Залежнасць: погляд знутры

- 11:44Рознае, Сацыяльны ракурс

Па характары работы мне даволі шмат даводзілася і даводзіцца паглыбляцца ў тэму розных залежнасцей чалавека, у тым ліку ў тэму нарказалежнасці. Звычайна гэта размовы з урачамі-нарколагамі, педагогамі, якія займаюцца прафілактыкай ужывання псіхатропных рэчываў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Як ні круці, усё гэта — погляд на праблему звонку. А што думаюць аб прычынах сваіх праблем і магчымасцях выйсці з нарказалежнасці самі залежныя? Зразумела, я не стала звяртацца да тых, хто знаходзіцца пад уладай псіхатропаў, пагутарыла з маладымі людзьмі, якія, спадзяюся, пазбавіліся праблемы або ўжо прайшлі пэўны шлях па дарозе пазбаўлення ад яе і зараз глядзяць на сітуацыю, што называецца, цвярозымі вачыма.

Анфіса

Калі мы з фотакарэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” збіраліся на сустрэчу з адным з тых, хто праходзіць рэабілітацыю ў мясцовым фондзе “Цэнтр здаровай моладзі”, зусім не разлічвалі на шчырую гутарку з кімсьці яшчэ. Але лёс сам прапанаваў такую сустрэчу: чакаючы маршрутку, разгаварыліся з дзяўчынай, што стаяла ў чарзе перад намі. Размова была нейтральная — аб тым, колькі часу давядзецца правесці ў дарозе, як вярнуцца назад і г.д. Пра наш маршрут дзяўчына ведала ўсё, дарэчы, і сама ехала да патрэбнага нам прыпынку. Так, слова за слова, высветлілася, што Анфіса, з якой мы паспелі пазнаёміцца, сама была нарказалежнай, цяпер раз у тыдзень ездзіць у цэнтр праводзіць заняткі з групай тых, хто праходзіць рэабілітацыю. Гэта наогул асноўны прынцып работы цэнтра — нарказалежным дапамагаюць тыя, хто сам перажыў такую праблему.

Расказаць сваю гісторыю Анфіса пагадзілася адразу. Пачала з таго, што выхоўвала яе маці-адзіночка, якая шмат працавала і дачку амаль не бачыла, да таго ж злоўжывала алкаголем. У сям’і былі яшчэ тры жанчыны: бабуля і сястра маці з дачкой, стрыечнай сястрой Анфісы. Але хацелася менавіта мамінай увагі. Атрымаць яе аказалася няпроста нават тады, калі нельга было не заўважаць, што з дзяўчынай робіцца нешта не тое. Маці лічыла за лепшае не звяртаць на гэта ўвагі. Так, ва ўсялякім разе, здаецца дзяўчыне. “Мама надоўга выбрала пазіцыю адмаўлення”, — кажа яна.

Між іншым размаўляць з Анфісай — адно задавальненне, і справа не толькі ў тым, што на пытанні яна адказвае ахвотна. Гаворыць дзяўчына надзвычай пісьменна, вобразна, і гэта нядзіўна, бо яна скончыла адну са сталічных гімназій, двойчы паступала ў розныя ўстановы вышэйшай адукацыі. У кожнай з іх, праўда, правучыцца ёй даводзілася не больш чым па паўгода менавіта з-за наркотыкаў (ужо з-за цяжкіх, якія колюць у вену). А першая спроба псіхатропных рэчываў, тады яшчэ ў выглядзе таблетак, адбылася ў сценах гімназіі. Літаральна. Там 14-гадовая дзяўчынка знайшла і пастаўшчыкоў, і кампанію — вось так, проста.

За шэсць гадоў залежнасці Анфіса тройчы трапляла ў рэанімацыю бальніцы хуткай дапамогі, да клінічнай смерці, дзякуй богу, не дайшло. “Але ў нас такіх многа, хто перажыў клінічную смерць, — заўважае дзяўчына, — і не па адным разе. Вы параспытвайце, вам такое раскажуць!”

