Знайдзі сваю справу

- 13:20Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Учора пачаўся прыём дакументаў у навучальныя ўстановы, дзе можна атрымаць прафесійна-­тэхнічную адукацыю. Каледжы і ліцэі гатовы адкрыць юнакам і дзяўчатам цэлы свет прафесій. Прафесійная адукацыя быццам дарога, якая вядзе ад прыпынку “Школа” да прыпынку “Дарослае жыццё”. А прафесійна-­тэхнічная адукацыя — дарога самая хуткасная: па некаторых кваліфікацыях прафесію можна атрымаць менш чым за год. А яшчэ ў сучасных умовах гэтая дарога вельмі камфортная і добраўпарадкаваная: установы прафесійнай адукацыі прапануюць цудоўныя ўмовы не толькі для прафесійнага станаўлення, але і для асобаснага развіцця. Давайце даведаемся, што чакае абітурыентаў 2022 года ў розных установах адукацыі! 

Творчасць, накіраваная ў будучыню

Гомельскі дзяржаўны прафесійна­тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання рыхтуе стваральнікаў прыгажосці: цырульнікаў, швачак, майстроў па манікюры.  

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу традыцыйным для ўстановы стаў практыка­арыентаваны падыход. Вучацца будучыя майстры не толькі на вучэбных і практычных занятках. 

Гурткі прафесійнай накіраванасці, майстар-класы, праектная дзейнасць, вучэбныя семінары-практыкумы і трэнінгавыя заняткі па прафесійным майстэрстве, мерапрыемствы ў рамках супрацоўніцтва з базавымі прадпрыемствамі і іншымі ўстановамі адукацыі, конкурсная дзей­насць на абласным, рэспуб­ліканскім, міжнародным узроўнях — усё гэта стала неад’емнай часткай прафесійнай падрыхтоўкі. Дзякуючы такой разнастайнасці форм работы, навучэнцы атрымліваюць максімальны спектр уменняў і навыкаў. 

Майстар-класы, трэнінгі і семінары-практыкумы па асваенні найноўшых тэхналогій праводзяць педагогі каледжа, работнікі базавых прадпрыемстваў, прадстаўнікі вядучых кампаній па вытворчасці касметычнай прадукцыі, эксперты міжнароднага класа, выпускнікі і навучэнцы каледжа — прызёры міжнародных чэмпіянатаў.

Эфектыўнай формай работы і важнай часткай навучання сталі традыцыйныя творчыя прэзентацыі праектаў навучэнцаў. Яны адбываюцца на вялікай сцэне ў форме тэатралізаванага шоу-дэфіле. Навучэнцы рыхтуюць да паказу цэльныя вобразы. Адзенне, прычоска, макіяж, аксесуа­ры — усё ствараюць самі, дэманструючы, чаму яны навучыліся. Будучыя спецыялісты выступаюць у ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, акцёраў, мастацкіх кіраўнікоў, максімальна праяўляючы такім чынам  сваю твор­часць і крэатыўнасць. 

Тэматыку вобразаў  дыктуе фантазія навучэнцаў: у творчым праекце “Сонца Элады” знайшлі адлюстраванне вобразы старажытнагрэчаскай міфалогіі, у праекце “Спадчына, альбо Беларусь старажытная” — матывы старажытнаславянскай культуры і міфалогіі,  праект “Вялікае сэрца малой радзімы” ўвасобіў гісторыю Гомеля ў вобразах гарадскіх жыхароў. 

Конкурсы  прафесійнага майстэрства — яшчэ адзі­н важны напрамак навучання: каля 20 гадоў педагогі і навучэнцы бя­руць удзел і з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў па прафесійным майстэрстве, такіх як WorlldSkils Belarus, “Неўскія берагі”, “Ружа вятроў”, “Мінскі вернісаж”, “Залатая пралеска”. Усяго заваявана больш за 200 узна­гарод у розных намінацыях.  

Перамогі і дасягненні, а таксама запатрабаванасць падрыхтаваных спецыялістаў пацвярджаюць эфектыўнасць работы каледжа. 

У Гомельскай вобласці ў гэтым годзе на ўзроўні ПТА плануецца набраць 4112 навучэнцаў. 27 устаноў адукацыі прапануюць мноства актуальных і перспектыўных прафесій.

Будуюць уласны шлях 

Цесная сувязь з заказчыкамі кадраў — залог паспяховай работы ўстановы прафесійнай адукацыі.

Калі ўзаемадзеянне наладжана, то навучэнцы атрымліваюць запатрабаваныя спецыяльнасці і потым без праб­лем уладкоўваюцца на работу, а падчас навучання атрымліваюць актуальныя навыкі непасрэдна на вытворчых пляцоўках. 

Дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава ўжо 80 гадоў рыхтуе кваліфікаваных рабочых будаўнічых спецыяльнасцей. У прафесійным ліцэі выбудавана аптымальная сістэма работы з прадпрыемствамі па ўдасканаленні падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых. Выпускнікі запатрабаваны не толькі на прадпрыемствах Магілёва, але і раёна, вобласці. На працягу многіх гадоў базавымі прадпрыемствамі ліцэя з’яўляюцца Магілёўскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічыя трэсты № 12 і № 17, ААТ “Прамжылбуд” і “Магілёўдрэў”.

Сёння ў ліцэі № 9 выпускаюць тынкоўшчыкаў, маляроў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, муляраў, электрагазазваршчыкаў, дарожных рабочых, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, цесляроў, машыністаў крана аўтамабільнага, ва­дзіцеляў, стропальшчыкаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, машыністаў экскаватара, слесараў па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў. А ў новым навучальным годзе пачынаецца пад­рыхтоўка па новай кваліфікацыі “сталяр”. Такія спецыялісты зараз патрабуюцца на будоўлях вобласці. 

У ліцэі працуе рэсурсны цэнтр па кваліфікацыі “абліцоўшчык-плітачнік”. Стварэнне рэсурснага цэнтра дало магчымасць ажыццяўляць выкананне праграм вытворчага навучання як для навучэнцаў ліцэя, так і для навучэнцаў іншых навучальных устаноў будаўнічага профілю.

Задача ўстановы прафесійнай адукацыі — не толькі навучанне прафесіі, але і паспяховая сацыялізацыя выпускнікоў. І з гэтай задачай у ліцэі таксама паспяхова спраўляюцца. З 2020 года тут рэалізу­юць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі метадам праектаў” і эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі фарміравання ў навучэнскай моладзі працоўнай культуры”.  

Установа адукацыі з’яўляецца прызёрам шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у прыватнасці, узнагароджана дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ў спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2021 годзе сярод устаноў ПТА. 

— Няспынны пошук — вось дэвіз нашага ліцэя, — расказвае яго дырэктар Вольга Яўгенаўна Правашынская. — Калектыў перакананы: няма нічога немагчымага, галоўнае — па-сапраўднаму любіць сваю справу.

Усяго ў Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе плануецца прыняць на навучанне 2807 навучэнцаў: у 15 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе весціся падрыхтоўка па 69 кваліфікацыях.

Не выканаўцы, а майстры

Навучэнцы Пінскага ДПТК машынабудавання атрымліваюць трывалую прафесійную падрыхтоўку, а таксама надпрафесійныя кампетэнцыі — крэатыў­насць, інавацыйнае мысленне, уменне прэзентаваць сябе і камунікаваць з іншымі.

Такі падыход  дазваляе выпускаць не проста выканаўцаў пэўнага набору аперацый, а перспектыўных майстроў.

У Брэсцкай вобласці сёлета 26 устаноў будуць ажыццяўляць падрыхтоўку навучэнцаў па праграмах ПТА. Усяго плануецца прыняць 4035 юнакоў і дзяўчат. 240 з іх бу­дуць прахо­дзіць свой шлях да прафесіі ў Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

У гэтым годзе каледж прапануе новыя прафесіі — станочнік шырокага профілю і слесар механазборачных работ. Для гэтага з улікам сучасных падыходаў да навучання ўжо набыта сучаснае абсталяванне, вучэбныя стэнды, мадэрнізавана вучэбна-вытворчая база. Гэтыя прафесіі папоўняць спіс прафесій, што сталі для ўстановы традыцыйнымі. Сярод іх — электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрагазазваршчык, слесар па рамонце аўтамабіляў, абіўшчык мэблі, ва­дзіцель, каваль ручнога кавання, электра­зваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, кузаўшчык, токар, фрэзероўшчык, электрамеханік па рамонце і абслугоўванні вылічальнай тэхнікі. 

Сёння ў каледжы можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне транспартным сродкам любой катэгорыі. Каледж — адзіная ўстанова ў вобласці, якая цесна супрацоўнічае з Асацыяцыяй міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў і рыхтуе вадзіцеляў-міжнароднікаў. 

У каледжы добра разу­меюць запыты часу і імкнуцца выхаваць кампетэнтнага прафесіянала з творчым інавацыйным мысленнем. Таму ўсяляк падтрымліваюць і развіваюць рацыяналізатарскую дзейнасць, тэхнічную творчасць. Навучэнцы пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання  і выкладчыкаў кале­джа сваімі рукамі сабралі электрасамакат, электралангборд, а таксама сімулятар кіравання аўтамабілем. Сімулятар цалкам імітуе вадзіцельскае месца ў аўтамабілі і знайшоў прымяненне ў адукацыйным працэсе. І гэта толькі невялікая кропля ў моры вынаходстваў навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа. 

