Здаровая прырода без лекаў

- 11:37Выхаванне

Праблему шкоды для прыроды ад выкінутых лекавых і ветэрынарных прэпаратаў складана перабольшыць, таму ў большасці еўрапейскіх краін дзейнічае сістэма іх збору ад насельніцтва і перапрацоўкі. Падышла да вырашэння гэтай праблемы і Беларусь. У многім гэтаму спрыяе Цэнтр экалагічных рашэнняў пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Асветніцкую місію ўзялі на сябе і школы Беларусі. Значным крокам наперад стала іх сумесная інфармацыйная кампанія “Лекам не месца ў вадзе і ежы”, якая праходзіла ў Беларусі ў лютым і сакавіку. Яна стала часткай міжнароднага праекта “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і садзейнічанне развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі” для педагогаў устаноў адукацыі нашай краіны. Вынікі кампаніі былі падзведзены 1 красавіка на фестывалі вады ў Мінску.

Не пусцілі лекі ў рэчку барысаўскія эколагі.

Пратэрмінаваныя лекавыя і ветэрынарныя прэпараты, трапляючы ў навакольнае асяроддзе, аказваюць наймацнейшы негатыўны эфект на флору і фаўну. Напрыклад, утрыманне ў вадзе эстрагену можа мяняць пол у рыб: мужчынскія асобіны ператвараюцца ў жаночыя і пачынаюць адкладваць ікру. Лекі ад дэпрэсіі назапашваюцца ў мозгу рыб, што робіць іх больш смелымі і агрэсіўнымі. У выніку дробная рыба, напрыклад, не баіцца драпежных відаў. Прысутнасць фармацэўтычных прэпаратаў у навакольным асяроддзі можа прывесці да парушэння функцыі нырак у птушак, змен у паводзінах жывёл. Рэшткі “хімічнага кактэйлю” трапляюць і да нас у шклянку. Пры паступленні ў арганізм чалавека на працягу многіх гадоў нават у нязначных колькасцях, лекі наносяць сур’ёзную шкоду здароўю. Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, антыбіётыкі — прывесці да прывыкання, а значыць, зніжэння іх эфектыўнасці пры лячэнні і ў выніку да больш працяглых шпіталізацый, росту медыцынскіх выдаткаў і смяротнасці. Пастаянны кантакт з лекамі вядзе да развіцця алергічных рэакцый, якія могуць як выклікаць дэрматыт, так і стаць прычынай анафілактычнага шоку.

Як расказалі спецыялісты Цэнтра экалагічных рашэнняў, у 2015—2016 гадах яны правялі некалькі аналітычных і сацыялагічных даследаванняў, якія пацвердзілі праблему забруджвання лекамі навакольнага асяроддзя, а таксама наяўнасць у насельніцтва пратэрмінаваных лекаў. У 2018 годзе ў Мінску ў паліклініцы № 40 быў усталяваны першы кантэйнер для збору састарэлых лекавых прэпаратаў і праведзена інфармацыйная работа сярод насельніцтва. За 2 гады было сабрана і здадзена на абясшкоджванне КУП “Экарэс” больш за 100 кг пратэрмінаваных і сапсаваных лекаў ад насельніцтва.

Падчас чэленджу ў яслях-садзе № 40 Барысава.

Міністэрства ЖКГ вызначыла парадак збору адходаў пратэрмінаваных лекавых сродкаў, але пытанне арганізацыі збору ў кожным канкрэтным населеным пункце знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых улад. Актывізаваць іх было адной з задач ініцыятывы.

Падчас кампаніі яе ўдзельнікам прапаноўвалася зрабіць канкрэтныя крокі, якія б дапамаглі ўзняць і пачаць вырашаць “лекавую” праблему. Напрыклад, трэба было правесці рэвізію дамашніх аптэчак, арганізаваць публічнае мерапрыемства, запісаць відэа для сацыяльных сетак або адправіць афіцыйны запыт у мясцовыя органы ўлады з просьбай арганізаваць збор лекаў ад насельніцтва на пастаяннай аснове для далейшай іх утылізацыі. За кожны крок налічваліся балы, якія дазволілі арганізатарам вызначыць самых актыўных і ўзнагародзіць іх.

