Жыццё ў стылі “канікулы”

- 10:27Выхаванне

Аздараўленчая кампанія ў летніках розных тыпаў паспяхова стартавала і захапіла ўжо многіх юных беларусаў. Усяго за перыяд летніх канікул у лагерах плануецца аздаравіць прыкладна 388 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, што больш, чым летась. Прычым некаторыя лагеры прынялі дзяцей яшчэ напрыканцы мая, расцягнуўшы жыццё ў стылі “лета” для сваіх насельнікаў яшчэ на некалькі дзён.

Разумны адпачынак

— Паказчыкі аздараўлення дзяцей ад 6 да 18 гадоў стараемся вытрымліваць у тэндэнцыі, якая ўстанавілася некалькі гадоў назад — аздараўленне дзяцей на ўзроўні 32—38%, — гаворыць кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Васільеўна Емяльянчык. — Крыху больш за 200 тысяч дзяцей адпачнуць у лагерах з дзённым знаходжаннем, больш за 165 тысяч —  у кругласутачных летніках.

Арганізатараў дзіцячага адпачынку радуе рост попыту на месцы ў летніках з дзённым знаходжаннем, бо гэта сведчыць аб тым, што бацькі разумеюць, як важна дзецям аздаравіцца, і аб тым, што іх задавальняе ўзровень такіх лагераў. Частка дзяцей адпачывае ў 9-дзённых палатачных лагерах, што, напэўна, больш цікава падлеткам.

Яшчэ адной прыкметнай тэндэнцыяй сёлетняга сезона спецыялісты называюць рост колькасці профіляў і напрамкаў дзейнасці лагераў. Звычайным адпачынкам зараз нікога не здзівіш, таму многія бацькі і дзеці выбіраюць профільныя лагеры. Гэта летнікі лінгвістычнага, экалагічнага, археалагічнага і многіх іншых профіляў. Другая важная тэндэнцыя, якая прасочваецца не першы год — цікавасць хлопчыкаў і дзяўчынак да работы ў лагерах педагагічных студэнцкіх атрадаў.

— Самае ж галоўнае для адпачынку ў лагеры любога тыпу — гэта бяспека, — падкрэслівае Л.В.Емяльянчык на прэс-канферэнцыі ў сталічным Доме прэсы. — Ва ўстановах адукацыі напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі праведзена інфармацыйна-тлумачальная работа з бацькамі і навучэнцамі. Сёлета яшчэ больш умацавана ўвага да прапускнога рэжыму ў лагерах. Таксама мы паставілі задачу стварыць на ўсіх сайтах органаў кіравання адукацыяй, выхаваўчых, аздараўленчых устаноў старонкі “Лета-2019”, каб бацькі ведалі ўсе паслугі, якія прапаноўвае той або іншы летнік, умовы пражывання ў ім і г.д.

Неабходную падрыхтоўку прайшлі і супрацоўнікі лагераў, арганізатары летняга адпачынку. Вучоба для іх, зрэшты, працягваецца і падчас школьных канікул — так, у НДЦ “Зубраня” запланаваны шэраг летніх семінараў.

Але ўсё гэта ў большай меры тычыцца менавіта педагогаў і арганізатараў адпачынку, дзецям жа галоўнае, каб у лагеры было нясумна. Захапляльных мерапрыемстваў для іх задумана нямала, на любы густ. Працягваюцца рэспубліканская акцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі, Году малой радзімы “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, шмат увагі ўдзяляецца папулярызацыі спорту, тым больш, што хутка ў Беларусі пачнуцца ІІ Еўрапейскія гульні і, магчыма, іх дырэкцыя выдзеліць пэўную колькасць білетаў для выхаванцаў аздараўленчых лагераў. А хутка паўвекавы юбілей адзначыць Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Між іншым сёлета ў НДЦ адпачнуць больш за 800 юных гасцей з-за мяжы — хлопчыкаў і дзяўчынак з Сірыі, Кітая, Японіі, Індыі, В’етнама, Егіпта, Польшчы. Такая вось шырокая геаграфія аздараўленчай  дзіцячай дыпламатыі, якая спрыяе павышэнню іміджу Беларусі ў свеце, дапамагае распаўсюджваць веды аб ёй.

— Выхаванне не можа мець перапынкаў на канікулы, — дадае Ганна Віктараўна Рысявец, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — І арганізатарам летняга адпачынку вельмі важна пры распрацоўцы сваіх праграм падыходзіць да іх з пункту гледжання таго, што рабілася на працягу навучальнага года, каб летні адпачынак і аздараўленне напоўнілі дзяцей не толькі яркімі эмоцыямі і ўражаннямі, але і змястоўным баўленнем вольнага часу, якое дапаможа павысіць аздараўленчы эфект. Такія праграмы падрыхтаваны задоўга да аздараўленчай кампаніі.