Каб навучэнцы развіваліся ўсебакова, выкладчыкі падтрымліваюць і папулярызуюць навукова-даследчую дзей­насць. Даследчыя кампетэнцыі прадугледжваюць, што чалавек умее самастойна знаходзіць і аналізаваць інфармацыю. Такія ўменні карысныя для чалавека любой прафесіі. Свае даследаванні навучэнцы прадстаўля­юць на традыцыйнай канферэнцыі ў каледжы, а таксама на міжнародных канферэнцыях. 

Развіваць свой патэнцыял навучэнцы могуць і ў творчым кірунку, напрыклад, у кавальскай справе. Яны вырабляюць сапраўдныя шэдэўры з металу — мэблю, прадметы побыту, скрыні, мангалы і г.д.

Пункты росту

Менавіта імі сталі рэсурсныя цэнтры. У такіх цэнтрах сканцэнтравана сучаснае, высокатэхналагічнае абсталяванне па пэўным напрамку, якое пастаянна абнаўляецца. Сёння ў краіне больш за паўсотні рэсурсных цэнтраў.

Рэсурсны цэнтр дзейнічае і на базе Аршанскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Ён адзін з самых маладых. Гэта цэнтр па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” і “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”. 

Імклівае развіццё вытворчасці і новых тэхналогій прад’яўляе высокія патрабаванні да спецыялістаў,  у тым ліку і ў галіне сельскай гаспадаркі.  Сёння работадаўцам патрэбны высокакваліфікаваныя рабочыя кадры.  Падрыхтаваць менавіта такія кадры і дапамагае рэсурсны цэнтр. Тут паспяхова вырашаюць  задачы па падрыхтоўцы рабочых, якія валодаюць сучаснымі інавацыйнымі тэхналогіямі, навыкамі работы з энерганасычанай тэхнікай. У цэнтры ёсць увесь набор стэндаў для тэхнічнага абслугоўвання трактароў МТЗ: стэнд для рэгуліроўкі і праверкі фарсунак, светлавых прыбораў, стэнд для барціроўкі колаў, праверкі рулявога кіравання і іншае абсталяванне. 

Увогуле, Аршанскі аграрны каледж — гэта сучасная навучальная ўстанова па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для сельскай гаспадаркі. Выпускнікі   працягваюць вучобу ў вышэйшых навучальных установах краіны. Каледж супрацоўнічае з многімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, якія з’яўляюцца заказчыкамі маладых кадраў.  

Тут звяртаюць асаблівую ўвагу на тэхнічную аснашчанасць вучэбнага асяроддзя. Машынна-трактарны парк установы цалкам укамплектаваны.  Толькі трактароў 20 адзі­нак, у тым ліку найноўшыя высокапрадукцыйныя трактары “Беларус”. Ёсць таксама 3 зернеўборачныя камбайны і 5 аўтамабіляў. Рэсурсны цэнтр стаў лагічным працягам работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.  

На ўзроўні ПТА ў кале­джы рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў, слесараў па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, аператараў птушкафабрык і механізаваных ферм, вадзіцеляў аўтамабіля, машыністаў экскаватара, вадзіцеляў пагрузчыка, кухараў. Каледж чакае новых навучэнцаў.

Дарэчы, чакаюць абітурыентаў і іншыя ўстановы праф­адукацыі  Віцебскай вобласці і запрашаюць у тым ліку звярнуць увагу на новыя кваліфікацыі. Па ўзроўні ПТА ўпершыню ў вобласці адкрываецца падрыхтоўка па кваліфікацыі “агент па абслугоўванні аўтамабільных перавозак” спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць” у Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы, а таксама па кваліфікацыі “фармоўшчык вырабаў і канструкцый” спецыяльнасці “Вытворчасць вырабаў і канструкцый” у  Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.

Новыя магчымасці

Штогод пералік спецыяльнасцей і кваліфікацый у сістэме ПТА абнаўляецца з улікам патрэб у рабочых кадрах арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна. Не выключэнне і гэты год.

У гродзенскім рэгіёне падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў ажыццяўляюць 19 устаноў, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе яны гатовы пры­няць 2609 чалавек. 

У Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы камунальнай гаспадаркі сёлета ўпершыню будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка навучэнцаў па кваліфікацыі “слесар па зборцы металаканструкцый”, у Лідскім дзяржаўным прафесійным політэхнічным ліцэі — па кваліфікацыях “аператар станкоў з праграмным кіраваннем”, “станочнік шырокага профілю”. У Гродзенскім электратэхнічным каледжы імя І.Счаснага адкрываецца набор на новую спецыяльнасць “Сацыяльная работа” з прысваеннем рабочай кваліфікацыі “сацыяльны работнік”. Навагрудскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй пачынае падрыхтоўку па прафесіі машыніст крана аўтамабільнага ў інтэграцыі са спецыяльнасцю “Электрагазазваршчык”. 

