Значны падарунак да свят

- 11:45Адукацыйная прастора

З пачаткам снежня на Магілёўшчыне стартаваў дабрачынны марафон “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”.

Маштабная акцыя праводзіцца ў рэгіёне дзявяты раз. Напярэдадні навагодніх свят яна аб’ядноўвае мноства неабыякавых людзей у імкненні падарыць цуд дзецям, якія маюць у ім асаблівую патрэбу.

У ходзе марафону пасільная дапамога заўсёды аказваецца дзіцячым дамам, установам інтэрнатнага тыпу. Так, надоечы істотны падарунак атрымалі выхаванцы Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната. У навучальнай установе з’явілася новая дзіцячая пляцоўка. Цяпер у распараджэнні мясцовых навучэнцаў сучаснае і бяспечнае надворнае гульнявое абсталяванне.

З адкрыццём новай пляцоўкі педагогаў і навучэнцаў школы-інтэрната павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, галоўны спецыяліст абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Аксана Александровіч.

Дарэчы, марафон “Сагрэем дзіцячыя сэрцы” будзе доўжыцца да 31 студзеня 2021 года. Усе сабраныя падчас яго правядзення сродкі будуць накіраваны на аказанне дапамогі дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, цяжкахворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў. Арганізатарам дабрачыннай акцыі выступае абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд” пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Рамана РУЦКАГА.