Спецыяліст таксама заўважыла, што ў сталіцы колькасць дзяцей, якія адпачываюць у загарадных летніках, перавышае колькасць тых, хто адпачывае ў горадзе, але гэта ніколькі не змяншае значнасці дзённых лагераў. І нагадала, што 15 гадоў у Мінску рэалізоўваецца праект “Дзеці сталіцы”, калі студэнты-валанцёры з БДПУ імя Максіма Танка арганізоўваюць занятасць дзяцей, якія не паехалі ў аздараўленчыя лагеры. Сёлета праект пачне працаваць з 1 ліпеня на базе 5 сталічных раёнаў, 10 устаноў адукацыі. Цікава, што “Дзеці сталіцы” прапаноўваюць школьнікам не толькі занятасць, але і псіхалагічнае кансультаванне.

Для дзяцей, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі, адпачынак арганізоўваюць не толькі педагогі і іх памочнікі-студэнты, але і, напрыклад, прадстаўнікі арміі, МНС. Так, у Мінску зноў задзейнічаны лагер “Патрыёт” для 200 школьнікаў, якія адпачнуць у летніку ў 3 змены, 4-ю ж тут правядуць навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Лагер, трэба сказаць, карыстаецца папулярнасцю, бо ёсць дзеці, якія едуць у яго не ўпершыню, самі выказваючы такое жаданне. Падобныя лагеры арганізоўваюцца ў розных раёнах горада. Напрыклад, у Першамайскім такі клопат на сябе ўзяў спецназ, арганізаваўшы лагер, у якім у ліпені пабываюць 25 падлеткаў.

І, канечне, працуюць лагеры працы і адпачынку — у сталіцы за сезон іх будзе дзейнічаць 100, актыўна арганізоўваецца другасная занятасць, і каля 4000 юных мінчан спрабуюць гэтым летам зарабіць свае першыя грошы. Таксама правесці час з карысцю і цікава дапамагаюць дзецям установы дадатковай адукацыі, як і ў іншых рэгіёнах краіны.

— Безумоўна, наша галоўная мэта — забяспечыць умовы, якія дазволяць бяспечна і з камфортам аздаравіць дзяцей,  — заўважае Таццяна Анатольеўна Цвірко, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. — На тэрыторыі вобласці і ў падпарадкаванні аблвыканкама знаходзяцца 24 стацыянарныя аздараўленчыя лагеры, сёлета з розных крыніц на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы летнікаў было выдаткавана значна больш грошай, чым летась.

Так, у вобласці набылі новае спартыўнае і надворнае абсталяванне, каб вольны час дзяцей быў спартыўна-арыентаваным і даступным. А галоўны пасыл сёлетняй аздараўленчай кампаніі ў вобласці — бяспечныя канікулы, таму, напрыклад, кожны лагер, акрамя ўсяго іншага, мае сваю сістэму відэаназірання. Плануецца, што сёлета аздаравяцца ў лагерах розных тыпаў 40,1% юных жыхароў вобласці, больш за 1800 з іх — у лагерах працы і адпачынку. Тут таксама ахвотна супрацоўнічаюць з воінскімі часцямі, абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з дапамогай якога штогод на базе кадэцкага вучылішча ў Слуцку арганізоўваецца абласны лагер. Таксама не першы год на Мін­шчыне практыкуецца сумесны адпачынак дзяцей-інвалідаў з бацькамі — сёлета ён арганізаваны ў Дзяржынскім і Слуцкім раёнах.

Карысна, нядорага

У паняцці “якаснае аздараўленне” і “якасны адпчынак”, несумненна, уваходзіць і санітарна-гігіенічны складнік. Сістэма такога кантролю, як запэўніваюць спецыялісты, у нас  даўно і добра адпрацавана, і ўжо некалькі гадоў, як мінімум, беларускія летнікі вызначаюцца поўнай санітарна-гігіенічнай добранадзейнасцю. Медыкі адсочваюць умовы знаходжання дзяцей у лагерах (наяўнасць гарачай вады, выкананне норм плошчы на аднаго чалавека і г.д.), а таксама выкананне санітарна-гігіенічнага заканадаўства.

 — У апошнія гады мы стараемся ажыццяўляць прафілактычны нагляд,  — адзначае загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава. — Нашы спецыялісты аказваюць метадычную дапамогу, у першыя тры дні абавязкова выязджаем у стацыянарныя лагеры менавіта для дапамогі, без ніякіх прадпісанняў. Потым ажыццяўляем нагляд у фармаце маніторынгу не менш чым два разы за змену. Акрамя таго, праводзіцца лабараторны кантроль якасці і бяспекі харчавання, вады і іншых паказчыкаў.

Займаюцца медыкі і навучаннем супрацоўнікаў лагераў усіх катэгорый — ад начальнікаў лагераў да работнікаў харчаблокаў. Распрацоўваецца таксама адпаведная нарматыўная база — акрамя санітарных норм і правіл, штогод выдаецца пастанова галоўнага санітарнага ўрача, загады Міністэрства аховы здароўя, іншыя дакументы.

