Жак Фор паабяцаў не ўмешвацца ў выбарчы працэс

- 11:47Выбары 2015

Работа наглядальнікаў місіі БДІПЧ АБСЕ ў час прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ніякім чынам не прадугледжвае ўмяшання ў выбарчы працэс. Аб гэтым заявіў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ Жак Фор.

“Наша роля ў тым, каб ажыццяўляць назіранне”, – сказаў Жак Фор. Ён запэўніў, што работа наглядальнікаў місіі будзе будавацца на аснове прафесіяналізму, непрадузятасці, празрыстасці і аб’ектыўнасці.
Таксама ён паведаміў, што місія плануе правесці сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржорганаў на розных узроўнях, грамадзянскай супольнасці і СМІ.
Наглядальнікі з 16 краін АБСЕ прыбудуць у Мінск 31 жніўня, паведаміў Жак Фор.
“Напярэдадні дня выбараў мы будзем чакаць прыбыцця ў краіну больш вялікай групы наглядальнікаў, кароткатэрміновых, колькасць якіх складзе амаль 400 чалавек”, – расказаў Жак Фор.
Паводле яго слоў, дзейнасць місіі будзе таксама ўключаць аб’яднанне намаганняў з наглядальнікамі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У ходзе работы будзе апублікавана адна прамежкавая справаздача, а ў дзень, наступны за днём выбараў, будзе абнародавана заключэнне адносна гэтай электаральнай падзеі. У тым ліку будуць апублікаваны рэкамендацыі наконт таго, якім чынам можна палепшыць якасць выбарчага працэсу ў краіне. “Справаздача будзе прапанавана для разгляду ўладам”, – дадаў кіраўнік наглядальнай місіі.
Прамежкавая справаздача не будзе змяшчаць якіх-небудзь ацэнак, падкрэсліў Жак Фор. Адначасова з абнародаваннем дакумента плануецца правесці прэс-канферэнцыю для беларускіх СМІ.
Місія БДІПЧ АБСЕ, якая пачала работу па назіранні за выбарчай кампаніяй у Беларусі, уключае ў сябе 11 міжнародных экспертаў, якія базіруюцца ў Мінску, а таксама 36 наглядальнікаў, працуючых па ўсёй краіне. Апошнія пачнуць сваю місію 2 верасня.
Сярод 11 экспертаў місіі, якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, грамадзяне Францыі, Даніі, Польшчы, Расіі, Грэцыі, Італіі, Сербіі, Казахстана, Украіны. Гэта эксперты ў галіне права, медыя-аналітыкі, выбараў і г.д. Сярод іх таксама ёсць і спецыялісты па фінансавых пытаннях і па бяспецы.
Кіраўнік наглядальнай місіі БДІПЧ АБСЕ выказаў надзею на на плённае супрацоўніцтва з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу.
“Размяшчэнне місіі па назіранні за выбарамі – гэта крок, які прыняты ў адказ на афіцыйнае запрашэнне беларускіх улад. Рашэнне таксама прынята па выніках работы ацэначнай місіі, што працавала ў Беларусі ў ліпені. “Гэта ўжо шостыя выбары, за якімі БДІПЧ АБСЕ будзе ажыццяўляць назіранне з 2001 года”, – расказаў Жак Фор. “Мы спадзяёмся на працяг добрага супрацоўніцтва з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу”, – падкрэсліў ён.
“У час работы нашай місіі мы будзем сустракацца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў на ўсіх узроўнях, а таксама з кандыдатамі, прадстаўнікамі палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці, якія прысутнічаюць у краіне”, – паведаміў Жак Фор.