Амаль напярэдадні свайго дваццацігоддзя дзяўчына вырашыла прайсці рэабілітацыю. Кажа, што і сама дайшла да гэтай думкі і шмат у чым такому рашэнню паспрыяла маці, якая больш не магла не бачыць, што адбываецца з дачкой. Прычым справа дайшла да таго, што жанчына нават не адчыняла дзверы дачцэ, у кватэры нярэдка з’яўлялася міліцыя. Анфіса прыйшла ў Цэнтр здаровай моладзі (усяго ў нашай краіне каля 70 устаноў, якія дапамагаюць нарказалежным), які тады ўжо дзейнічаў у Беларусі, але на рэабілітацыю яе накіравалі ў Кіеў, каб адарваць ад прывычнага асяроддзя. І тут мне зноў у гэтым матэрыяле давядзецца спаслацца на капрызы лёсу: у рэабілітацыйным цэнтры ў Кіеве мінчанка сустрэлася са сваёй аднакласніцай, якая таксама праходзіла там лячэнне.

Зараз, па словах Анфісы, і ў яе аднакласніцы, а таксама яшчэ ў адной дзяўчыны з былой кампаніі ўсё, здаецца, добра. Анфіса, напрыклад, вучыцца, хутка збіраецца замуж. Яе будучы муж таксама з былых нарказалежных, расіянін, з якім дзяўчына пазнаёмілася ў лагеры, які цэнтр праводзіць летам у Расіі. Што ж, хэпі-энд? Вельмі хочацца на гэта спадзявацца, але ўсё залежыць толькі ад саміх маладых людзей, цяпер ужо не безадказных, ранімых, пакрыўджаных на ўвесь свет падлеткаў.

Косця

Косця, жыхар аднаго з беларускіх райцэнтраў, — высачэзны, здаровы, на першы погляд, хлопец, які стварае ўражанне дзеючага спартсмена-баскетбаліста, а ніяк не былога нарказалежнага з дзевяцігадовым стажам з дзесяццю адсідкамі, як кажа ён сам. Ён у адрозненне ад Анфісы вучыўся не тое што дрэнна, амаль наогул не вучыўся. “У мяне ў атэстаце за 9 класаў чатыры “адзінкі”, восем “двоек” і іншыя адзнакі”, — заўважае хлопец. Пра гэта, прынамсі, ніколі не здагадаешся: гаворыць Косця не менш цікава і пісьменна, чым гімназістка Анфіса. З таго часу хлопец, а дакладней, малады мужчына, якому ўжо 27 гадоў, нідзе не вучыўся і не працаваў.

— Я лічу, што мае праблемы пачаліся з дзяцінства, — пачынае ён — бо вырас я ў няпоўнай сям’і. Бацькі развяліся, калі мне было гадоў пяць, можа, чатыры, а бацька мой — алкаголік.

У Канстанціна, па яго словах, з’явілася крыўда на бацькоў, якую ўзмацніла крыўда асабіста на маці: жанчына шмат працавала і мала праводзіла часу з сынам. Курыць цыгарэты хлопчык спрабаваў гадоў у шэсць — нехта на вуліцы паказаў, што можна падбіраць і курыць бычкі. Як трэба курыць, хлопчык ужо бачыў: дома курыла маці, але з першага разу так прыгожа не атрымалася, ды і маці даведалася, пакарала. Курыць “па правілах” Косця пачаў пазней. Крыху пазней.

Канстанцін кажа, што па натуры ён сарамлівы, але ў той жа час хоча быць у цэнтры ўвагі, душой кампаніі, карыстацца аўтарытэтам. Лепшага шляху, чым бравада і рысоўка перад равеснікамі і старэйшымі хлопцамі, каб заваяваць аўтарытэт, не знайшоў. За цыгарэтамі прыйшлі алкаголь і крадзяжы — спачатку ў родных, потым не толькі ў іх.

