Захаваць сям’ю для дзіцяці

- 13:31Навіны рэгіёнаў

Нягледзячы на эфектыўнае дзеянне Дэкрэта прэзідэнта № 18, праблема сацыяльнага сіроцтва па-ранейшаму застаецца актуальнай. Колькасць дзяцей, якія сталі сіротамі пры жывых бацьках, зменшылася. Але ж такія выпадкі не адзінкавыя. Як паўплываць на сітуацыю, якія меры неабходна прыняць, каб захаваць дзіця ў сям’і і сям’ю для дзіцяці? Адказ на гэтыя няпростыя пытанні сумеснымі намаганнямі шукалі ўдзельнікі абласнога семінара па прафілактыцы і пераадоленні сацыяльнага сіроцтва, які днямі адбыўся на Магілёўшчыне.

Калі гаварыць больш канкрэтна, намеснікі старшынь камісій па справах непаўналетніх і адпаведныя спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму з усіх раёнаў вобласці з’ехаліся ў Дрыбінскі раён. На Дрыбіншчыне ўжо на працягу трох гадоў паспяхова рэалізоўваецца абласны праект “Сям’я для дзіцяці”, вынікі якога і былі прадстаўлены ўдзельнікам семінара.
За час рэалізацыі праекта дрыбінскімі спецыялістамі быў назапашаны вельмі эфектыўны вопыт работы па пераадоленні сацыяльнага сіроцтва. За перыяд з 2012 па 2015 год у раёне значна знізілася колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не было ні аднаго выпадку пазбаўлення бацькоўскіх правоў, у той час як аднаўленне ў бацькоўскіх правах адбываецца штогод. Нядрэнныя паказчыкі, але, як адзначыла намеснік старшыні дрыбінскай камісіі па справах непаўналетніх Святлана Кірылава, дасягнуць такіх вынікаў атрымалася шляхам карпатлівай працы ўсіх зацікаўленых ведамстваў.
— Узяўшыся за рэалізацыю праекта, першачаргова мы вырашылі выявіць прычыны ўзнікнення сацыяльнага сіроцтва. Прааналізаваўшы сітуацыю па гэтай сацыяльнай з’яве ў сваім раёне, прыйшлі да высновы, што прычына ў недастатковай, запозненай арганізацыі работы па раннім выяўленні сямейнага недабрабыту, — расказала калегам Святлана Уладзіміраўна.
Такое становішча спраў неабходна было мяняць, за што і ўзяліся дрыбінскія спецыялісты. У раёне распрацавалі адзіны алгарытм дзеянняў і аператыўнага абмену інфармацыяй паміж зацікаўленымі органамі, а ўжо далей разам прыступілі да наступных крокаў — да фарміравання асобных банкаў даных, распрацоўкі дэталёвай схемы работы з нядобранадзейнымі сем’ямі.
— Галоўным пунктам у нашай схеме з’яўляецца вызначэнне праблем сям’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Наведваючы такія сем’і, мы не проста адзначалі, што праблема ў малазабяспечанасці, злоўжыванні бацькамі спіртнымі напіткамі, а задаваліся пытаннем, чаму сям’я трапіла ў такую сітуацыю, як ёй можна дапамагчы, — падкрэсліла Святлана Кірылава.
Вызначыўшы сямейныя праблемы, у раёне прыступаюць да практычнай работы. Праз гутаркі, кансультаванне спецыялісты аказваюць сям’і інфармацыйную, арганізацыйную дапамогу: прадастаўляюць звесткі пра рэжым працы розных службаў, пра тое, якія дакументы неабходны для вырашэння таго ці іншага пытання.
Як адзначыла Святлана Кірылава, вялікую дапамогу ў раннім выяўленні праблемных сем’яў аказваюць святары праваслаўных храмаў, кіраўнікі працоўных калектываў, медыцынскія работнікі. Адказнасць за жыццё дзіцяці яны адчуваюць часам большую, чым бацькі.
— Любы знак, няхай гэта непрыбраны дом або пах алкаголю ад бацькоў, — і ў сям’ю ідзе камісія. Прычым правяраецца нават вусны трывожны сігнал. Калі факт пацвярджаецца, у справу ўступаюць работнікі адукацыі. Яны вывучаюць сітуацыю ў сям’і, праводзяць сацыяльнае расследаванне, вызначаюць, якая дапамога патрабуецца, пішуць пратакол даручэнняў. У адных выпадках патрэбна матэрыяльная падтрымка, у іншых — бацькоў трэба, што называецца, добра павыхоўваць, растлумачыць, што ні да чаго добрага іх слабасці не прывядуць, — паведаміла Святлана Уладзіміраўна.
Такі комплексны падыход да работы дае вынік. Як высветлілася, пры своечасовым выяўленні сямейнага недабрабыту, дапамозе бацькам у складанай сітуацыі атрымліваецца не дапусціць таго, што дзіця адбяруць з роднай сям’і.
Вельмі актыўна падключыліся да рэалізацыі важнага і патрэбнага праекта ўстановы адукацыі Дрыбіншчыны. Ва ўсіх школах раёна педагогі ўпэўнены: чым раней пачынаецца прафілактыка і сацыяльная падтрымка канкрэтнай сям’і, тым больш шансаў у дзіцяці застацца з бацькамі.
