Згодна з запытамі вучнёўска-бацькоўскай грамадскасці

- 10:20Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама Мінскай вобласці Таццяны Мікалаеўны КРЫКАЛА, якая дзеліцца вопытам адукацыйна-выхаваўчай сістэмы свайго рэгіёна.

— Як развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Валожынскага раёна ва ўжо мінулым навучальным годзе?

— Рэалізуючы ідэю якасці адукацыі, установы адукацыі раёна ствараюць адукацыйную прастору для развіцця здольнасцей навучэнцаў у вучэбна-даследчым, фізкультурна-аздараўленчым, мастацка-эстэтычным, працоўным, тэхнічным, турысцка-краязнаўчым, экалагічным, эканамічным напрамках, садзейнічаюць развіццю лідарскіх якасцей навучэнцаў, забяспечваюць навучанне ў адпаведнасці са здольнасцямі і патрэбамі. У 2016/2017 навучальным годзе ў раёне былі адзначаны станоўчыя тэндэнцыі. Актыўна развіваюцца варыятыўныя формы дашкольнай адукацыі. Для павышэння ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй з улікам запытаў бацькоў у 17 установах арганізавана работа 24 новых форм дашкольнай адукацыі з рэжымам знаходжання дзяцей ад 2 да 7 гадзін. Сярод найбольш запатрабаваных форм групы ранішняга і вячэрняга знаходжання, прагулачныя і адаптацыйныя групы, гульнявыя і сезонныя пляцоўкі, групы выхаднога дня. Павялічылася колькасць вучняў, узнагароджаных пасля заканчэння сярэдняй школы залатым і сярэбраным медалямі; стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў сталі двое навучэнцаў (пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару); на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымана 5 дыпломаў, 4 навучэнцы былі ўдзельнікамі заключнага этапу. Па выніках навучальнага года 167 пераможцаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў у інтэлектуальных, даследчых, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах узнагароджаны грашовымі прэміямі Валожынскага раённага выканаўчага камітэта на суму 3076,75 рубля.

— Якія планы па аздараўленні дзяцей, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?

— Аздараўленчая кампанія ў нашым раёне арганізавана ў адпаведнасці з рашэннем Валожынскага раённага выканаўчага камітэта “Аб арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей у 2017 годзе”. У летні перыяд 2017 года ў Валожынскім раёне будуць функцыянаваць 42 лагеры. Праца лагераў спланавана на працягу трох летніх месяцаў. 40 навучэнцаў раёна выедуць у стацыянарныя лагеры “Лясная казка” Вілейскага раёна, “Нёман” Стаўбцоўскага раёна. Вялікая ўвага будзе ўдзелена аздараўленню дзяцей з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, навучэнцаў, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. У летніках пабываюць 40 дзяцей-сірот і 10 дзяцей-інвалідаў. Такім чынам, у летні перыяд 2017 года ў лагерах розных тыпаў плануецца аздаравіць 1443 навучэнцы. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі раёна пастаянна ўдасканальваецца, значная ўвага ўдзяляецца правядзенню рамонтных работ. Прымаюцца меры па развіцці адукацыйнай прасторы ўстаноў адукацыі, абнаўляецца спартыўнае і тэхналагічнае абсталяванне. У прыватнасці, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з Ракаўскім сельскім саветам значна абноўлена база ўстаноў адукацыі, размешчаных на тэрыторыі гэтага сельскага савета. Набыта сучаснае надворнае гульнявое абсталяванне, абсталяванне для гульнявых пакояў, добраўпарадкавана ўніверсальная спартыўная пляцоўка.

