Заява аб “небяспечнасці тэхналогій” будаўніцтва БелАЭС гучыць дзіўна

- 15:09Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства замежных спраў Беларусі запрасіла для размовы пасла Польшчы пасля выказванняў міністра замежных спраў гэтай краіны Вітальда Вашчыкоўскага ў інтэрв’ю РІА Навіны аб тым, што яго краіна не мае намеру закупляць у будучыні энергію з АЭС, якая будуецца ў Беларусі, таму што ў аснове праекта нібыта ляжаць “небяспечныя тэхналогіі”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

“Хацелі б нагадаць, што тэхналогіі, якія прымяняюцца пры будаўніцтве Беларускай АЭС, паспяхова выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі аналагічных праектаў у такіх краінах Еўрапейскага саюза, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя і Чэхія. Наколькі нам вядома, афіцыйнай крытыкі з боку Польшчы ў адрас згаданых дзяржаў па гэтай тэме не гучала. У сувязі з гэтым пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь запрошаны ў МЗС для размовы”, — расказалі ў міністэрстве.

У ведамстве дадалі, што ў выпадку, калі працытаваныя ў СМІ словы Вітальда Вашчыкоўскага цалкам адпавядаюць сказанаму, у наяўнасці палітызацыя руціннага пытання будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай еўрапейскай салідарнасці пад націскам літоўскага боку. “Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва і кантактаў па пытаннях ядзернай бяспекі, у тым ліку ў кантэксце будаўніцтва Беларускай АЭС, з усімі зацікаўленымі і тым больш такімі блізкімі суседзямі, як Польшча”, — падкрэслілі ў МЗС.

Як заўважылі ў міністэрстве, Польшча ў 2009—2013 гадах удзельнічала ў міждзяржаўным абмеркаванні вынікаў праведзенай Беларуссю ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе і не пярэчыла рэалізацыі праекта. “Прэтэнзіі або сумненні адносна бяспекі праекта польскі бок у кантактах з намі не выказваў ні на двухбаковым узроўні, ні ў рамках існуючых міжнародных фарматаў. Так, падчас абмеркавання нацыянальнага даклада Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы напярэдадні нарады бакоў (27 сакавіка — 7 красавіка 2017 года) польскія калегі задалі ўсяго тры практычныя пытанні, на якія мы адказалі, — звярнулі ўвагу ў ведамстве. — Увязка нібыта прынятага рашэння не закупляць электраэнергію, вырабленую на Беларускай АЭС, з “небяспечнасцю тэхналогіі” гучыць дзіўна як мінімум у святле таго, што Польшча сама разглядае магчымасць развіцця ў краіне ядзернай энергетыкі”.