— Я купляў усім сябрам і знаёмым падарункі, яны хадзілі за мной, нахвальвалі, — узгадвае Косця, — а мне гэта вельмі падабалася, падабалася ўсеагульная ўвага. Праўда, калі закончыліся грошы, закончылася і папулярнасць. І яшчэ мне хацелася чамусьці быць падобным на старэйшых хлопцаў, якія курылі, лаяліся матам, нюхалі клей. Я і школу пачаў прагульваць.

Аднойчы адзін з такіх старэйшых “сяброў” прыйшоў да хлопчыка ў госці, паабяцаўшы паказаць фокус. Закрыў яго ў санвузле, а сам абакраў кватэру. Узгадвае Косця і пра іншыя сітуацыі, калі яго ў дзяцінстве падманвалі старэйшыя хлопцы.

— Пасля чацвёртага класа я наогул стаў некіруемым, — заўважае мой суразмовец. — З мамай, якая з прадаўцоў выбілася ў індывідуальныя прадпрымальнікі, мы бачыліся толькі раніцай і ўвечары. Грошай ужо хапала, не хапала ўвагі. Маці бачыла, што са мной адбываецца, перажывала, забірала з міліцыі, але, думаю, не ведала, што са мной рабіць, а я нікога не слухаў. А мама таксама лічыла, што яна шмат працуе, забяспечвае нас і што гэтага дастаткова. Магчыма, каб быў чалавек замест бацькі, старэйшы брат, які б мог стаць для мяне аўтарытэтам, на якога б мне хацелася быць падобным, усё не склалася б так. А магчыма, і не, не ведаю… Я выбіраў у аўтарытэты тых, каго бачыў на вуліцы. Мне здавалася, што нічога дрэннага я не раблю, проста хачу быць дарослым.

Карацей, у 16 гадоў, пасля таго, як ён з прыяцелем вырваў у жанчыны, якая зрабіла ім заўвагу, сумку з рук, Косця першы раз трапіў пад суд. Кажа, што так спалохаўся ў момант крадзяжу, што нават не паспрабаваў збегчы. За першым тэрмінам пацягнуліся іншыя. У 18, адбываючы пакаранне на так званай хіміі, Косця ўбачыў, як колюцца старэйшыя “таварышы”, якія прыгожа апраналіся, прыгожа гаварылі, не падманвалі яго, як сябры ў дзяцінстве. Убачыў, што гэтыя “прыгажуны” атрымліваюць нейкія асаблівыя адчуванні, калі ўжываюць наркотыкі. Вось ён — новы прыклад для пераймання, новыя аўтарытэты, а ўсё, што калісьці чуў пра шкоду наркотыкаў, — хлусня. Паспрабаваў сам. Кажа, што крыху пазней дозу яму прапанаваў даўні знаёмы. Спадабалася.

А маці, напэўна, шчыра лічыла, што прычына неадэкватных паводзін сына — алкаголь. Потым вазіла яго да бабак-шаптух, да ўрачоў — не дапамагала. Калі Косця ў трэці раз трапіў у рэанімацыю, урачы папярэдзілі жанчыну, што сын, калі і прыйдзе ў сябе, то, хутчэй за ўсё, застанецца ў “раслінным” стане. Яму пашанцавала: усе функцыі арганізма аднавіліся, хаця ўрон здароўю ён, безумоўна, атрымаў.

“Прычынай пачатку ўжывання наркотыкаў падлеткамі становіцца цікавасць паспрабаваць і вера ў тое, што пасля аднаго разу нічога не здарыцца, — гаворыць Наталля Аскірка, прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Мінска. — Часам да нарказалежнасці падштурхоўвае кола зносін. Часта праблемы ў школе і дома падрываюць псіхалагічны стан дзіцяці, у гэтым выпадку наркотыкі яно бачыць як сродак пераадолення цяжкасцей”.

