Народны музей баявой славы заслаўскай сярэдняй школы № 2 імя М.К.Пуцейкі Мінскага раёна штогод у красавіку — маі запрашае навучэнцаў і педагогаў наведаць выставу, прысвечаную памяці адважнага і таленавітага генерала і камдыва.
Нашчадкі
Народны музей баявой славы быў адкрыты ў школе 21 красавіка 1988 года пры актыўным удзеле педагога Раісы Іванаўны Трызны. Да 2018 года яна кіравала музеем і клубам баявой славы “Нашчадкі”, які дасягнуў значных поспехаў у пошукавай рабоце. І сёння жанчына тут часты госць. Але мяне сустракае цяперашні загадчык школьнага музея Ігар Кандратовіч — выпускнік гістарычнага факультэта БДУ. Яго асноўнае месца работы — музей-запаведнік “Заслаўе”. Работа ў школе — дадатковая, але не менш цікавая. Ігару Генадзьевічу дапамагаюць захопленыя гісторыяй вучні — шасцікласнік Віталь Копнеў і яго сястра адзінаццацікласніца Злата. Знаёмяць з экспазіцыямі музея, якія прысвечаны абароне і вызваленню Заслаўя, часам акупацыі, партызанскаму руху, воінам-інтэрнацыяналістам і, вядома ж, камдыву М.К.Пуцейку і баявому шляху яго дывізіі.
— У школьным музеі ладзяцца экскурсіі, урокі гісторыі і мужнасці, інфармацыйныя і класныя гадзіны, міні-лекцыі, тэматычныя выставы, — расказвае Ігар Кандратовіч. — Вучняў, у тым ліку з суседніх школ, тут прымаюць у піянеры, БРСМ. Школьны клуб “Нашчадкі” нядаўна ператвораны ў ваенна-патрыятычны пад кіраўніцтвам ваеннага рэканструктара Юрыя Перапечына і школьнага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргея Навіцкага. Яго ўдзельнікі ўжо былі заняты ў рэканструкцыі бою за Брэсцкі вакзал 1941 года, Ржэўска-Вяземскай наступальнай аперацыі. Жывая гісторыя выклікае сапраўдную цікавасць і эмоцыі ў дзяцей.
“Генерал-Наперад”
Цэнтральная экспазіцыя школьнага музея прысвечана асобе Міхаіла Канстанцінавіча Пуцейкі, які нарадзіўся 8 лістапада 1913 года недалёка ад Заслаўя ў вёсцы Раўкуцьевічы. Яго імем названа вуліца ў Заслаўі, якая ідзе ўздоўж чыгункі — былая вуліца Мельнічная, дзе раней жылі маці і сястра Міхаіла Канстанцінавіча. Вось ужо 22 гады школа носіць імя М.К.Пуцейкі.
…Пры ўваходзе ў школьны музей звяртаем увагу на бюст М.К.Пуцейкі. Душа музейнай экспазіцыі — партрэт камдыва, напісаны яго малодшым сынам мастаком Аляксандрам Пуцейкам, які актыўна афармляў музей. Тут прадстаўлены і іншыя партрэты і бюсты героя, якія выраблялі тыя, хто з ім ваяваў. Асабліва ўражвае карціна У.А.Усціменкі, дзе намаляваны маці М.К.Пуцейкі і яго сястра Таццяна на магіле Міхаіла. У музеі знаходзіцца копія з арыгінала асабістай справы Міхаіла Канстанцінавіча, фатаграфіі, лісты і іншыя матэрыялы.
З фотаздымкаў на нас глядзіць зусім юны Міхаіл. Няўжо гэта трыццацігадовы генерал-маёр? Аб яго палкаводчым таленце сведчаць узнагароды: ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, палкаводчы ордэн Суворава II ступені і інш. Міхаіл Пуцейка неаднаразова прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза. Пра тое, што ён варты гэтага звання, гаварылі многія, у тым ліку яго сябар Павел Фёдаравіч Батыцкі, які пасля вайны стане маршалам ваенна-паветраных сіл СССР.
