Захапленне мадэляваннем

- 15:26Навіны рэгіёнаў, Рознае
На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні ў складзе раённай каманды прынялі ўдзел і навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 3 Лепеля Аляксей Кудзінаў і Яўген Саўчанка, якія сталі ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені.

Адзін з этапаў алімпіяды — абарона творчага праекта. Падчас падрыхтоўкі праекта Аляксей Кудзінаў вывучыў тэхнічныя і дынамічныя характарыстыкі аўтакара і зрабіў мадэль-копію гоначнага аўтамабіля, а Яўген Саўчанка азнаёміўся з гісторыяй Мінскага завода колавых цягачоў і зрабіў мадэль седлавога цягача з паўпрычэпам. Усе дэталі, механізмы, электрычныя схемы прадстаўленых мадэлей зроблены юнакамі з адходаў драўніны, металу і пластыку, што гаворыць пра іх тэхналагічнасць і эканамічнасць. А эстэтычны выгляд дазваляе выкарыстоўваць мадэлі і ў якасці ўпрыгажэння інтэр’ера.
Да гэтай перамогі яны ішлі доўга і ўпарта. З 5 класа пачалі займацца тэхнічным мадэляваннем у гуртку пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання вышэйшай катэгорыі Аляксандра Віктаравіча Багдзеева. Пачыналі з элементарных мадэлей, каб атрымаць навыкі пачатковага мадэлявання. Потым сталі вырабляць радыёкіруемыя мадэлі па чарцяжах (напрыклад, мадэль БелАЗа і мадэль трактара МТЗ), з якімі неаднаразова прымалі ўдзел у алімпіядным руху па тэме “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і займалі прызавыя месцы.
Тэхнічная творчасць адкрывае перад школьнікамі вялікія магчымасці ў пазнанні і адкрыцці новага, самарэалізацыі і развіцці здольнасцей. У лютым 2013 года Яўген Саўчанка стаў пераможцам ХVнавукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў у рамках навукова-тэхнічнага таварыства навучэнцаў “Квант” у секцыі “Тэхнічнае мадэляванне і канструяванне”, узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У сакавіку 2013 года ён прыняў удзел у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Тэхна-інтэлект”.
Заняткі ў гуртку для юнакоў — гэта не толькі цікавае хобі, але і магчымасць на практыцы выкарыстоўваць атрыманыя ў школе веды. Тым больш, што гэтыя веды спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Аляксей і Яўген рыхтуюцца да паступлення ў БНТУ на аўтатрактарны факультэт.

Раіса ІВАНКІЎ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Лепеля Віцебскай вобласці.