Прыкметы нарказалежнасці ў падлеткаў такія:

– рэзкія перапады настрою, якія могуць быць ні з чым не звязаны (нястрыманая весялосць і дзікі смех могуць у момант змяняцца апатыяй, нудой і абыякавасцю да навакольнага свету);

– змена рэжыму дня (калі дзіця раней клалася спаць не раней 12, а стала ўкладвацца ў 8 вечара. І наадварот:
днём увесь час могуць выяўляцца млявасць і затарможанасць, а ўначы — рэзкая актыўнасць);

– рэзкая змена рэжыму харчавання — спачатку працяглыя перыяды поўнай адсутнасці апетыту могуць змяняцца прыступамі дзікага голаду;

– парушэнне рухальнай актыўнасці: наркатычнае ап’яненне падобна на алкагольнае, толькі пры гэтым вы не адчуеце паху алкаголю;

– з’яўляецца нежаданне сачыць за сабой і сваім знешнім выглядам, неабгрунтаваная раздражняльнасць у зносінах, у тэлефонных размовах з’яўляецца тыповы для наркаманаў слэнг: “шырнуўся”, “траўка”, “план”, “Ханка”, “чэка”, “султыга”, “айс”, “космас” і іншыя.

Пашыраныя або рэзка звужаныя зрэнкі таксама могуць стаць сімптомам таго, што падлетак пад дзеяннем нейкіх прэпаратаў.

Калі Косця ў 22 гады трапіў ужо на сапраўдную зону, калоцца там амаль перастаў па зразумелых прычынах. Сцвярджае, што дозу ў месцах не вельмі аддаленых атрымаць можна, але рэдка. Тады, як гаворыць мой суразмовец, ён пачаў чытаць, у тым ліку класіку.

Вярнуўшыся на волю пасля чарговай адсідкі, Косця палічыў, што ён адвык ад наркотыкаў. Але як паказаў час, і час зусім не працяглы, развітацца з наркотыкамі не так проста. І прыкладна дзевяць месяцаў назад хлопец прыйшоў у цэнтр, пра які яму расказаў сукамернік, чый брат тут лячыўся.

— Я не ведаў, што наркаманія — гэта хвароба. Лічыў, што сілай волі здолею справіцца з праблемай. Не атрымалася. Было такое, што я калоўся і плакаў, бо не мог спыніцца, — кажа ён. — Спадзяюся, што спраўлюся. Мяне і маці падтрымлівае, і мая дзяўчына. Цяпер хачу пайсці вучыцца.

Зараз Косця жыве на наёмнай кватэры, кожны дзень прыязджае ў цэнтр, бо поўны курс рэабілітацыі доўжыцца год, сам працуе з залежнымі. Ці ёсць гарантыі, што ён, як і тыя, хто лечыцца ў гэтым або нейкім іншым цэнтры, ніколі не вернецца да наркотыкаў? Ёсць шансы, гарантый няма. Сам Косця пра сваіх знаёмых, з якімі раней калоўся, кажа так: “Што здарылася з паловай з іх, я не ведаю, 20% астатніх сядзяць у турме, 20% памерлі. Толькі 10%, як і я, намагаюцца вылечыцца”.

* * *

Вось такія дзве гісторыі, працяг якіх, хочацца спадзявацца, будзе добрым. Ці да канца шчырымі былі мае суразмоўцы, ці правільна яны ацэньваюць ролю сваіх блізкіх у тым, што здарылася, мне сказаць цяжка. А тое, што ў іх гісторыях шмат агульнага пры ўсёй іх розніцы, вы, канечне, заўважылі самі. Спадзяюся, што такія аповеды змогуць хоць каго-небудзь спыніць, хоць каму-небудзь раскрыць вочы. Напрыклад, бацькам, якія ўпарта не жадаюць заўважаць сур’ёзных праблем сваіх дзяцей.

Марына ЛАЗУКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.