Зацікаўлены ў супрацоўніцтве

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

На базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшла сустрэча міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі з міністрам замежных спраў Рэспублікі Нікарагуа Дэнісам Раналда Манкада Каліндрасам. 

Перамовы міністраў былі прысвечаны развіццю двухбаковых адносін у сферы адукацыі. Ігар Карпенка расказаў пра перспектывы навучання ў Рэспубліцы Беларусь для замежных студэнтаў, пра гранты на навучанне, умовы пражывання. Міністр адукацыі гаварыў і пра тое, што замежныя студэнты могуць паступаць і вучыцца ў магістратуры і аспірантуры, а таксама пра магчымасці вывучэння рускай мовы. Ён падкрэсліў, што да далейшага канструктыўнага ўзаемадзеяння па развіцці беларуска-нікарагуанскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі гатовы ўсе зацікаўленыя, бо, як правіла, развіццё адукацыйных адносін становіцца асновай для міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

“Калі гаварыць пра пытанні адукацыі, то ў нас ёсць варыянты магчымага супрацоўніцтва. Па-першае, наша нарматыўная база дазваляе нам навучаць студэнтаў замежных краін за кошт сродкаў Рэспублікі Беларусь. Пытанні, хто са студэнтаў можа прыехаць вучыцца, вырашае наша дыпламатычнае прадстаўніцтва за мяжой ва ўзаемадзеянні з урадам адпаведнай краіны. Да новага года падаюцца заяўкі з гэтых краін. Адна з умоў для навучання замежных студэнтаў — веданне рускай мовы. Але цяпер мы крыху мяняем заканадаўства і з наступнага года зможам прымаць грамадзян з улікам навучання рускай мове тут, а потым ужо навучання па канкрэтнай спецыяльнасці. Усяго ў год мы выдзяляем 100 грантаў на ўсе краіны”, — расказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, Беларусь таксама гатова прымаць студэнтаў з Нікарагуа на платную форму навучання. “Тут мы можам прымаць на навучанне як на англійскай, так і на рускай мове. Трэба проста разумець, якія спецыяльнасці цікавяць вас і ў якіх спецыялістах зацікаўлена ваша краіна. Мы зможам у рабочым парадку ўдакладніць магчымыя формы навучання і яго кошт. Акрамя таго, прадугледжана гнуткая сістэма скідак. Таксама студэнты, якія навучаюцца ў Беларусі, могуць працаваць па спецыяльнасці, якую выбралі, і тым самым атрымліваць практычныя навыкі”, — адзначыў міністр.

Ігар Карпенка паведаміў, што сёння ў Беларусі вучацца каля 27 тысяч замежных студэнтаў са 109 краін свету. “У нас ёсць добры кампус для пражывання — Студэнцкая вёска, якая будавалася па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны. Тут створаны камфартабельныя ўмовы для пражывання, ёсць усё неабходнае.

Мы падтрымліваем усе ініцыятывы замежных студэнтаў у плане спазнання краіны, арганізацыі экскурсій, правядзення розных мерапрыемстваў, — падкрэсліў міністр. — Мы вітаем прамыя дагаворы паміж універсітэтамі. Яны дазваляюць наладжваць больш практычны кантакт. Гэта могуць быць абмены студэнтамі для праходжання практыкі, розныя навуковыя даследаванні. Мы актыўна развіваем такую форму, як сумесныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў з выдачай двайных дыпломаў. Акрамя таго, мы прапануем розныя стажыроўкі і навучанне ў магістратуры. У залежнасці ад спецыяльнасці і ведання мовы магістратура можа быць ад 1 да 2 гадоў”.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук пазнаёміў гасцей з Рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам адукацыйнай робататэхнікі, які аснашчаны самым сучасным вучэбным камп’ютарным абсталяваннем, адукацыйнымі робатамі, 3D-друкам і многім іншым. Тут студэнты вывучаюць сучасныя інавацыйныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія затым яны будуць актыўна прымяняць у сваёй прафесійнай дзейнасці. У цэнтры праводзяцца заняткі са школьнікамі, арганізоўваюцца вучэбныя курсы па адукацыйнай робататэхніцы і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якія ўжо працуюць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.