнасць творчых кампетэнцый дапамагае быць больш мабільным пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Мяркую, што новая арт-прастора бу­дзе толькі спрыяць вашаму творчаму росту”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Далей пачалася нефармальная размова. Спектр студэнцкіх пытанняў быў вельмі шырокім — пачынаючы ад зместу работы міністра і яго стаўлення да публічнасці і заканчваючы тэндэнцыямі развіцця вышэйшай школы ў краіне і свеце.

Гаворачы пра тэндэнцыі развіцця адукацыі ў свеце, міністр адзначыў, што мяняецца ўся парадыгма адукацыі. “Пры аналізе тэндэнцый універсітэцкай адукацыі важна мець на ўвазе, што сёння адукацыя мае шматвектарны характар. Увесь час з’яўляюцца новыя веды, на першы план выходзіць практыкаарыентаванасць. І тут жа ўзнікае пытанне: як не страціць акадэмічнасць вышэйшай адукацыі? Акрамя таго, адукацыйныя сістэмы розных краін свету развіваюцца праз узаемаўплыў.

Магчымасці вучыцца за межамі краін пашыраюцца. І беларуская вышэйшая адукацыя становіцца прывабнай для студэнтаў-замежнікаў. У нас вучацца студэнты са 107 краін свету (каля 26 000 чалавек). За апошнія 2 гады коль­касць студэнтаў з Кітая павялічылася ў 4 разы. Асаблівую цікавасць сярод кітайскіх студэнтаў выклікаюць спецыяльнасці культуралагічнага і творчага напрамкаў.

Пра якасць нашай вышэйшай адукацыі яскрава сведчаць шматлікія рэйтынгі, у якіх беларускія ўніверсітэты трымаюць даволі высокія пазіцыі. Калі гаварыць пра педагагічную адукацыю, то і тут мы дасягнулі поспехаў. Бесперапынная падрыхтоўка педагагічных кадраў, створаная ў БДПУ імя Максіма Танка, выклікае прафесійную цікавасць з боку краін-суседак, напрыклад  Расіі”, — паведаміў міністр.

Як вядома, на базе БДПУ імя Максіма Танка створаны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар педагагічнай адукацыі. Не першы год лепшымі студэнтамі становяцца выпускнікі педагагічных класаў. І развіццю гэтага профільнага на­прамку ў школах універсітэт удзяляе вялікае значэнне. Ахоп педкласамі з году ў год павялічваецца. У бягучым навучальным годзе ў агульнаадукацыйных установах краіны дзейнічаюць 483 педагагічныя класы і групы. Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці ў самім універсітэце накіравана на ўмацаванне практычнага складніка педагагічнай падрыхтоўкі.

Ва ўніверсітэце імкнуцца стварыць умовы для максімальнага раскрыцця патэнцыялу асобы будучага педагога ў перыяд яго прафесійнага навучання, для чаго робяць акцэнт на адукацыі для ўстойлівага развіцця, на гатоўнасці педагога працаваць у лічбавай адукацыйнай прасторы (фарміраванне медыякультуры), рэалізацыі прынцыпу інклюзіі, сістэме дадатковай адукацыі дарослых.

Каменціруючы пытанне пра магчымасці ўвядзення ўрокаў музыкі ў старшых класах, Ігар Карпенка адзначыў, што музычны напрамак у нашых школах рэалізуецца за кошт пазаўрочнай дзейнасці. Многія навучальныя ўстановы захавалі традыцыі музычнага выхавання, шмат дзе функцыянуюць музычныя калектывы, прычым прафесійнага ўзроўню. Акрамя таго, у краіне дзейнічае шырокая сетка ўстаноў дадатковай адукацыі, дзе таксама актыўна развіваецца музычнае (і не толькі) выхаванне. Усё гэта дае магчымасць вывучаць музычную грамату і развіваць свае здольнасці ўсім жадаючым.

Па-ранейшаму хвалюючымі ў студэнцкім асяроддзі з’яўляюцца змены ў выплаце стыпендый, якія прадугледжваюць спыненне іх выплаты тым, хто дапусціў больш за 10 гадзін пропускаў вучэбных заняткаў без уважлівых прычын на працягу месяца, які папярэднічае месяцу выплаты стыпендыі. Міністр яшчэ раз падкрэсліў, што змены не носяць часовага характару і накіраваны на фарміраванне больш высокай матывацыі да навучання. Навучанне — гэта асноўная дзейнасць студэнта. І добрым спецыялістам без трывалых ведаў ста ць немагчыма.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.