Засцерагчы сябе і блізкіх

- 12:16Сацыяльны ракурс

У гімназіі № 33 Мінска праводзіцца актыўная прафілактычная работа з вучнямі і педагогамі.  

— 72 працэнты педагогаў гімназіі на сёння цалкам прышчэплены су­праць інфекцыі COVID-19. Супраць грыпу прышчэплены амаль усе нашы супрацоўнікі. Гэта ўжо штогадовая традыцыя, — гаворыць дырэктар установы Аксана Барысаўна Якубоўская. — Адміністрацыя ў гэтых пытаннях заўсёды на крок наперадзе. Для калектыву важны прыклад кіраўніцтва, які дзейнічае лепш за ўсялякія словы і перакананні. Усе мае намеснікі і я больш як год назад прышчапіліся вакцынай “Спадарож­нік V” і ўжо зрабілі паўторную прышчэпку “Спадарожнікам-Лайт”.

У нашай установе адукацыі вучацца больш за 1100 дзяцей. Адно для аднаго, а таксама для дарослых у калектыве дзеці з’яўляюцца крыніцай інфекцыі COVID-19. Новы штам амікрон хутка распаўсюджваецца, ён больш небяспечны і не шкадуе падрастаючае пакаленне. Захворванне ў дзяцей можа працякаць цяжка і нават патрабаваць шпіталізацыі. Знізіць хуткасць перадачы віруса і рызыку захварэць, асабліва ў цяжкай форме, дапаможа вакцынацыя.

Вядома, што для дасягнення калектыўнага імунітэту неабходна ахапіць вакцынацыяй не менш як 60 працэнтаў насельніцтва. Менавіта таму з 27 снежня мінулага года ў нашай краіне пачалася вакцынацыя супраць COVID-19 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Гэтая прышчэпка ўжо занесена ў пералік прафілактычных па эпідпаказаннях. Прапануецца інактываваная вакцына Vero Сell вытворчасці КНР. Працэдура ўключае ўвядзенне ўнутрымышачна ў верхнюю частку рукі дзвюх доз з інтэрвалам 21—28 дзён. Паводле даследаванняў, эфектыўнасць гэтай вакцыны складае 80 працэнтаў. Што тычыцца прадухілення цяжкіх выпадкаў, яна працуе на 100 працэнтаў. 

Каму ў першую чаргу мэтазгодна зрабіць прафілактычныя прышчэпкі супраць COVID-19? Медыкі гавораць аб асабліва ўразлівай катэгорыі дзяцей, якія пакутуюць ад пэўных захворванняў: маюць розныя імунадэфіцытныя станы, парушэнне абмену рэчываў, хранічныя, сардэчна-сасудзістыя і дыхальныя захворванні. Дзецям, якія перахварэлі на COVID-19, а такіх у гімназіі дастаткова за двухгадовы перыяд пандэміі, таксама можна рэкамендаваць абараніць сябе. 

На мінулым тыдні галоўны дзяржаўны санітарны ўрач сталіцы Святлана Ярмак паведаміла журналістам, што ў Мінску ад COVID-19 вакцынавана каля 2,5 тысячы дзяцей. Непаўналетніх прышчэпліваюць у паліклініках, а таксама на базе ўстаноў адукацыі.

Транспартуецца вакцына ў гімназію з 10-й гарадской паліклінікі. Забяспечана магчымасць яе захоўвання ў халадзільным абсталяванні пры тэмпературы 2—8°С. У медыцынскім і працэдурным кабінетах гімназіі на працягу 20 гадоў працуюць медсястра Лілія Іванаўна Кардаш і ўрач паліклінікі Марына Мікалаеўна Чэркіс. Яны адначасова з’яўляюцца супрацоўнікамі гімназіі.

Перш чым пачаць прышчэпачную кампанію, у гімназіі прайшлі баць­коўскія сходы, дзе выступалі медработнікі, якія падрабязна расказалі пра вакцыну, меры засцярогі. Таксама было праведзена апытанне сярод бацькоў аб згодзе ці нязгодзе на вакцынацыю іх дзяцей. Канчатковы дазвол даецца ўрачом-педыятрам пасля клінічнага агляду дзіцяці і пры адсутнасці ў яго супрацьпаказанняў. Так, увядзенне вакцыны забаронена пры наяўнасці ў анамнезе анафілактычнай рэакцыі на любы яе кампанент. Адкласці працэдуру неабходна пры любым вострым захворванні або пры абвастрэнні хранічнага захворвання. Прышчэпку можна рабіць не раней чым праз 2—4 тыдні пасля поўнага вылечвання. Таксама пасля перанесенай інфекцыі COVID-19 павінна прайсці не менш як 6 месяцаў.

Бацькоў папярэджвалі і аб магчымых непажаданых рэакцыях: боль, пачырваненне і ўшчыльненне ў месцы ін’екцыі, недамаганне, галаўны боль, тэмпература. У выпадку ўзнікнення ў дзіцяці пабочных рэакцый пасля прышчэпкі і захавання іх звыш сутак трэба звярнуцца да ўчастковага ўрача-педыятра.   

— Такім чынам, сёння наш вучань можа не ісці ў паліклініку і не стаяць у чарзе, а па пісьмовай згодзе бацькоў, пры адсутнасці супрацьпаказанняў і пад кантролем урача спакойна прышчапіцца ў гімназіі, — падкрэсліла Аксана Барысаўна. — Гэтай магчымасцю многія ўжо скарысталіся. У гімназіі вучацца 473 дзіцяці 12—17 гадоў. Паводле апытання, у канцы снежня 49 гімназістаў выказалі жаданне прышчапіцца. Цяпер далі згоду 185 дзяцей, з іх 53 ужо прышчапіліся, у тым ліку на базе гімназіі.  

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.