Змест адукацыі будзе ўдасканальвацца

- 10:35Актуально, Апошнія запісы

— Дзякуючы самаадданай рабоце настаўнікаў краіны мы справіліся з цяжкай эпідэмічнай сітуацыяй, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка на сустрэчы з педагогамі, якія працуюць у сістэме сярэдняй спецыяльнай і прафесійнатэхнічнай адукацыі Гомельскай вобласці. — Канечне, усякае было, але масава адукацыйныя ўстановы не закрыліся. Шчыры дзякуй вам!

У Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага прайшла сустрэча, на якой выкладчыкі задавалі пытанні і атрымлівалі адказы ад кіраўніка сістэмы адукацыі нашай краіны. Абмеркавалі падрыхтоўку педагагічных кадраў, дыстанцыйнае навучанне і шмат іншых актуальных праблем. Ва ўстанове, дзе рыхтуюць выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковай школы, зразумела ж, пайшла размова аб падрыхтоўцы педагагічных кадраў. 

— Вельмі важна разумець, хто прыйдзе заўтра працаваць ва ўстановы адукацыі. Нам патрэбны матываваныя дзеці, якія мэтанакіравана ідуць у педагагічныя прафесіі. Стварэнне структуры педагагічных класаў у пэўнай ступені вырашае гэтую праблему. Вучні такіх класаў праходзяць пэўную псіхолагапедагагічную падрыхтоўку — гэта, так бы мовіць, уводзіны ў прафесію. Яны актыўна займаюцца прафесійнай дзейнасцю — валанцёрствам, грамадскай работай, працуюць памочнікамі выхавальніка ў садках, удзельнічаюць у школьных мерапрыемствах. Мы звярнулі ўвагу на тое, што моладзь, якая прыходзіць ва УВА пасля педкласаў, паказвае лепшыя вынікі ў вучобе. У прафесію актыўна пайшлі медалісты. На некаторыя спецыяльнасці сталі прыходзіць хлопцы. Гэта звязана і з тым, што ў нашай галіне паступова расце заработная плата, — адзначыў міністр. 

Дарэчы, апошнім часам вырас сярэдні бал паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці. Міністр адзначыў, што работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца. Неабавязкова, каб педагагічныя класы былі створаны ўсюды. Ігар Карпенка лічыць, што трэба разглядаць мэтазгоднасць іх адкрыцця з пункту гледжання запатрабаванасці ў тым ці іншым рэгіёне.

— Мы будзем развіваць і мэтавую падрыхтоўку. Пры гэтым на кожнае месца павінна быць не менш чым тры накіраванні, каб быў конкурс. І яшчэ мы прапануем, каб абавязкова была рэкамендацыя педсавета. Важна, каб мэтавая падрыхтоўка вырашала кадравыя праблемы рэгіёнаў, галін. 

Кіраўнік адукацыйнай галіны лічыць важным укараніць у практыку і сертыфікаты дасягненняў. Такі сертыфікат не будзе ўплываць на паступленне, але дазволіць прааналізаваць, чым займаўся школьнік, наколькі ён актыўны ў грамадскай рабоце.

— Мы ўдасканальваем планы, праграмы, працуем з нашымі вядучымі УВА, якія вызначаюць змест і структуру падрыхтоўкі кадраў. Адсочваем запатрабаванасць педагагічных кадраў. Супрацоўнічаем з упраўленнямі, аддзеламі адукацыі, якія фарміруюць дзяржзаказ. Сёлета лічбы прыёму на педагагічныя спецыяльнасці асабліва не зменяцца. Завяршаецца карэкціроўка лічбаў прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Плануецца, што інфармацыя будзе прадстаўлена да 1 красавіка. Карэкціроўка ідзе на карысць тэхналагічных, тэхнічных, хімікабіялагічных, медыцынскіх, ITспецыяльнасцей — тых, якія сёння найбольш запатрабаваны на рынку працы. Правядуць сёлета і аналіз па лічбах прыёму на платную форму атрымання адукацыі — улічаць запатрабаванні спецыялістаў па тым ці іншым кірунку.

Што тычыцца сёлетняй уступнай кампаніі, Ігар Карпенка адзначыў, што ўручэнне атэстатаў у школах Беларусі пройдзе 10 чэрвеня, а ЦТ пачнецца з 16 чэрвеня. Па словах міністра, сёлета паўтораць леташнюю практыку, калі ў выпускнікоў пасля атрымання школьных атэстатаў быў час на дадатковыя заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ. Абмеркавалі на сустрэчы і аспекты дыстанцыйнай адукацыі. Удзельнікі сышліся ў меркаванні, што пераходзіць на яе трэба толькі ў крайнім выпадку. 

— Дыстанцыёнка не заменіць класнаўрочную сістэму, — адзначыў міністр. — Бо школа вырашае яшчэ і пытанні сацыялізацыі, выхавання. Дыстанцыёнка не заменіць цалкам падрыхтоўку па многіх спецыяльнасцях, напрыклад, медыкаў ці аператараў станкоў з праграмным кіраваннем. Па педагагічным профілі можна колькі заўгодна выкладаць методыку, але калі ля дошкі не напрацаваў гадзіны, нічога не атрымаецца.

Увогуле, сістэма адукацыі якасна выконвае задачы, пастаўленыя перад ёй грамадствам і дзяржавай, упэўнены міністр адукацыі Ігар Карпенка.

— Я хацеў бы развеяць міф пра тое, што ў педагагічных УВА вучаць выключна выкладанню прадмета. Гэта не так, — сказаў кіраўнік ведамства. — Методыка навучання на педагагічных спецыяльнасцях накіравана не толькі на выпрацоўку ўмення перадаваць дзецям веды і фарміраваць пэўныя кампетэнцыі. Падчас урокаў вырашаюцца развіццёвыя і выхаваўчыя задачы, якія патрабуюць ад настаўніка эрудыцыі, спецыяльных прафесійных і асабістых якасцей. Таму сцвярджаць, што сёння настаўнік, якога мы рыхтуем да будучай прафесіі, да будучай працы ва ўстановах адукацыі, не валодае гэтай методыкай, няправільна. У педагагічных УВА, на педспецыяльнасцях ідзе і пазааўдыторная выхаваўчая, сацыяльная работа. Яна дапаўняе педагагічны працэс. Гэта, так бы мовіць, праграма фарміравання прафесійнай культуры будучага настаўніка. Калі малады чалавек актыўны ў самадзейнасці ў сваёй УВА, ён гэтыя ж уменні прынясе ў школу. Ён зможа весці нейкі гурток, арганізаваць вакол сябе навучэнцаў. Калі ён актыўна ходзіць у паходы ці вядзе экскурсіі, то ён гэта таксама прынясе ў школу. Гэта працяг адукацыйнага працэсу, які ажыццяўляецца ва УВА. 

Сістэма адукацыі краіны — гэта прыкладна 2,5 мільёна чалавек, якія вучацца на ўсіх узроўнях. Каля 400 тысяч працуюць у ёй. Усяго ў Беларусі 8 тысяч устаноў адукацыі. Ігар Карпенка дадаў, што ў такой вялізнай структуры ёсць пэўныя недапрацоўкі — але іх можна аднесці і да сям’і, і да аспектаў інфармацыйнай палітыкі:

— Наша моладзь менш глядзіць тэлевізар, слухае радыё, чытае газеты і кнігі, а больш знаходзіцца ў інтэрнэце і адтуль чэрпае ўсю інфармацыю. Тэлеграмканалы пачалі агрэсіўна ўплываць на інфармацыйную прастору краіны. У выхаваўчым і адукацыйным плане трэба ўсё гэта ўлічваць і рабіць карэкціроўкі ў заканадаўстве. Між тым сёння распрацаваны праект Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, якую да жніўня плануем вынесці на Рэспубліканскі педсавет для зацвярджэння. У Палату прадстаўнікоў ужо ўнесены Кодэкс аб адукацыі — яго плануюць разгледзець у красавіку. Акрамя таго, падрыхтавана Стратэгія маладзёжнай палітыкі да 2030 года, якая таксама знаходзіцца на стадыі зацвярджэння. Абноўлена праграма выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Прынята Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на пяцігоддзе. Усе гэтыя дакументы вызначаюць перспектывы развіцця нашай галіны. Мы бачым задачы, якія перад сістэмай адукацыі ставяць дзяржава і грамадства, і арганізуем работу для якаснага іх выканання.

Падчас паездкі ў Гомель Ігар Карпенка азнаёміўся з умовамі адукацыйнага працэсу і матэрыяльнатэхнічнай базай Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага і Гомельскага дзяржаўнага прафесійнатэхнічнага каледжа кулінарыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.