Сям’я, дзе нарадзіўся М.К.Пуцейка, была вялікая: шасцёра дзяцей — тры браты і тры сястры. З шасцярых пасля вайны ў жывых засталіся толькі сёстры Яўгенія і Таццяна. Да вайны Міхаіл працаваў у механічных майстэрнях Мінска. У 1934 годзе ён паступае ў Мінскае пяхотнае вучылішча, а ў 1938 годзе на завочнае аддзяленне ў Ваенную акадэмію імя М.Фрунзэ. 5 мая 1941 года здадзены апошні экзамен, і старшы лейтэнант М.К.Пуцейка едзе ў Эстонію ў якасці намесніка камандзіра батальёна. Далей фронт, акопы і служба пад камандаваннем генералаў Батыцкага, Карацеева, Конева і інш. “Палкоўнік Пуцейка смелы, вытрыманы, настойлівы … хутка ўсё схоплівае і дакладна арыентуецца ў сітуацыі … ён заўсёды быў наперадзе на самых адказных участках”, — так праз гады напіша пра яго маршал Савецкага Саюза П.Ф.Батыцкі.
…Пачатак 1943 года. Час нашай перамогі на берагах Волгі, перыяд перагрупоўкі сіл для вырашальнага наступлення на ўсіх франтах. Палкоўнік М.К.Пуцейка — камандзір 254-й стралковай дывізіі — атрымлівае загад фарсіраваць Дняпро. Дывізія паспяхова скончыла аперацыю і прайшла да Чаркасаў. 14 снежня 1943 года нашы войскі занялі горад. У загадзе галоўнакамандуючага сярод злучэнняў, якія асабліва вызначыліся, першай названа менавіта 254-я дывізія.
Скрываўлены, пасечаны асколкамі шкла, стаяў ён каля дарогі. Міма ішлі салдаты, адзін з іх пазнаў Міхаіла Канстанцінавіча, і ўсе гучна крыкнулі, вітаючы яго: “Ура!”
Галоўны подзвіг камандзіра — гэта паспяховае кіраўніцтва на полі бою. Пра тое, што Міхаіл Пуцейка арганізоўваў бой вельмі дасведчана, праяўляў асабістую мужнасць, гаварылася ў баявых характарыстыках. “Генерал-Наперад” — так называлі яго байцы і камандзіры. Пад яго камандаваннем стралковая дывізія стала Чаркаскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава, Кутузава і Багдана Хмяльніцкага. У ёй было 59 Герояў Савецкага Саюза, сярод іх два беларусы — Д.П.Жмуроўскі і В.А.Тумар. Вялікай падзеяй стаў выхад дывізіі да савецкай дзяржаўнай граніцы на раку Прут.
…1945 год, нашы войскі рыхтаваліся да штурму Берліна. 19 красавіка 1945 года пад горадам Баўцэнем М.К.Пуцейка быў цяжка паранены. Памёр ён 21 красавіка на аперацыйным стале ў шпіталі Львова. Незадоўга да гэтага Міхаіл піша маці: “Мама, вайна вось-вось скончыцца, усё будзе добра, родная, мы будзем разам”. Легендарны “Генерал-Наперад” не дажыў да перамогі 19 дзён, быў пахаваны ў Львове на Узгорку Славы.
Пасля падзення Берліна 254-я дывізія ўдзельнічала ў баях па вызваленні Прагі.
Удача і інтуіцыя
Школьнікам вельмі цікава, якім жа чалавекам быў М.К.Пуцейка, даведацца гісторыі з яго жыцця. Усе паважалі камдыва, бо ён ніколі не хаваўся за чужымі спінамі. М.К.Пуцейка ведаў аб праблемах сваіх палкоў і батальёнаў, не баяўся падысці да начальства, каб папрасіць узмацненне, падтрымку. Ён клапаціўся пра салдат. У складаныя моманты знаходзіўся з імі на перадавой. Аднойчы падчас бою загінуў кулямётчык і Міхаіл Канстанцінавіч, заняўшы яго кулямёт, вёў агонь па праціўніку. У дывізіі тысячы салдат, не ўсе ведалі ў твар камандзіра. Некаторыя не здагадваліся, што размаўляюць з М.К.Пуцейкам асабіста. Часта ён насіў звычайную фуфайку, еў з аднаго кацялка з салдатамі.
