Зірнуць на Кітай вачыма саміх кітайцаў

- 10:40Культура

1 верасня ў філіяле ААТ “Белкніга”, знакамітай сталічнай кнігарні “Кнігі&кніжачкі”, адбылося ўрачыстае адкрыцё аддзела кітайскай літаратуры ў рамках міжнароднага праекта “Паліцы кітайскіх кніг”.

Кнігарня “Кнігі&кніжачкі” невыпадкова стала першай на шляху рэалізацыі ў Мінску міжнароднага праекта “Паліцы кітайскіх кніг”. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры беларускай сталіцы — на праспекце Незалежнасці, 14. Зусім побач — будынак урада нашай краіны, плошча Незалежнасці, Паштамт, гасцініца “Мінск”, крыху далей з аднаго боку — будынак Адміністрацыі прэзідэнта, а з другога — аўта- і чыгуначны вакзалы… І прэстыж гэтай кнігарні, якая ў наступным годзе адзначыць 60-годдзе, не выклікае сумненняў: яе любяць наведваць прадстаўнікі айчыннай палітычнай і культурнай эліты, сюды найперш імкнуцца трапіць неабыякавыя да кнігі замежныя госці, тут часта адбываюцца значныя кніжныя прэзентацыі і сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі. А пра важнасць самога факта адкрыцця аддзела кітайскай літаратуры выразна сведчыла тое, што ўдзел у мерапрыемстве прынялі міністр інфармацыі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Аляксандравіч Вашкевіч, намеснік упраўлення па імпарце выданняў Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі па справах прэсы і публікацый Чжан Цзэхуэй, іншыя высокія госці з КНР, якія спецыяльна прыляцелі ў Мінск на адкрыццё ў Беларусі свайго кітайскага кніжнага куточка.

Міністр інфармацыі А.М.Карлюкевіч адзначыў: “Мы сёння зрабілі нямала, каб кітайская кніга прысутнічала ў нашай краіне. Ужо дзясяткі кніг, выпушчаных нашымі выдавецтвамі, прысвечаны кітайскай праблематыцы. Вялікім кніжным праектам з’яўляецца серыя “Светлыя знакі: паэты Кітая” выдавецтва “Мастацкая літаратура”, для рэалізацыі якога быў створаны міжнародны рэдакцыйны савет. І сёння ў рамках дзейнасці гэтага савета працуюць знаныя літаратуразнаўцы, вучоныя, перакладчыкі як з Кітая, так і з Беларусі. Нядаўна ў “Мастацкай літаратуры” выйшла кніга “Кітайская паэзія XX стагоддзя”. Такая ўвага гаворыць пра тое, што ў Беларусі ўжо склалася пэўная школа кітаістыкі. І кнігі на кітайскай мове на гэтых паліцах, безумоўна, выклічуць вялікую цікавасць у многіх чытачоў Беларусі”.

У сваю чаргу пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін падкрэсліў, што апошнія гады кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы культуры развіваецца асабліва хуткімі тэмпамі. Ён выказаў упэўненасць, што паліцы кітайскіх кніг у нашай краіне дапамогуць беларусам лепш зразумець Кітай, кітайскую культуру і менталітэт кітайцаў. Цуй Цымін параіў нашым чытачам звярнуць асаблівую ўвагу на кнігу Старшыні КНР Сі Цзіньпіна “Аб дзяржаўным кіраванні”. “І, вядома, мы будзем вельмі рады бачыць і паліцы беларускіх кніг у Кітаі”, — заўважыў напрыканцы свайго выступлення пасол.

Генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” А.А.Вашкевіч паведаміў прысутным, што перамовы аб магчымасці ўключэння Беларусі ў праект “Паліцы кітайскіх кніг”, які рэалізоўваецца ўжо ў больш чым 10 краінах, актыўна праводзіліся сёлетняй зімой, падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Ініцыятарам выступіў кітайскі бок, а менавіта ўпраўленне па імпарце выданняў Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі па справах прэсы і публікацый. Непасрэднымі ж выканаўцамі сталі: з кітайскага боку — Кітайская нацыянальная карпарацыя па імпарце і экспарце выданняў, з беларускага — ААТ “Белкніга”. Фарміраванне асартыментнай матрыцы “Паліц кітайскіх кніг” у Беларусі было цалкам аддадзена кітайскім спецыялістам. І менавіта таму, па словах А.А.Вашкевіча, дзякуючы гэтаму праекту, у нашых чытачоў з’явілася выдатная магчымасць убачыць Кітай вачыма саміх кітайцаў.

Урэшце высокія госці ўрачыста рассунулі прыгожую заслону, і вачам прысутных адкрыліся дзве дыхтоўна аформленыя паліцы з фірменным лагатыпам CHINA SHELF уверсе. А на паліцах — больш за 100 кніг як на рускай, так і на кітайскай мове, дастаўленых з Кітая спецыяльна для беларускіх чытачоў. Гэта і “высакалобыя” выданні кшталту тамоў Старшыні КНР Сі Цзіньпіна “Аб дзяржаўным кіраванні”, пра якія ўжо згадвалася, і кнігі Міжкантынентальнага выдавецтва Кітая з серыі “Культура КНР” (“Літаратура”, “Архітэктура”, “Адзенне і ўпрыгажэнні” і інш.), і кнігі кітайскай класічнай ды сучаснай мастацкай літаратуры, і спецыялізаваныя навуковыя выданні па розных кірунках, звязаныя тым не менш адной тэмай — тэмай Кітая. Побач з гэтымі “ўласна кітайскімі” паліцамі годна размясціўся стэнд з кнігамі кітайскіх пісьменнікаў, выдадзеных у Беларусі.

Праект “Паліцы кітайскіх кніг” у кнігарні “Кнігі&кніжачкі” будзе працаваць на працягу тыдня ў выставачным фармаце, каб можна было вывучыць попыт на такую літаратуру і цікавасць да яе нашых чытачоў. Потым кнігі з Кітая можна будзе і набыць.

Праект “Паліцы кітайскіх кніг”, не сумняваюцца нашы кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюднікі, абавязкова будзе пашырацца ў нашай краіне. Як заўважыў потым на прэс-канферэнцыі гендырэктар ААТ “Белкніга” А.А.Вашкевіч, нам ёсць куды пашырацца. “Белкніга” налічвае больш за 100 гандлёвых аб’ектаў па ўсёй Беларусі”.

Мікола ЧЭМЕР.
НА ЗДЫМКАХ: генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, намеснік начальніка ўпраўлення па імпарце выданняў Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі па справах прэсы і публікацый Чжан Цзэхуэй; на “Паліцах кітайскіх кніг”.
Фота Аксаны МАНЧУК (БелТА)
і Алега ІГНАТОВІЧА.