Захоўваем гісторыю ў рэчах

- 10:41Навіны рэгіёнаў

У нашай школе дзейнічае этнаграфічны куток, які адыгрывае важную ролю ў выхаваўчай рабоце.

Куток размяшчаецца ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры і ўяўляе сабой інтэр’ер сялянскай хаты. Усё тут проста і падпарадкавана жыццёвай мудрасці, выпрацаванай стагоддзямі. Усе экспанаты родам з Ганцавіччыны, прасякнуты беларускім духам, падкрэсліваюць характар беларуса і яго тыповыя рысы: справядлівасць, працавітасць, свабодалюбства, шчодрасць, гасціннасць, знаходлівасць, дабрыню.

Вучні-экскурсаводы знаёмяць наведвальнікаў з экспанатамі — культурнай спадчынай народа, расказваюць пра гісторыю рэчаў і іх прызначэнне. У кутку пераважна прадстаўлены жаночыя прылады працы. Сярод найбольш каштоўных — прадметы ткацтва: кудзеля, часала (грэбень) ільну, матавіла, сукала, чаўнакі, цэўкі, верацёны, бёрды, прасніца.

Прыцягваюць увагу вырабы гаспадарчага прызначэння з драўніны: маслабойка, начоўкі, дзяжа, качалкі, хлебная лапата, пранік, глякі, гарлачыкі, збанкі. Асаблівую цікавасць выклікае лапата — прылада, з дапамогай якой саджалі цеста ў печ і даставалі хлеб з печы, падграбалі на таку і перамешвалі збожжа, падграбалі і раўнялі бульбу ў буртах. Лапата — нязменны атрыбут твораў вуснай народнай творчасці.

Школьнікаў захапляе магчымасць дакрануцца да гісторыі роднага краю, яго традыцый. Яны з павагай разглядваюць старыя рэчы, з цеплынёй успамінаюць сваіх бабуль і прабабуль, прыгадваюць прылады працы, посуд, ткацкія вырабы, якія бачылі ў іх хатах.

Настаўнікі і вучні захоўваюць гісторыю ў рэчах і пастаянна папаўняюць экспазіцыю.

Вольга ХРАЛОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.