 Як і ўсе арганізатары дзіцячага адпачынку (і нават у большай ступені), медыкі зацікаўлены ў эфектыўнасці аздараўлення. Тым больш што ўсё менш маленькіх беларусаў маюць І групу здароўя, таму яны абедзвюма рукамі за максімальнае выкарыстанне базы стацыянарных летнікаў і за тое, каб адпачынак праводзіўся мінімум у 4 змены, каб ахапіць ім як мага большую колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак. А сёлета 20 летнікаў працуюць нават у 5 змен, адкрыўшыся 25 мая. У 4 змены гэтым летам працуюць каля 60% загарадных лагераў (усяго іх больш за 170 на розных базах, у тым ліку на базах санаторыяў).

 Падрыхтаваны лагеры і да барацьбы з кляшчамі — тэрыторыя абкошваецца, прыбрана ламачча, там, дзе неабходна, праведзена інтаксіцыдная апрацоўка. Дзяцей у лагеры прымаюць, зразумела, па медыцынскіх даведках і з неабходнымі прышчэпкамі. Хаця і без прышчэпак дзеці могуць ехаць у летнікі, але за імі будзе асаблівы медыцынскі нагляд.

— У нас, як і ўсюды, прайшлі міжведамасныя семінары па падрыхтоўцы да летняга сезона, спецыялісты на сімулятарах адпрацавалі  прыёмы аказання неадкладнай дапамогі, — дадае Дзмітрый Мікалаевіч Лазар, галоўны спецыяліст аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама. — У кожным лагеры ёсць урачы, медсёстры, устаноўлена неабходнае абсталяванне і завезены лекі. На кожнай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі адпрацоўваюцца маршруты даездаў да лагераў, час даездаў. Таксама, як уся краіна, Мінская вобласць другі год працуе па новай методыцы ацэнкі эфектыўнасці аздараўлення дзяцей. Яна больш дасканалая, улічвае эмацыянальны стан дзяцей. І паказчыкі нас радуюць, спадзяюся, выдатнымі яны будуць і сёлета.

Колькі ж каштуе бяспечны і здаровы адпачынак нашых дзяцей? Па словах Аляксея Васільевіча Жалянкова, намесніка начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санітарна-курортным лячэнні насельніцтва, кошт пуцёвак у сярэднім па Беларусі складзе 450 рублёў, дзесьці ён будзе значна ніжэйшым, у Мінску (за кошт больш насычанай забаўляльнай праграмы, ад якой, зрэшты, можна і адмовіцца, выбраўшы больш даступны лагер) — крыху больш высокай. Але бацькі пры гэтым за кошт дапамог заплацяць за пуцёўку на адну 18-дзённую змену для свайго дзіцяці ў стацыянарным лагеры ў сярэднім 250 рублёў, пры ўмове, што ім не дапамогуць ні мясцовыя органы ўлады, ні наймальнік, ні прафсаюз, так што ў рэальнасці кошт пуцёўкі яшчэ меншы.    

Асноўная крыніца фінансавання дзіцячага аздараўлення — рэспубліканскі бюджэт. На пачатак месяца з яго было выдаткавана 47 млн рублёў. З іх каля 45 млн — на патанненне пуцёвак у аздараўленчыя лагеры, каля 1,5 млн — на набыццё пуцёвак для льготных катэгорый дзяцей, 0,5 млн — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы загарадных летнікаў. Што да апошняга пункта выдаткаў, то яны ідуць з розных крыніц фінансавання — мясцовых бюджэтаў, сродкаў рэспубліканскага суботніка, сродкаў уладальнікаў лагераў. Такім чынам, агульная сума фінансавання па гэтым расходным артыкуле складзе сёлета не менш за 12 млн рублёў.

Менавіта ў загарадных лагерах адпачнуць бягучым летам больш за 60% мінскіх школьнікаў — гэта, бадай, лепшы паказчык у краіне. Гарадскі бюджэт не шкадуе грошай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы такіх лагераў, іх, дарэчы, 31, умяшчальнасць у адну змену — больш за  тысяч дзяцей. Тут таксама працуюць лагеры для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарату, цукровым дыя­бетам у стадыі кампенсацыі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

І яшчэ крыху лічбаў і фактаў, на гэты раз па Міншчыне: тут у лагерах пройдуць аздараўленне больш за 59 тысяч дзяцей, сярэдні кошт пуцёўкі ў загарадны лагер, падначалены ўпраўленню па адукацыі, — 360 рублёў, у ведамасных лагерах — 548 рублёў. Дзяржаўныя датацыі і сродкі рай(гар)выканкамаў пакрываюць значную частку гэтага кошту, дапамагаюць прафсаюзы. Пуцёўка ў дзённы лагер можа, наогул, атрымацца бясплатнай, што дае магчымасць бацькам аздаравіць сваё дзіця ў лагерах розных тыпаў.

Марына ХІДДЖАЗ.