Захопленая педагагічнай працай

- 7:00Людзі адукацыі

Сапраўдны педагог павінен умець не толькі даць дзецям веды, але і дапамагчы ім знайсці сябе, свой жыццёвы шлях. Менавіта такога меркавання прытрымліваецца настаўніца біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Наталля Зузіна.

Наталля Мікалаеўна з дзяцінства была ўпэўнена, што звяжа лёс з педагогікай. Чымсьці прыцягвала яе няпростая прафесія настаўніка. Ёй падабалася гуляць у школу, а ў марах яна ўяўляла, што калі-небудзь гэтая гульня стане рэальнасцю. Так і выйшла.

Атрымаўшы школьны атэстат, Н.М.Зузіна мэтанакіравана падала дакументы на біялагічны факультэт цяперашняга МДУ імя А.Куляшова. Хіміка-біялагічны напрамак выбрала свядома, бо з усіх вучэбных прадметаў найбольш захаплялі хімія і біялогія. Студэнцкія гады праляцелі хутка, нібы адно імгненне. Здольная дзяўчына атрымала дыплом з адзнакай і адправілася ў якасці маладога спецыяліста ў Сідаравіцкую сярэднюю школу Магілёўскага раёна. Гэтая навучальная ўстанова дапамагла Наталлі Мікалаеўне адбыцца як педагогу. Але для добрага настаўніка вельмі важны прафесійны рост, самаўдасканаленне, таму, калі паступіла прапанова працаваць у абласным ліцэі № 2, Наталля Мікалаеўна пагадзілася. Гэта быў новы вопыт, магчымасці і перспектывы.

Сёння за плячыма Наталлі Зузінай — сямнаццаць гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. За гэты час яна выпрацавала свой стыль, методыку выкладання. Асноўны прынцып, якім кіруецца настаўніца, — пошук свайго падыходу да кожнага навучэнца.

— Усе дзеці вельмі розныя. Задача сапраўднага педагога — знайсці паразуменне з кожным, бо менавіта ад гэтага наўпрост залежыць узровень засваення імі ведаў, паспяховасць у класе ў цэлым. Немалую ролю адыгрывае і зацікаўленасць навучэнцаў прадметам, — адзначае Наталля Мікалаеўна.

На яе думку, цікавасць дзяцей да прадмета — у руках настаўніка. Калі педагог захоплены сваёй справай, захапляюцца і вучні. Свае заняткі Н.М.Зузіна праводзіць творча. Яна стараецца не проста растлумачыць тэму, а зрабіць гэта цікава, нестандартна і абавязкова вынікова. Свае ўрокі настаўніца будуе на супрацоўніцтве і сутворчасці, выступаючы на іх не рэтранслятарам ведаў, а куратарам вучэбнага працэсу. Не забывае яна і пра фарміраванне ў дзяцей жадання вучыцца самастойна.

— Я вучу дзяцей вучыцца, матывую іх на ўласнае дасягненне новых вышынь. Гэта вельмі важна ў сучасным свеце — умець самастойна здабываць патрэбныя веды, — кажа Н.М.Зузіна.

Каб зрабіць урокі максімальна цікавымі, Наталля Мікалаеўна прымяняе розныя адукацыйныя тэхналогіі. Актыўна выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход, інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы. Нярэдка яе заняткі праходзяць у форме семінараў, практыкумаў і нават падарожжаў. Увогуле, настаўніца лічыць, што эфектыўны той урок, які дзеці пакідаюць з задавальненнем, атрымаўшы новыя веды. І яна імкнецца, каб кожныя заняткі знайшлі водгук у вучняў.

Акрамя штодзённых урокаў, факультатываў, Н.М.Зузіна паспявае праводзіць і пазаўрочныя мерапрыемствы. З’яўляючыся класным кіраўніком 11 “В”, яна сустракаецца са сваімі навучэнцамі не толькі ў ліцэі, але і ў нефармальнай абстаноўцы. Разам з дзецьмі яна адпраўляецца на экскурсіі, у турыстычныя паходы, наведвае музеі, тэатры. Такія сустрэчы дазваляюць Наталлі Мікалаеўне наладжваць даверлівыя адносіны з навучэнцамі. Для дзяцей яна не проста настаўніца, а яшчэ і старэйшы таварыш, бо ўмее выслухаць і пачуць, дапамагчы не толькі з вучобай, але і даць параду ў вырашэнні нейкіх асабістых праблем. Навучэнцы давяраюць настаўніцы, а ўсё таму, што яна сапраўды жыве іх інтарэсамі.

Вялікае значэнне Н.М.Зузіна надае і рабоце з адоранымі навучэнцамі. Упор робіць на іх удзел у алімпіядах. Падчас падрыхтоўкі навучэнцаў яна інтэнсіўна займаецца з імі ва ўрочны і пазаўрочны час, індывідуальна і ў групах. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. У мінулым навучальным годзе навучэнкі Наталлі Мікалаеўны заваявалі два прызавыя дыпломы на абласным і адзін дыплом на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Ліцэісткі Аляксандра Пінчукова і Вікторыя Наздрачова вызначыліся і ў іншых інтэлектуальных конкурсах.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Н.М.Зузіна ўжо дасягнула пэўных поспехаў, але на гэтым яна не спыняецца. Як і раней, усебакова імкнецца да таго, каб дапамагчы сваім навучэнцам самарэалізавацца — на ўроку, у алімпіядзе, у жыцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.