Захапленне на ўсё жыццё

- 10:51Навіны рэгіёнаў

Педагагічная дзейнасць Алега Пятровіча Князскага пачалася яшчэ ў арміі, калі ён стаў інструктарам роты практычнага навучання. Перад 19-гадовым юнаком была няпростая задача: навучыць ваеннаму рамяству такіх жа маладых людзей, як сам. Пасля службы ў арміі ён атрымаў дыплом інжынера машынабудавання. Здавалася б, нічога агульнага з педагогікай. Але самае цікавае пачалося тады, калі будучы педагог выпадкова купіў шасціструнную гітару. м па класе баяна, атрыманая падчас вучобы ў школе, дапамагла самастойна асвоіць інструмент і пачаць пісаць уласныя песні. З таго часу музыка стала неад’емнай часткай жыцця Алега Пятровіча.

Праз некаторы час пачынаючы аўтар-выканаўца ўзначаліў гарадскі клуб аўтарскай песні “На нейтральнай паласе” ў Горлаўцы Данецкай вобласці Украіны. За 16 гадоў існавання клуба Алег Пятровіч арганізаваў 11 фестываляў бардаўскай песні. Ён прыцягваў да заняткаў музыкай моладзь і даваў ёй магчымасць творча развівацца. А любоў да песні падштурхнула да стварэння ўласнай групы.

— Разам з групай ездзіў на гастролі, запісаў студыйны і канцэртны альбомы, — успамінае педагог. — Неўзабаве нашы песні сталі часта гучаць на рэгіянальных FM-радыёстанцыях. Аднойчы пасля выступлення да мяне падышла жанчына і папрасіла навучыць яе сына іграць на гітары. Ён і стаў маім першым вучнем. Я вучыў яго іграць на гітары, а сам вучыўся выкладаць, імкнуўся раскрыць творчыя здольнасці хлопца і ўсебакова іх развіваць. Тады і распрацаваў методыку навучання, якой карыстаюся на працягу 20 гадоў.

За час выкладчыцкай дзейнасці Алег Пятровіч перадаў свае веды не аднаму пакаленню вучняў. І хаця сёння яны жывуць у розных краінах, са многімі зносіны не перапыняюцца і цяпер.

— У некаторых ужо ёсць свае дзеці, але яны да сённяшняга часу памятаюць нашы заняткі, — гаворыць А.П.Князскі. — Бывае, пішуць: “Добры дзень, Алег Пятровіч! Памятаеце, мы з вамі песню развучвалі? Я, нарэшце, яе вывучыў і цяпер спяваю разам са сваімі дзецьмі!” Гэта вельмі кранае. Усведамляеш, што любоў да песні дапамагла камусьці выбраць правільны шлях у жыцці.

З 2014 года сям’я Алега Пятровіча жыве ў Беларусі. Жонка працуе педагогам у сярэдняй школе, а ён узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Турыстычна-бардаўская песня” ў Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. Заняткі А.П.Князскага наведваюць дзеці ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў.

— Гэта не проста хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыйшлі навучыцца выконваць песні пад гітару, а сапраўдны згуртаваны калектыў, маленькая сям’я, — заўважае Алег Пятровіч.

Навучанне юных бардаў пабудавана такім чынам, што адна палова вучэбных гадзін адведзена на адпрацоўку навыкаў ігры на гітары, а другая — на турызм і фізічныя нагрузкі. Частыя паходы, велапрагулкі, экскурсіі па славутых мясцінах Беларусі, сумесныя прагляды кінафільмаў, гульнявыя квесты і спартыўныя заняткі на прыродзе з’яўляюцца важнымі складнікамі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Так, падчас аднаго з паходаў педагог з дзецьмі папярэдзілі пажар у лесе, своечасова выклікаўшы супрацоўнікаў МНС. Акрамя таго, вясной у выхаванцаў Алега Пятровіча з’явіцца ўласная алея з маленькіх дрэўцаў, вырашчаных у дамашніх умовах.

Нестандартны падыход да навучання дапамагае далучыць дзяцей да творчай дзейнасці. Гітарны грыф кожнага вучня агортвае яркая стужка пэўнага колеру. Па ім лёгка здагадацца, на якім тэхнічным узроўні падрыхтоўкі знаходзіцца юны гітарыст.

— Такі падыход да навучання ў форме гульні называецца “Музычным дзюдо” і дазваляе дзецям бесперапынна карэкціраваць свае веды і навыкі, — тлумачыць Алег Пятровіч. — Каб атрымаць жоўтую стужку, вучню трэба здаць тэхнічны мінімум: пэўную колькасць акордаў і некалькі нотных практыкаванняў. Аранжавую стужку вучань заслугоўвае пасля першага выступлення перад публікай. Зялёная стужка даецца таму, хто выступае на фестывалях і ўжо мае дыпломы. Сіняя стужка ўпрыгожвае гітару ўладальніка добрых тэарэтычных ведаў і разнастайнага рэпертуару. Вучань з такой стужкай можа даць уласны канцэрт.

Нялёгкае выпрабаванне для кожнага артыста-пачаткоўца — пераадоленне страху перад публікай. Але з гэтым у юных бардаў няма ніякіх праблем. Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у фестывалі бардаўскай песні “Жураўліны край”, арганізоўваюць літаратурна-музычныя вечарыны, тэматычныя канцэрты і мерапрыемствы. Сёлета выхаванцы Алега Пятровіча парадавалі гледачоў канцэртнай праграмай, прысвечанай дню нараджэння У.С.Высоцкага, з якой выступілі ва ўстановах адукацыі раёна.

Сумленнасць і справядлівасць педагога дапамагаюць знаходзіць агульную мову з дзецьмі рознага ўзросту. Шматлікія выступленні і атрыманыя ўзнагароды прымушаюць юных бардаў паверыць у сябе. А вера ва ўласныя сілы ў падлеткавым узросце выхоўвае сілу волі і загартоўвае характар.

— Педагог павінен быць прыкладам для сваіх вучняў, — упэўнены А.П.Князскі. — Дапамагаю дзецям пастаянна працаваць і ўдасканальвацца, а яны, у сваю чаргу, дапамагаюць працаваць і ўдасканальвацца мне. Няважна, хто які выбера шлях у далейшым. Галоўнае — музыка стане для іх захапленнем на ўсё жыццё.

Ангеліна ЗАНЬКО,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.