Займацца музыкай, вакалам і харэаграфіяй навучэнцы СШ № 1 Горак могуць не выходзячы са школьных сцен

- 9:00Главная, Образование

Займацца музыкай, вакалам і харэаграфіяй навучэнцы сярэдняй школы № 1 Горак могуць і не выходзячы са школьных сцен. Для раскрыцця творчых здольнасцей дзяцей ва ўстанове створаны ўсе ўмовы: тут функцыянуюць факультатывы эстэтычнай накіраванасці і нават ёсць уласная ўзорная вакальная студыя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Музыка і творчасць — значны аспект гарманічнага развіцця навучэнцаў, які садзейнічае маральнаму выхаванню, фарміраванню ў дзяцей духоўнай культуры. Аднак не ва ўсіх дзяцей атрымліваецца наведваць музычную школу або спецыялізаваныя аб’яднанні па інтарэсах. Па гэтай прычыне мы стварылі такія магчымасці для вучняў на сваёй базе. Ужо больш за дваццаць гадоў у нас дзейнічаюць узорная вакальна-эстрадная студыя “Ліра” і адпаведныя факультатывы, — паведаміла дырэктар Алена Манаева.

Мясцовыя школьнікі могуць вучыцца ігры на цымбалах, баяне ці фартэпіяна. Акрамя таго, яны спасцігаюць асновы харэаграфіі, вакалу і сцэнічнага майстэрства, вывучаюць нотную грамату. Усе заняткі арганізаваны непасрэдна ў школе, і гэта галоўная перавага.

— Творчыя факультатывы зараз наведваюць 127 дзяцей. Вакальную студыю — яшчэ 36 хлопчыкаў і дзяўчынак. Пасля заканчэння ўрокаў і невялікага перапынку дзеці ідуць на музычныя заняткі. Гэта вельмі зручна. Адсюль і такая масавасць з ахвочых вучыцца, — адзначыла Алена Пятроўна.

Цікавасць навучэнцаў да музыкі ў многім заслуга педагогаў. Факультатывы вядуць настаўнікі музычна-­эстэтычных дысцыплін Ала Рабычына, Ірына Гайдаш, Алена Гардзевіч, Святлана Бобрык і Ірына Кісялёва. Усе яны прафесіяналы, якія бясконца любяць дзяцей. Такі ж неверагодна захоплены сваёй справай энтузіяст — кіраўнік узорнай вакальна-эстраднай студыі “Ліра” Таццяна Голубева.

— Нашы педагогі працуюць з поўнай самааддачай. Для іх важна не проста навучыць вучняў асновам музычнага выканальніцтва, вакалу ці харэаграфіі. Яны вучаць дзяцей адчуваць твор, умець перадаваць гледачу змест мелодыі ці песні. Першачарговай задачай настаўнікі бачаць таксама творчы і асабісты рост навучэнцаў, таму да кожнага шукаюць індывідуальны падыход. Дзеці гэта адчуваюць, ­ідуць на заняткі заўсёды з радасцю і жаданнем, — падкрэсліла Алена Манаева.

У педагогаў 1-й горацкай школы сапраўды выдатна атрымліваецца раскрываць вучнёўскія таленты. Сярод навучэнцаў тут нямала яркіх творчых зорачак. Дзеці паспяхова выступа­юць на фестывалях і конкурсах ад рэгіянальнага да міжнароднага ўзроўняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара