Запалі сваю зорку

- 12:25Спецыяльная адукацыя

Упершыню на Міншчыне прайшоў абласны фестываль для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Запалі сваю зорку”. Мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня інвалідаў, сабрала разам тых,каму складаныя жыццёвыя сітуацыі не перашкаджаюць праяўляць сябе праз творчасцьі ззяць на сцэне і выставах.

Месцам правядзення фестывалю стаў Дзяржынск, і гэта невыпадкова, бо менавіта тут фестываль бярэ свой пачатак. 15 гадоў тут ладзілася аналагічнае  мерапрыемства ў рамках раёна. Цяпер жа фестываль пашырыў свае маштабы і стаў абласным. Да ўд зелу запрасілі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, ЦКРНіР, прадстаўнікоў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Міншчыны. Свае здольнасці ў Дзяржынску прадэманстравалі больш за 250 творцаў з усіх раёнаў вобласці і Жодзіна.

Фестываль прадугледжваў 7 намінацый: вакал, літаратурная творчасць, выкананне на музычных інструментах, харэаграфія, тэатральнае мастацтва, прыкладная мастацкая і выяўленчая творчасць. Аргкамітэту давялося папрацаваць, каб з мноства заявак выбраць работы для абласной выставы і нумары для гала-канцэрта.  

На фестывалі сабралася мноства гасцей, якіх вітала выстава. У творчых   работах іх стваральнікі адлюстравалі свой незвычайны погляд на жыццё, а таксама валоданне разнастайнымі тэхнікамі. Дэкупаж, валянне, выцінанка, вышыўка бісерам, нітачны дызайн, стварэнне карцін з гузікаў, скуры, прыроднага матэрыялу — усё гэта, нават яшчэ больш, умеюць удзельнікі фестывалю.

— Я вельмі люблю вышываць і ствараць карціны з шэрці, а яшчэ збіраюся навучыцца рабіць карціны са стужак, — расказвае аб сваіх творчых планах і дасягненнях Кацярына Савіцкая. На выставе дэманстравалася мноства цудоўных работ Кацярыны і яе сяброў з Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната. Тут юнакі і дзяўчаты займаюцца ў гуртку “Рукадзелле для дома”.

— Нашы дзеці ўнікальныя і здольны ўразіць сваёй творчасцю. На заняткі яны ідуць з захапленнем і шчыра радуюцца сваім поспехам, — расказвае Людміла Уладзіміраўна Комлік, намеснік дырэктара Ру­дзенскай дапаможнай школы-інтэрната, якая вядзе заняткі па рука­дзеллі. — На занятках мы, педагогі, шукаем індывідуальны падыход да кожнага з іх, каб знайсці тую тэхніку, той занятак, які будзе атрымлівацца, будзе падабацца і прыносіць задавальненне.

Шыкоўным шоу стаў гала-канцэрт фестывалю. На сцэне былі прадстаўлены 15 разнастайных нумароў, якія ярка дэманстравалі, што інвалідам і людзям з абмежаванымі магчымасцямі падуладны любыя віды дзейнасці. Выходзячы на сцэну, удзельнікі фестывалю зачароўвалі слухачоў сваімі спевамі, як зрабіў гэта Данііл Савеня, навучэнец Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Яны пранікалі ў самае сэрца, дэкламуючы вершы, як Алеся Мельнікава, прадстаўніца Дзяржынскага ТЦСАН. Яны прымушалі гледачоў адчуць поўны спектр эмоцый, праяўляючы артыстызм у тэатралізаваных выступленнях, як, напрыклад, інклюзіўны тэатр “Со-Единение”, што аб’яднаў выхаванцаў Дзяржынскага ТЦСАН і навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Дзяржынска. 

Да выступлення ўдзельнікі шмат і адказна рыхтаваліся. Напрыклад, Арцём Шулякоўскі і Аляксандра Шчытко, выхаванцы Салігорскага раённага ЦКРНіР, удзельнікі дуэта “Зорачкі”, паўгода развучвалі танец “Мора”, які прадставілі на фестывалі.

— Дзеткі вельмі таленавітыя. Саша і Арцём не толькі танцуюць, а яшчэ і спяваюць, малююць у студыі выяўленчага мастацтва, іг­раюць у інклюзіўным тэатры, які дзейнічае ў нашай установе, — расказвае Святлана Аркадзьеўна Алешка, намеснік дырэктара Салігорскага раённага ЦКРНіР. — Займаючыся творчасцю, нашы выхаванцы многаму вучацца, раскрываюць свае таленты і атрымліваюць задавальненне ад сваіх выступленняў.

Як сапраўдныя артысты, удзельнікі фестывалю шмат працавалі над сваімі нумарамі. Як сапраўдныя артысты, яны змаглі ўсхваляваць і парадаваць гледачоў. Першы абласны фестываль “Запалі сваю зорку” стаў значнай падзеяй. Цяпер гэтае маштабнае свята стане традыцыйным і будзе праводзіцца кожны год.

Удзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы, падарункі і галоўную  ўзнагароду фестывалю — залатую зорку, сімвал таго, што кожны з іх — сапраўдная зорачка. Варта толькі заўважыць яе, зразумець, падтрымаць — і яна заззяе неверагодна ярка.

Дар’яРЭВА.
Фота аўтара.