Беларусь пакуль набліжаецца да вырашэння праблемы. У прыватнасці, Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб арганізацыі цэнтралізаванага збору гэтага віду адходаў у сталіцы. На сёння пункты збору пратэрмінаваных лекаў ёсць ужо ў 13 гарадах Беларусі і дзейнічаюць 2 станцыі ўтылізацыі такіх адходаў — у Мінску і ў Віцебску. З восені ў Беларусі было сабрана больш за 70 кілаграмаў непрыгодных лекаў. Але ж рэкардсменам па зборы пратэрмінаваных лекаў стаў Барысаў. Толькі за месяц правядзення кампаніі “Лекам не месца ў вадзе і ежы” Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму падключыў усе ўстановы адукацыі горада і разам яны сабралі больш за 31 кілаграм лекаў!

“З 15 лютага па 15 сакавіка мы правялі сярод устаноў адукацыі Барысаўскага раёна экалагічны чэлендж “ТаблеТочка: паставь точку на просрочке”. У ім прынялі ўдзел 18 школ, 20 дзіцячых садкоў і наш экалагічны цэнтр — усяго 7421 чалавек. Цэнтр экалагічны рашэнняў прадаставіў нам усе неабходныя інфармацыйныя матэрыялы — іх мы разаслалі па ўстановах раёна. Усе ўстановы правялі для сваіх навучэнцаў і іх бацькоў мерапрыемствы. Фота і відэа скідвалі на наш сайт, тым самым натхняючы актыўнічаць іншых. Акрамя таго, яны правялі рэвізію сваіх дамашніх і аўтамабільных аптэчак і ўсе пратэрмінаваныя лекі прынеслі да нас. Наш горад — рэкардсмен па колькасці пунктаў збору старых лекаў: былі 2 у аптэках, а ў сакавіку кантэйнеры ўстанавілі яшчэ і ў трох паліклініках. Таму значная частка лекаў трапіла туды, а частку іх мы збіраемся адправіць у медуніверсітэт: ім яны неабходны для лабараторных даследаванняў”, — падзялілася Алена Шубара, загадчык аграбіялагічнага аддзела Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму. Менавіта яна і каманда педагогаў з яе ўстановы сталі безумоўнымі лідарамі ў гэтай кампаніі.

Акрамя таго, былі яшчэ 4 пераможцы. Сярод іх — Таццяна Ліленка, настаўніца Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнкі Ушацкага раёна, якая павезла для сваіх навучэнцаў, аматараў паходаў, прыз — новенькую 4-месную палатку. Яна расказала: “Гэта была цікавая прыгода для нас. Асабліва інвентарызацыя аптэчак — дамашніх, школьных, аўтамабільных, ветэрынарных. Кароў і свіней у вёсцы цяпер мала хто трымае, але лекі для былой гаспадаркі яшчэ засталіся. І мы з дзецьмі хадзілі па вёсках, збіралі такія старыя лекі. Часам на іх нават ужо назвы сцерліся. Ні інспекцыя па ахове прыроды, ні мясцовая паліклініка з гэтай праблемай не знаёмы, але мы накіравалі ім сваю прапанову арганізаваць пункт збору лекаў — спадзяюся, што нас пачуюць. А пакуль усе сабраныя лекі мы возім у гімназію ў Полацку, дзе вучыцца мая дачка”.

У пяцёрку пераможцаў увайшлі і Л.С.Юхневіч, педагог Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча Ашмянскага раёна, С.А.Бабраўніцкая з сярэдняй школы № 3 Ашмян і С.А.Яўнішкене з сярэдняй школы № 24 Барысава. Усяго ў фестывалі прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы 91 установы адукацыі з 5 рэгіёнаў Беларусі і Мінска.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі кампаніі.