Заставацца адданай мары

- 9:00Людзі адукацыі

Ала Прахарэнкава нарадзілася і вырасла ў Мсціславе. Яшчэ ў школе хацела стаць настаўніцай. Спачатку яе выбар спыніўся на прафесіі настаўніка пачатковых класаў, але, пазнаёміўшыся з настаўніцай нямецкай мовы Марыяй Давыдаўнай Чашкінай, яе дзіцячае жаданне канчаткова перарасло ў мару і мэту, да якой дзяўчына імкнулася доўгія гады.

Любімая настаўніца дасканала валодала сваім прадметам, вучыла дзяцей чытаць творы нямецкіх класікаў у арыгінале, выкарыстоўвала на ўроках метады і прыёмы, якія дазвалялі вучням уяўляць сябе на радзіме Гейнэ і Шылера. Руплівая вучаніца прымала ўдзел у раённых алімпіядах па нямецкай мове і станавілася пераможцай, дэманструючы пры гэтым не толькі веды, але і глыбокую цікавасць да прадмета.

Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мінскі тады яшчэ інстытут замежных моў на спецыяльнасць “Нямецкая і іспанская мовы”. Вучылася ў інстытуце добра, бо, па яе словах, заўсёды любіла вучыцца. Асвойваць замежныя мовы, як вядома, вельмі складана нават пры наяўнасці здольнасцей. Аднак уседлівасц­ь, цярпенне, працавітасць студэнткі давалі свае вынікі. Неяк, ужо ў канцы вучобы ў інстытуце, Але трапілася на вочы аб’ява пра конкурс на вакансію вядучага тэлеперадачы “Размаўляем па-іспанску”, і яна з цікаўнасці прыняла ўдзел у конкурсе. У выніку атрымала запрашэнне на работу ў Маскву, ад якога… ветліва адмовілася, бо яе даўняя мара — стаць добрай настаўніцай і працаваць у родным горадзе — была мацнейшай за ўсякія спакусы. У 1982 го­дзе Ала Мадэстаўна вярнулася ў родны Мсціслаў і ўладкавалася на работу ў сярэднюю школу № 1.

З таго часу прайшлі дзясяткі гадоў, Ала Мадэстаўна стала дасведчаным, мудрым, высокакваліфікаваным настаўнікам-прафесіяналам. А тады, у 80-х, спазнала першыя радасці і першыя няўдачы педагагічнай прафесіі. З самага пачатку работы хацела шмат чаму навучыцца ў вопытных калег: паважліваму дыялогу з вучнямі, мастацтву ўлюбіць як мага больш дзяцей у свой прадмет, зрабіць сваіх вучняў канкурэнтаздольнымі на алімпіядах і конкурсах, падрыхтаваць сабе годную змену. І гэта ў яе атрымлівалася.

Першыя поспехі ў працы прыйшлі да яе разам з перамогамі яе вучняў на абласной алімпіядзе па нямецкай мове ў 1992—1993 гадах. Тады яе выхаванцы два гады запар былі ў ліку найлепшых вучняў Магілёўскай вобласці. А далей Ала Мадэстаўна ў сваёй прафесійнай дзейнасці толькі набірала абароты. Значнай падзея­й у яе жыцці стала стажыроўка ў германскім горадзе Брандэн­бургу ў 2004 годзе, дзе яна працавала з гімназістамі. Настаўніца з цікавасцю дзеліцца сваімі ўражаннямі, атрыманымі ў зносінах з нямецкімі калегамі і вучнямі. У нямецкіх вучнях яе ўразіла адкрытасц­ь і ашаламляльная дапытлівасць. Яны што­дня задавалі ёй сотні пытанняў, а яна заўсёды хвалявалася, адказваючы на іх. Там яна пазнаёмілася з новымі формамі і метадамі работы, дзялілася ўласным вопытам. Вярнуўшыся дадому, Ала Мадэстаўна пачала ўкараняць у сваю работу тое, чаму навучылася падчас стажыроўкі. Яе талент, намаганні і мэтанакіраванасц­ь даюць магчымасць штогод рыхтаваць пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Толькі за апошнія 10 гадоў у іх ліку — Алена Талпыга, Таццяна Мінчанкова, Вікторыя Галчанава, Вольга Шкуратава, Дзмітрый Лазараў, Лізавета Лазарава. У 2019 і 2020 гадах поспеху ў абласной алімпіядзе па нямецкай мове дасягнула яе вучаніца Юлія Лук’янава. Летась яна была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені, сёлета — дыпломам ІІІ ступені.

Як жа ўдаецца Але Мадэстаўне з такім зайздросным пастаянствам рыхтаваць пераможцаў алімпіяд? Колькі працы і цярпення ўкладвае ў гэты працэс настаўніца, ведае толькі той, хто робіць тое ж самае. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта каласальная праца абодвух — настаўніка і вучня. Акрамя таго, паміж імі павінны быць высокая ступень даверу, узаемаразумення, адказнасці і любові. Адметнай рысай у рабоце Алы Мадэстаўны з высокаматываванымі навучэнцамі з’яўляецца метад апераджальнага навучання, што азначае падрыхтоўку вучня да алімпіяды з апера­джальным засваеннем вучэбных праграм на год і нават больш. Яе вучні, якія змагаюцца ў ведах з больш старэйшымі канкурэнтамі, як правіла, становяцца пераможцамі раённых алімпіяд. У гэтым і ёсць майстэрства педагога.

Алу Прахарэнкаву даўно турбуе праблема падзення прэстыжу нямецкай мовы ў гарадскіх установах адукацыі, дзе пераважная большасць школьнікаў выбірае для вывучэння англійскую і іншыя мовы. Аднак яна не маркоціцца, захапляючы вучняў уласнай харызмай, энтузіязмам, неардынарным падыходам да працэсу навучання. На пытанне, як ёй удаецца падтрымліваць на высокім узроўні веданне мовы, яна спасылаецца на чытанне ў арыгінале твораў Гейнэ, Гётэ і проста нямецкіх газет. Некаторыя з яе вучняў не пакінулі заняткі нямецкай мовай, а звязалі з ёй далейшую адукацыю. Так, Лізавета Лазарава, выпускніца 2018 года, двойчы пераможца трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове і пераможца абласнога конкурсу работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Нямецкая мова” ў 2016 годзе, з’яўляецца студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Міжнародныя камунікацыі”.

Шматгадовая праца Алы Мадэстаўны знайшла прызнанне не толькі ў вучняў, іх бацькоў і калег. Настаўніца мае ўзнагароды галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абл­выканкама, у 2008 годзе ўзнагароджана граматай, а ў 2011 годзе — Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прафесійны стаж дазваляе ёй пайсці на заслужаны адпачынак, але гэта не для яе. Той тэмп, у якім жыве і працуе Ала Мадэстаўна, сведчыць аб тым, што падрыхтоўка годнай змены ў яе яшчэ наперадзе. На пытанне аб тым, што яна лічыц­ь галоўным у жыцці чалавека, Ала Мадэстаўна прыводзіць любімую фразу: “Не важна, у чым адбыўся чалавек, галоўнае, каб адбыўся”.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Мсціслава.