Замацаваць пазітыўныя тэндэнцыі

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў рост беларуска-расійскага тавараабароту і падкрэсліў важнасць замацавання пазітыўных тэндэнцый у супрацоўніцтве дзвюх краін. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах у Сочы.

“Дзякуй, што прыехалі. Як і дамаўляліся. Мы дамаўляліся аб гэтым яшчэ да чарговага вітка…”, — пачаў гутарку Ула­дзімір Пуцін.

“Усплёску эмоцый”, — падхапіў думку кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Так, усплёску эмоцый. Нам без гэтых падзей ёсць аб чым пагаварыць. Маючы на ўвазе, што ў першым квартале бягучага года Расія застаецца ключавым гандлёва-эканамічным парт­нёрам Беларусі. Мы назіраем значны рост тавараабароту — 18,4 працэнта. Гэта добрая тэндэнцыя. Важна яе захавац­ь пры актыўнай рабоце ўрадаў”, — прадоўжыў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што Прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін знаходзіцца ў Беларусі для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, у яго былі кантакты са сваімі калегамі. “Ён мне тэлефанаваў нават сёння, расказваў аб тым, як ідзе работа”, — сказаў прэзідэнт Расіі.

Ён адзначыў, што ўжо ў чэрвені будзе здадзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок БелАЭС. “Гэта таксама яшчэ адзін добры прыклад нашага супрацоўніцтва. Ёсць добрыя пазітыўныя тэндэнцыі па іншых напрамках. Усё гэта, безумоўна, будзе ў цэнтры нашай увагі”, — заявіў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі адзначыў, што працягваецца работа і над пытаннямі будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. “Мы робім гэта, зыходзячы з таго, каб забяспечыць інтарэсы як Беларусі, так і Расіі. Мы рухаемся ў гэтым напрамку. Упэўнены, гэтая работа дае ўжо канкрэтныя вынікі нашым грамадзянам. Пытанне толькі ў тым, каб рабіць усё паслядоўна, не спяшаючыся, не забягаючы наперад, а дзейнічаць паэтапна, маючы на ўвазе якраз забеспячэнне нашых інтарэсаў, як кожны з бакоў сам для сябе вызначае”, — падкрэсліў расійскі лідар.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што, сапраўды, шмат было размоў наконт цяперашняй сустрэчы. “Нечакана нават для мяне. Вось, сустракаюцца вельмі часта і іншае… Але гэта наш план. Мы аб гэтым аб’явілі яшчэ ў канцы мінулага года, што мы, як вы правільна сказалі, паступова будзем абмяркоўваць тыя пытанні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы ўперліся ў нейкае пытанне і не можам яго без спецыялістаў разгледзець, то мы перадаём яго спецыялістам, яны рыхтуюць нам. Мы сустракаемся, зноў рухаемся. Галоўнае, што рухаемся наперад. Вы правільна адзначылі рост тавараабароту. Мы падлічваем цяпер літаральна кожную долю працэнта. І бачым, што мы перасягнём у гэтым годзе — Беларусь і Расія — свой тавараабарот дакавіднага ўзроўню. Тут якраз у нас тэмпы ня­дрэнныя”.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі тэмп росту ВУП прыкладна такі ж, як і ў Расіі. “Нам жа, ведаеце, прадракалі ледзь ці не стагнацыю нейкую. Эканоміка ў Расіі расце. Зразумела, прывязаная да Расіі і наша эканоміка нармальна рухаецца. Але заўсёды ёсць жадаючыя падкінуць нам праблем. Вы пра іх ведаеце”, — сказаў ён.

Перагаворы прэзідэнтаў доўжыліся больш за пяць га­дзін. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі таксама нефармальную сустрэчу.