Запрашаем у сялянскую хатку

- 12:57Дашкольная адукацыя

У рамках рэалізацыі педагагічнага праекта “Беларуская хатка. Міні-музей беларускай нацыянальнай культуры” ў яслях-садзе № 15 “Рабінка” Жодзіна сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў створаны міні-музей “Сялянская хатка”.

Свядомае вывучэнне дзецьмі дашкольнага ўзросту традыцый, культуры, звычаяў і побыту беларускага народа — адна з умоў выхавання грамадзяніна нашай краіны. Тым не менш нацыянальная самасвядомасць у дзяцей павінна фарміравацца пры паважлівых адносінах да культуры і традыцый іншых народаў.

З мінулага навучальнага года ў нашым садку працуе этнаграфічная экспазіцыя “Беларуская хатка”, дзе прадстаўлены прадметы побыту беларусаў ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя і прадметы матэрыяльнай культуры беларускага народа, а таксама рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут можна ўбачыць вырабы з саломы, лазы, дрэва і гліны. Акрамя дзяцей і бацькоў нашага садка, музей наведваюць выхавальнікі з іншых дзіцячых садоў разам са сваімі выхаванцамі. Нашы педагогі з радасцю сустракаюць гасцей, праводзяць для іх экскурсіі па ўстанове, расказваюць пра асаблівасці жыцця нашых продкаў, каб сучаснікі змаглі адчуць цеплыню душы, якой былі сагрэты іх сялянскія хаткі.

Таццяна ХАДАРОНАК,
кіраўнік фізічнага выхавання, кіраўнік міні-музея ясляў-сада № 15 “Рабінка” Жодзіна.