— А як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Назапашаны вопыт дазваляе сцвярджаць, што масавы ахоп бацькоў аднолькавымі формамі работы сёння малаэфектыўны. У сучаснай адукацыйнай практыцы прыярытэтнымі становяцца дыферэнцыяцыя, асобасна арыентаваны падыход і ў адносінах да сям’і, таму кожная ўстанова будуе сваю мадэль працы з сям’ёй і бацькамі, не навязваючы ўсім аднолькавыя формы ўзаемадзеяння, цярпліва далучаючы іх да спраў школы, класа, дзіцяці. У раёне распаўсюджаны вопыт прыцягнення да гэтай дзейнасці татаў. Пачынаючы ад простай чалавечай размовы і разумення да аказання практычнай дапамогі ў вырашэнні бытавых праблем. Згадзіцеся, простая шчырая мужчынская размова, прыклад паводзін у тых ці іншых абставінах, жыццёвы вопыт даюць больш, чым павучальныя лекцыі. А каб такая размова магла адбыцца, неабходна, каб зносіны з дарослымі былі нефармальнымі, даверлівымі. Гэтаму спрыяе сумесная дзейнасць: сустрэчы, працоўныя справы, вольны час. Раней за іншыя метады выхавання на дзяцей пачынае ўздзейнічаць асабісты прыклад бацькоў. Улічваючы гэта і з мэтай прафарыентацыйнай работы, прапаганды працоўнага выхавання сумеснымі намаганнямі на базе Вішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна арганізавана школьнае лясніцтва “Светлячок”, дзе разам са сваімі бацькамі, работнікамі Вішнеўскага лясніцтва, навучэнцы збіраюць насенне, садзяць лес, падкормліваюць жывёл. У раёне маецца станоўчы вопыт правядзення выязных бацькоўскіх сходаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе працуюць бацькі навучэнцаў. Багаты вопыт правядзення такіх сходаў назапашаны ў сярэдняй школе № 2 Валожына, Пяршайскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

— Ці стала запатрабаваным профільнае навучанне? Ці ёсць у вас педкласы?

— Стала. Раённая мадэль профільнага навучання рэалізоўваецца на базе 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (гімназіі № 1 Валожына, сярэдніх школ №№ 1, 2 Валожына, Івянецкай сярэдняй школы, Ракаўскай сярэдняй школы). У 2016/2017 навучальным годзе профільную адукацыю атрымлівалі 156 навучэнцаў, на павышаным узроўні вывучаліся 7 прадметаў (фізіка, хімія, матэматыка, біялогія, англійская мова, руская мова, беларуская мова). Навучэнцы выбіраюць гуманітарны, эканамічны, тэхнічны кірункі. У 2017/2018 навучальным годзе таксама ў гэтых 5 установах адукацыі будзе арганізавана профільнае навучанне на ІІІ ступені для 134 вучняў, і да прадметаў, якія ўжо вывучаюцца на павышаным узроўні, дадасца гісторыя Беларусі. Групы педагагічнай накіраванасці арганізаваны на базе трох устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна: у сярэдняй школе № 1 Валожына, Івянецкай сярэдняй школе, Ракаўскай сярэдняй школе для 94 вучняў. Гэтымі ўстановамі адукацыі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.

— Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Сучаснай школе патрэбен не проста высокакваліфікаваны спецыяліст, а прафесіянал. Раённы вучэбна-метадычны кабінет — гэта сістэма ўзаемазвязаных мер, дзеянняў, мерапрыемстваў, накіраваных на ўсебаковае павышэнне кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства кожнага педагога, на развіццё і павышэнне творчага патэнцыялу, ініцыятывы педагагічных калектываў. РВМК арганізавана дзейнасць Школы маладога педагога “Крок у прафесію”, дзейнасць якой спрыяе аптымальнай адаптацыі да практычнай дзейнасці маладых спецыялістаў, дае магчымасць планаваць іх самаадукацыю і прафесійны рост. Распаўсюджваецца эфектыўная педагагічная практыка вопытных педагогаў не толькі на раённым, але абласным і рэспубліканскім узроўнях. РВМК сёння выступае арганізатарам такіх раённых брэндавых адукацыйных мерапрыемстваў, як жнівеньскія сустрэчы за круглым сталом з маладымі спецыялістамі “Сардэчна запрашаем — прафесія Настаўнік”, спартыўна-турысцкае свята “Валожынскія гасцінцы”, конкурсы “Юны даследчык”, “Вучань года”, “Метадычная вясна”.

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Пытанні гарантавання бяспечных і камфортных умоў для навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці выхаваўчай работы, развіццё вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Работа з адоранымі дзецьмі. Не скажу, што сёння ў гэтым кірунку робіцца мала. Проста тут трэба пастаяннае ўдасканаленне метадаў, прыёмаў і падыходаў. Трэба шукаць, шукаць і яшчэ раз шукаць новыя формы, метадалогію. Удасканальваць дзейнасць апякунскіх саветаў, саветаў устаноў адукацыі, сацыяльнага партнёрства па развіцці ўстаноў адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.