З 6 па 8 снежня ў Мінску пройдзе фестываль “Навуковыя сустрэчы: медыцына будучыні”, арганізаваны Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі (ІЦАЭ) пры падтрымцы Дзяржкарпарацыі “Расатам” і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
“Навуковыя сустрэчы” — камерная версія навукова-асветніцкага фестывалю “КСТАТИ”, які ўжо двойчы праходзіў у Мінску ў 2015 і 2016 гадах і з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю пазнаёміцца і пагутарыць на суперактуальныя тэмы з буйнымі вучонымі.
На працягу трох фестывальных дзён у сталіцы будуць распавядаць пра сучасныя дасягненні ў медыцыне. Вядомыя навукоўцы і асветнікі з Беларусі і Расіі правядуць публічныя лекцыі, майстар-класы і круглыя сталы.
Адкрые фестываль лекцыя аб экалагічнай медыцыне кандыдата медыцынскіх навук дацэнта кафедры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Арама Авецісава. Куды рухаецца медыцынская навука і прычым тут экалогія? Якія міфы перашкаджаюць здароўю? Якія поспехі ў барацьбе са старасцю? Ці можна абысціся без прышчэпак? Пра гэта можна будзе даведацца 6 снежня ў 12.00 у сталічнай гімназіі № 50.
Не менш цікавай абяцае быць сустрэча ў Ліцэі БДУ (6 снежня ў 14.20) з кандыдатам біялагічных навук старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Маргарытай Досінай, якая раскажа пра гісторыю і перспектывы касмічнай медыцыны, а таксама пра тое, што адбываецца з арганізмам чалавека пасля працяглага знаходжання ў космасе.
Сярод экспертаў фестывалю — дырэктар па навуцы кампаніі BrainGarden Іван Дрокін, які ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы (7 снежня ў 13.30) раскажа пра тое, што такое машынны інтэлект і як ён выкарыстоўваецца ў медыцыне. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры ядзернай фізікі Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі Аксана Уласава на сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце раскажа пра выкарыстанне іанізуючага выпраменьвання ў медыцыне. Адразу некалькі сустрэч у рамках фестывалю правядзе ўрач-дыетолаг Алена Мотава, якая раскрые сакрэты ежы і харчовых звычак, што дапамагаюць стаць разумнейшым і жыць даўжэй.
На лекцыі дырэктара па навуцы біятэхналагічнай кампаніі yRisk кандыдата біялагічных навук Антона Ціханава “Рак: выпадковасць, асяроддзе, спадчыннасць і кіраванне рызыкамі” вы даведаецеся пра тое, як правільна клапаціцца пра сваё здароўе, што рабіць ці не рабіць у маладосці, каб менш хварэць у старасці. Сустрэча адбудзецца 7 снежня ў 14.25 у МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ.
Таксама гасцей фестывалю чакаюць навукова-папулярнае ток-шоу “Разбяром на атамы”, навукова-медыцынскі квест “Думай як урач”, кінапаказ навукова-папулярнага фільма “Жыццё з бактэрыямі” з каментарыямі вучонага, майстар-клас “Мой сябар — мікрабіёта”, навуковыя чытанні і іншыя цікавыя падзеі. Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю вольны. Падрабязную інфармацыю аб усіх фестывальных мерапрыемствах, часе і месцы іх правядзення можна даведацца на сайце mnsk.kstati-fest.ru.
Марына ПЫРКОВА.