Жанчыны шырока прадстаўлены ў навуковай сферы

- 9:27Інфармацыйная гадзіна

Амаль 40 працэнтаў даследчыкаў у беларускай навуцы — жанчыны. Аб гэтым паведаміла навуковы супрацоўнік Цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Алеся Салавей.

“Развіццё беларускай навукі характарызуецца шырокай прадстаўленасцю жанчын у яе кадравым патэнцыяле.

У цэлым па краіне яны складаюць 39 працэнтаў ад колькасці даследчыкаў. Доля жанчын сярод кандыдатаў навук — 43,6 працэнта. Пастаянна расце іх колькасць сярод дактароў навук — сёння гэта 19,9 працэнта. Доля жанчын сярод даследчыкаў ва ўсіх галінах навукі, за выключэннем тэхнічных, перавышае 50 працэнтаў. Больш за ўсё яны прадстаўлены ў кадравым складзе медыцынскіх навук (69,6 працэнта). А ў кадравым складзе тэхнічных навук пераважаюць мужчыны (жанчыны-даследчыкі ў іх складаюць 28 працэнтаў)”, — расказала Алеся Салавей.

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доля жанчын сярод даследчыкаў складае 47,6 працэнта, кандыдатаў навук — 43,6 працэнта, дактароў навук — 18,6 працэнта. Высокая іх доля сярод акадэмічных магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў — 52,3 працэнта, 55,8 працэнта і 40,8 працэнта адпаведна. “Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што жанчына выступае як раўнапраўны і раўнацэнны суб’ект навукі, якая патрабуе вышэйшай кваліфікацыі і асаблівых здольнасцей”, — адзначыла вучоны.

Алеся Салавей звярнула ўвагу на тое, што большасць беларускай акадэмічнай грамадскасці не падтрымлівае гендарных стэрэатыпаў адносна магчымасцей і ролі жанчын у навуцы. Згодна з сацыялагічным апытаннем, праведзеным даследчым калектывам маладых вучоных у 2020 годзе пры падтрымцы гранта “БРФФД-РФФД Навука-М”, большасць навуковых супрацоўнікаў НАН Беларусі не падзяляюць патрыярхальных ўяўленняў пра жанчын-вучоных. Са стэрэатыпам “навука — мужчынская сфера дзейнасці” не згодны 86,7 працэнта. Не лічаць, што “жанчына менш кампетэнтная як вучоны”, 90,7 працэнта апытаных. Акрамя таго, 75,3 працэнта згодны з тым, што “навуковыя дасягненні жанчын-вучоных у вашай галіне навукі не менш значныя, чым дасягненні мужчын-вучоных” (у тым ліку 83,4 працэнта жанчын і 65,7 працэнта мужчын).

Міжнародны дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы адзначаецца 11 лютага. Ён быў заснаваны рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН 22 снежня 2015 года.