Удзельнікам семінара была расказана гісторыя Каці і Дзяніса К., якія з нядаўняга часу сталі навучэнцамі Раснянскай сярэдняй школы. Дзеці яшчэ ў дашкольным узросце былі адабраны ў маці, якая вяла амаральны лад жыцця. Выхоўваліся яны ў сям’і бацькі. Але пасля таго, як той з’ехаў у Расію, дзяцей вярнулі маці, якая да таго часу нарэшце ўзялася за розум.
Псіхалагічная траўма, перанесеная Кацяй і Дзянісам у раннім дзіцячым узросце, паўплывала на іх характар. Дзеці не бачылі тую, хто даў ім жыццё, некалькі гадоў, таму адмаўляліся ўспрымаць яе як маці. У школе становішча было не лепшым. Каця і Дзяніс не жадалі мець зносіны з настаўнікамі і аднакласнікамі, у іх былі праблемы з паводзінамі.
Прасцей за ўсё было б пусціць сітуацыю на самацёк. Але так рабіць не ў прынцыпах педагагічнага калектыву Раснянскай сярэдняй школы. Ва ўстанове добра наладжана работа класных кіраўнікоў з нядобранадзейнымі сем’ямі.
Педагогі, што курыруюць класы, у якіх вучацца Каця і Дзяніс, змаглі знайсці падыход да гэтых дзяцей, дапамаглі ім адаптавацца ў школе, знайсці сяброў сярод аднакласнікаў. Цесны кантакт быў наладжаны і з іх маці. Класныя кіраўнікі разам з адміністрацыяй школы высветлілі: адна з прычын недабрабыту сям’і — малазабяспечанасць, якая выцякае з нізкай заработнай платы. Педагагічны калектыў школы дапамог маці сабраць неабходныя дакументы для атрымання адраснай матэрыяльнай дапамогі, шмат парад атрымала яна таксама наконт таго, як наладзіць узаемаадносіны са сваімі дзецьмі.
Што ж на выхадзе? Сям’я ўсё яшчэ знаходзіцца на кантролі, але станоўчыя зрухі ёсць. Каця і Дзяніс сталі больш сацыяльна адкрытымі, павысілася іх паспяховасць у навучанні, дзяцей уцягнулі ў арганізаваную занятасць, яны пайшлі на кантакт з маці.
Як адзначыла дырэктар Раснянскай сярэдняй школы Вольга Далжанкова, да такога выніку яны прыйшлі дзякуючы міжведамаснай рабоце ўсіх зацікаўленых спецыялістаў, якія прытрымліваюцца думкі, што як не бывае чужой бяды, так не бывае і чужых дзяцей.
Адна з найбольш распаўсюджаных праблем, якія вядуць да сямейнага недабрабыту, — злоўжыванне алкаголем. Таму менавіта на прафілактыцы алкагольнай залежнасці заснаваны метад пераадолення сацыяльнага сіроцтва ў Кароўчынскай сярэдняй школе. На базе ўстановы адукацыі арганізаваны клуб сям’і “Мой жыццёвы шлях”. Работа вядзецца ў форме пасяджэнняў, заснаваных на самадапамозе і ўзаемадапамозе, бацькі ўключаюцца ў рэабілітацыйны працэс, які дапамагае ім пераадолець залежнасць.
— Гэты метад неабходна ўзяць на заметку спецыялістам кожнага раёна. Бо для дзяцей няма большага шчасця, чым цвярозыя, адэкватныя бацькі, — дала параду ўдзельнікам семінара намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Станоўча вядзецца работа з нядобранадзейнымі сем’ямі і ў Раснянскай школе-інтэрнаце. Аднак, як заўважыў дырэктар установы Віктар Пацанкоў, даводзіцца сутыкацца і з пэўнымі цяжкасцямі. Асноўныя з іх — аддаленасць сем’яў ад школы-інтэрната і адсутнасць паразумення з сацыяльнымі педагогамі сярэдніх школ па месцы пражывання выхаванцаў.
— У нас вучацца дзеці з усёй Магілёўскай вобласці. Зразумела, што нашы сацыяльныя педагогі не маюць магчымасці наведваць праблемныя сем’і так часта, як бы хацелася. Па тэлефоне вырашыць усе праблемы часам не атрымліваецца, тады мы звяртаемся па дапамогу да сацыяльных педагогаў школ па месцы рэгістрацыі дзяцей, але не заўсёды яе атрымліваем, — расказаў Віктар Яўгенавіч.
Па словах начальніка аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алены Сімаковай, агучаная праблема не адзіная ў сістэме работы ўстаноў вобласці па прадухіленні сацыяльнага сіроцтва. Не ва ўсіх раёнах удзяляецца належная ўвага складанню міжведамасных планаў, пратаколаў даручэнняў па рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, зацвярджацца якія павінны на ўзроўні намеснікаў старшынь рай(гар)выканкамаў. Назіраецца фармалізм і ў складанні іншай дакументацыі. Такое стаўленне да работы павінна выкараняцца, бо за ўсімі дакументамі стаяць рэальныя лёсы дзяцей.
— Як мы ўбачылі на прыкладзе Дрыбінскага раёна, эфектыўна працаваць не толькі трэба, але і магчыма. Вопыт работы Дрыбіншчыны будзе актыўна ўкараняцца ў іншых раёнах. Але важна, каб у распаўсюджванні станоўчых напрацовак былі зацікаўлены на месцах. Толькі тады ў нас атрымаецца не толькі захаваць для дзяцей біялагічную сям’ю, але і не дапусціць для іх паўтарэння сацыяльна небяспечнага становішча, — падкрэсліла Ірына Кускова, завяршаючы семінар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.