Заззялі новыя зоркі

- 10:26Навіны рэгіёнаў

Дзіцячая творчасць захліснула на мінулым тыдні раённы гарадок Клімавічы. Там чарговы раз прайшоў Міжнародны фестываль “Залатая пчолка”.

На музычнае свята паказаць сябе прыехалі індывідуальныя выканаўцы і калектывы з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі. Усяго “Залатая пчолка” аб’яднала звыш 800 юных талентаў.
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Герасімава, кожны дзень фестывалю быў тэматычным.
— Мы правялі для ўдзельнікаў дзень сяброўства, дзень нараджэння фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, дзень моладзi “Мы пачынаем свой шлях”, фестывальны дзень. Кожны з іх быў насычаны мерапрыемствамі. Такім чынам, дзеці маглі не толькі прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, але і мелі магчымасць пагутарыць, знайсці новых сяброў, — адзначыла Наталля Яўгенаўна. — Яшчэ адной навацыяй стала работа ў рамках форуму маладзёжнай тэматычнай пляцоўкі “Кветкі Вялікай Перамогі”. Магілёўская моладзь прадстаўляла гасцям і ўдзельнікам фестывалю патрыятычныя творчыя нумары. Так мы хацелі нагадаць падрастаючаму пакаленню і ўсім прысутным на фестывалі пра подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Як бы ні было цікава на фестывалі, галоўным для яго ўдзельнікаў заставаўся дыплом пераможцы. Конкурсная праграма сёлета праходзіла па такіх намінацыях, як “Салісты — народныя спевы”, “Вакальныя ансамблі — народныя спевы”, “Вакальныя ансамблі — эстрадныя спевы”, “Калектывы эстраднага танца”, “Cалісты — эстрадныя спевы”, “Калектывы народнага танца”.
Па выніках фестывалю прызавыя дыпломы атрымалі звыш 40 удзельнікаў. А вось гран-пры ў гэтым годзе заваявалі вакалістка Стафанія Сакалова з Мінска, узорны ансамбль танца “Каранфіл” з Малдовы і вакальная група “Жулдыздар” з Казахстана.
Фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, які запаліў нямала яркіх зорачак, сярод якіх Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, чарговы раз назваў сваіх пераможцаў. Безумоўна, што і для сёлетніх лаўрэатаў ён таксама стане своеасаблівым трамплінам творчага шляху і добрым стымулам для далейшых дасягненняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Валерыя АСМАЛОЎСКАГА.