Заработная плата бюджэтнікаў павялічваецца

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы Савета Міністраў “Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў”, які падрыхтаваны ў мэтах павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы, матэрыяльнай падтрымкі асобных яе катэгорый. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакумент падрыхтаваны ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, якія накіраваны на дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе сярэдняй заработнай платы па краіне на ўзроўні Br1 тысячы, а ў бюджэтнай сферы — не ніжэй за 80 працэнтаў ад гэтага ўзроўню; а таксама на паэтапнае павышэнне зарплаты асобным катэгорыям работнікаў адукацыі і аховы здароўя ў два разы ў перыяд 2018—2025 гадоў.

Праектам пастановы прадугледжваецца павышэнне з 1 верасня 2018 года заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў адукацыі і аховы здароўя за кошт павышэння тарыфных ставак, акладаў і даплат у дыферэнцыраваных памерах з улікам аб’ёму, складанасці і выніковасці работы.

Педагагічным работнікам (у тым ліку прафесарска-выкладчыцкі склад) і памочнікам выхавальнікаў прапануецца ўстанавіць павышэнне тарыфных ставак, акладаў на 20 працэнтаў.

Для работнікаў аховы здароўя прадугледжваецца ўстанаўленне: урачам і медыцынскім сёстрам — даплат у памеры 20 працэнтаў і 13 працэнтаў адпаведна, правізарам, фармацэўтам, фізікам, хімікам, біёлагам — павышэння акладаў у памеры ад 40 да 100 працэнтаў.

Акрамя таго, прадугледжваецца павышэнне з 1 кастрычніка 2018 года тарыфнай стаўкі першага разраду з Br34 да Br35,5 работнікам бюджэтнай сферы ў цэлым.

У выніку прырост разліковай заработнай платы ў кастрычніку 2018 года ў параўнанні са жніўнем 2018 года складзе:

дацэнта ўстановы адукацыі — Br72,1, або 11,3 працэнта;

настаўніка, які мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, — Br64,7, або 12,7 працэнта;

памочніка выхавальніка — Br55,1, або 15,7 працэнта;

урача хірургічнага профілю, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, — Br128,6, або
19,3 працэнта;

медсястры аперацыйнай, якая мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, — Br63,7, або 14,1 працэнта;
правізара, які мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, — Br178,4, або 46,4 працэнта;

фармацэўта, які мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, — Br98,8, або 26,7 працэнта.

Прыняцце пастановы дасць магчымасць у 2018 годзе забяспечыць дасягненне суадносін заработнай платы ў бюджэтнай сферы і па рэспубліцы ў цэлым за IV квартал на -ўзроўні, не ніжэйшым за 80 працэнтаў, а таксама павялічыць сярэднюю заработную плату педагагічных работнікаў на 13,5 працэнта (суадносіны складуць 88 працэнтаў), урачоў — на 19,1 працэнта (суадносіны — 144 працэнты).

У выніку прыняцця пастановы сярэдняя заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый за 2018 год складзе Br742, у тым ліку за снежань — Br858, у сярэднім за IV квартал 2018 года — Br801.