Міхаіл Пуцейка быў удачлівы чалавек, меў інтуіцыю. Некалькі разоў падрываўся на мінах, атрымліваў кантузіі і раненні. Аднойчы падарваўся, калі ехаў на сваёй машыне. Загінулі ўсе, хто быў у машыне, а М.К.Пуцейку выкінула на дарогу выбухной хваляй. Скрываўлены, пасечаны асколкамі шкла, стаяў ён каля дарогі. Міма ішлі салдаты, адзін з іх пазнаў Міхаіла Канстанцінавіча, і ўсе гучна крыкнулі, вітаючы яго: “Ура!” Аднойчы пад Чаркасамі ў тумане на сваёй машыне ён ледзь не наскочыў на немцаў. А неяк загадаў наўздагад стрэліць па праціўніку — у выніку падпалілі нямецкую самаходку. Аб тым, як ваяваў наш зямляк, можна судзіць і па яго лістах. Так ён пісаў жонцы Людвізе Антонаўне: “… вайна ідзе да завяршэння, і некаторыя могуць цяпер ваяваць асцярожна, з пункту гледжання захавання ўласнага жыцця. Калі такіх набярэцца шмат, праціўнік можа нас пакараць. Я гэта растлумачваю сваім афіцэрам і даказваю, што, наадварот, цяпер трэба больш дзёрзкасці, і гэта скароціць нашы страты. Але ты разумееш, што не магу я гаварыць і не рабіць на справе сам. Значыць, я зараз павінен больш адважвацца, смялей дзейнічаць, і я гэта буду рабіць…”
У школьным музеі захоўваюцца лісты Міхаіла Пуцейкі да жонкі, якія перадалі яго мама Наталля Паўлаўна і сястра Яўгенія, — арыгінал ліста 1942 года і копія 1944 года. Лісты пачыналіся са слоў “Добры дзень, Люсенька!”. У адным з іх ён цалкам працытаваў вядомы верш К.Сіманава “Чакай мяне”. Пра сябе пісаў мала, больш пытаўся пра дзяцей, сям’ю, дом.
Дзецям пра вайну
— Пра вайну гаварыць складана, асабліва з дзецьмі, але гэта трэба рабіць, — упэўнены Ігар Кандратовіч. — Трэба, каб дзеці размаўлялі па магчымасці з ветэранамі. Калі няма ў жывых сведак Вялікай Айчыннай вайны, значыць, трэба размаўляць з іх дзецьмі, унукамі і праўнукамі, даведвацца, што яны ведаюць пра подзвігі сваіх продкаў. Пакуль будуць тыя, з кім можна пагаварыць, будзе жыць і памяць. І яшчэ: не забывайце падпісваць фота ў сямейных альбомах. Часам, дзякуючы гэтай інфармацыі, атрымліваецца адшукаць чалавека або яго родных.
Радуе, што кожны год знаходзяцца школьнікі, якія цікавяцца ваеннай тэматыкай, прыходзяць да нас у музей. У нашай школе, напрыклад, вучыцца прапраўнук генерал-маёра І.С.Векшына другакласнік Сцяпан Мянькоўскі, які заўсёды рады расказаць пра свайго прапрадзядулю. Вучань 9 класа Аляксандр Гершанкоў разам з бацькамі падрыхтаваў для музея карту баявых дзеянняў на тэрыторыі Заслаўя і яго ваколіцах. Гэты наглядны дапаможнік выкарыстоўваецца падчас экскурсій, класных гадзін, урокаў. Рэгулярна ў музеі праходзяць тэматычныя выставы, якія рыхтуюць вучні з клуба “Нашчадкі”. У верасні — кастрычніку выстава прысвячаецца настаўнікам-ветэранам Заслаўя, у лютым — воінам-афганцам, у сакавіку — жанчынам на вайне, а ў красавіку — маі — святкаванню Дня Перамогі і памяці М.К.Пуцейкі. Праходзіць і выстава аб ветэранах 254-й стралковай дывізіі. Яшчэ 10 гадоў назад нашы вучні актыўна перапісваліся з імі. У музеі захоўваецца шмат лістоў і паштовак ад тых, хто ваяваў у гэтай легендарнай дывізіі, у тым ліку ад Героя Савецкага Саюза Д.П.Жмуроўскага, і рукапісная кніга ўспамінаў ветэрана М.Г.Пакацілы “Наперад, і толькі наперад”. Сёння каля 40 музеяў у гарадах і пасёлках, дзе змагалася з фашыстамі 254-я стралковая дывізія, расказваюць аб бясстрашным камдыве.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.