Жывая гісторыя для выхавання патрыятызму і грамадзянскасці

- 11:04Актуально, Апошнія запісы

Учора міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка разам з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыем Мезенцавым наведалі сярэднюю школу № 67 Мінска. Візіт адбыўся ў межах святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сімвалічна, што гэтае мерапрыемства прайшло ў Дзень Расіі (адзначаецца ў краіне-суседцы 12 чэрвеня) у школе, якая размешчана ў Маскоўскім раёне сталіцы.

І пасол, і міністр падкрэслілі, што Беларусь і Расію звязваюць даўнія сяброўскія, братэрскія адносіны. Шмат расіян маюць беларускія карані, як і многія беларусы — расійскія.

Сталічная школа № 67 найперш славіцца сваім народным музеем батальёна беларускіх арлянят. За 39 гадоў работы музей у школе стаў галоўным сродкам і інструментам у справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Члены савета музея і калектыў школы назапасілі вялізны вопыт, набылі паплечнікаў і памочнікаў не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і ў блізкім і далёкім замежжы.

“Нашы навучэнцы сістэматычна наведваюць школьны музей. На яго базе праходзяць урокі, суст­рэчы, гутаркі. Наведванні музея, арганізаваныя ў ім зносіны становяцца падзеяй у жыцці дзяцей. У музеі мы праводзім урокі пазакласнага чытання, літаратуры, гісторыі, класныя гадзіны, заняткі па дадатковай адукацыі школьнікаў. А галоўнае, гэта ўрокі дабрыні. Першы ўрок для першакласнікаў заўсёды праводзіцца ў нашым музеі.

У музеі батальёна беларускіх арлянят дзеці далучаюцца да гісторыі сваёй Радзімы, бо маюць магчымасць размаўляць, дапамагаць, супрацоўнічаць з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пазнанне гісторыі культуры краіны праз непасрэдныя зносіны з людзьмі пакідае значна большы след у свядомасці чалавека, чым толькі традыцыйнае вывучэнне матэрыялу па падручніку”, — адзначыла дырэктар школы Таццяна Каваленя.

Экскурсію па музеі для гасцей правяла выпуск­ніца школы, а цяпер дэпутат Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў Дар’я Цымановіч: “Батальён беларускіх арлянят афіцыйна быў створаны 12 сакавіка 1971 года. У гэты дзень у газеце “Зорька” быў апублікаваны загад аб стварэнні батальёна і арганізацыі пошукавай работы па ўстанаўленні прозвішчаў юных падпольшчыкаў, сувязных, партызан палкоў. Падпісаны загад быў Героем Савецкага Саюза Віктарам Ільічом Лівенцавым.

Першыя экспанаты, знойдзеныя навучэнцамі школы ў паходах, паступілі ў музей у маі 1979 года, затым у 1980 годзе ў музеі з’явіліся асабістыя рэчы юных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: Васіля Захаравіча Каржа (перадала дачка Зінаіда) і іншых арлянят. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 7 мая 1981 года. У 1995 годзе музей атрымаў званне “народны”. Традыцыйна знаёмства з музеем пачынаецца з гісторыі батальёна беларускіх арлянят. У экс­пазіцыі прадстаўлены фатаграфіі і дакументы, якія расказваюць пра гісторыю стварэння батальёна.

Наступная тэма прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, якая пачынаецца з экспазіцыі гісторыі по­дзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Асноўнае месца ў экспазіцыі займаюць дакументы і матэрыялы, якія расказваюць пра подзвігі юных сувязных, партызан і падпольшчыкаў. У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Івана Максімавіча Сакольчыка, Генадзя Уладзіміравіча Юшкевіча, Ады Аляксееўны Чаркашчанка і іншых удзельнікаў партызанскага  і падпольнага руху ў гады вайны, а таксама прадметы партызанскага побыту, фрагменты зброі. У выніку пошукавай работы навучэнцаў школы ў 1990—1991 гадах на сталічным праспекце Дзяржынскага з’явілася брацкая магіла, дзе пахаваны астанкі  больш як 40 абаронцаў Беларусі. У 2013 годзе пасля рэканструкцыі быў адкрыты мемарыял “Памяць”.

Сапраўдным героем сустрэчы і легендай стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сын палка (бацькоў забілі немцы за сувязь з партызанамі), які паспеў пабыць і ў партызанах, і паваяваць у радах Савецкай Арміі, Васіль Аляксеевіч Князеў. Васіль Аляксеевіч вызваляў Беларусь, дайшоў да Берліна, мае шмат узнагарод. Нягледзячы на паважаны ўзрост, з’яўляецца начальнікам штаба батальёна беларускіх арлянят. Акрамя таго, яго імя назаўсёды ўпісана ў летапіс беларускага спорту. Атрымаўшы дзве вышэйшыя адукацыі,  Васіль Аляксеевіч стаў вядомым у краіне трэнерам па валейболе. Каманды пад яго кіраўніцтвам станавіліся чэмпіёнамі Беларусі і СССР. Сярод яго выхаванцаў — чэмпіёны Еўропы і Алімпійскіх гульняў, многія сталі  вядомымі трэнерамі.

Дзмітрый Мезенцаў у сваім выступленні адзначыў, што цяперашняму пакаленню складана ўявіць пачуцці тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якім давялося забыць пра сваё дзяцінства і стаць абаронцамі Радзімы. “Але такія асобы, як Васіль Аляксеевіч Князеў, даюць магчымаць не толькі дакрануцца да гісторыі, але і зразумець сілу волі і характару ваеннага пакалення. Нездарма ён стаў трэнерам, які выхаваў не адно пакаленне спартсменаў. І, канечне, жывыя зносіны з такімі легендарнымі людзьмі не заменяць ні адзін падручнік і ні адзін гаджэт”, — адзначыў пасол.

“Адукацыя — гэта не толькі і не столькі перадача ведаў. У першую чаргу гэта выхаванне сапраўднага чалавека, патрыёта сваёй краіны. Пераацаніць ролю выхаваўчай работы і тых школьных музеяў, якія існуюць практычна ў кожнай школе, немагчыма. Музейная педагогіка адыгрывае вельмі важную ролю ў плане станаўлення і развіцця такіх асобасных якасцей, як патрыятызм і грамадзянскасць. І мы рады, што нашы паважаныя ветэраны актыўна працуюць з нашымі школамі і дзецьмі. Васіль Аляксеевіч, вялікі вам дзякуй за вашу працу, за тое, што па сённяшні дзень у страі”, — сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Сярэдняя школа № 67 Мінска атрымала ў дар кнігі ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расій­скай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыя Мезенцава і міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Акрамя таго, спартыўныя падарункі атрымалі дзеці, якія наведваюць школьны лагер.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.