Увогуле, сёння каледжы і ліцэі прапануюць шырокі пералік спецыяльнасцей. Так, напрыклад, Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці на ўзроўні ПТА вядзе навучанне па спецыяльнасцях “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Гандлёвая справа”, “Грамадскае харчаванне”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”. З выключна аграрнай установы каледж вырас у шматпрофільную. Якая б спецыяльнасць ні была выбрана, у каледжы створаны ўсе ўмовы для паспяховага навучання па ёй.  

Каледж дае моцную практычныю падрыхтоўку. Для гэтага ў яго ёсць неабходная матэ­рыяльна-тэхнічнай база, якая пастаянна абнаўляецца. Так, навучэнцы, якія выбралі сельскагаспадарчы ці тэхнічны напрамак, могуць адпрацоўваць свае навыкі ў машынна-трактарным парку, які, дарэчы, нядаўна папоўніўся новенькім МТЗ-923.5. Каледж валодае  ўласнай вучэбнай гаспадаркай плошчай 331,8 га. Гэта значыць, што навучэнцы могуць выконваць увесь цыкл сельскагаспадарчых і рамонтна-наладачных работ у рэальных працоўных умовах. 90% майстроў вытворчага навучання ўстановы — у мінулым работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, а зна­чыць, спазналі сваю справу на практыцы і могуць па­дзяліцца з навучэнцамі тонкасцямі прафесіі.  

Каб выпускнікі былі запатрабаваны на рынку працы, для навучання прапануецца некалькі кваліфікацый у адной вучэбнай групе. 

— Мэта нашага каледжа — якасная падрыхтоўка запатрабаваных на рынку працы, канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія свабодна валодаюць сваёй спецыяльнасцю і кваліфіка­цыяй, — расказвае дырэктар Леакадзія Браніславаўна Юрэвіч. — Запрашаем юнакоў і дзяўчат з велізарным жаданнем стаць сапраўднымі прафесіяналамі. Мы ў гэтым дапаможам.

Установа з характарам

У кожнай установы прафесійнай адукацыі свой характар. У Капыльскага дзяржаўнага каледжа характар дакладна крэатыўны і інавацыйны. 

У каледж на ўзроўні ПТА набіраюць будучых электраманцё­раў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, ва­дзіцеляў аўтамабіляў, электразваршчыкаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вы­т­ворчасці, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, швачак, цырульнікаў, прадаўцоў, кухараў. 

Навучэнцам даюць трывалыя веды і ўменні. А яшчэ — унікальныя магчымасці для самаразвіцця, а дакладней, для развіцця сваіх прадпрымальніцкіх здольнасцей. 

У каледжы дзейнічае цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, дзе падчас разнастайных мерапрыемстваў можна атрымаць тэарэтычныя веды, а таксама бізнес-кампанія, у якой свае прадпрымальніцкія веды можна падмаца­ваць практыкай. 

Бізнес-кампанія “Эргана” дзейнічае ўжо 9 гадоў і ўключае аж 9 напрамкаў бізнесу: вытвор­часць і рамонт швейных вырабаў, выраб малых архітэктурных металаканструкцый, вытворчасць пешаходнай і абліцовачнай плітка і бардзюраў, вырошчванне расады агародніны і кветак, распрацоўка і стварэнне запатэнтаваных інавацыйных вырабаў, такіх як напятачнік на абцас, плашч-трансформер і куртка-барсетка. 

Самы новы напрамак — сельскі турызм. У каледжы створана сядзіба “Мядовая заімка”. Гэта гасцінны комплекс на беразе возера з эка­сцежкай, лазняй, міні-заапаркам, хаткай для апітэрапіі “Лячэбны сон на вуллях”. 

Навучэнская бізнес-кампанія арганізоўвае сваю работу гэтак жа, як і любая іншая, аднак усе працэсы ў ёй ажыццяўляюць навучэнцы. Ад планавання работы да рэалізацыі тавараў і паслуг — усё яны выконваюць самастойна, дарослыя толькі курыруюць і дапамагаюць. 

Канечне, задачу выхаваць бізнесменаў тут не ставяць — рыхту­юць па іншых прафесіях. Аднак даюць моладзі веды і ўпэўненасць у сабе, каб рэалізоўваць свае цікавыя ідэі і ініцыятывы, не баяцца браць справу ў свае рукі і рухацца наперад.  

У Мінскай вобласці ў 2022 го­дзе плануецца прыняць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі 3054 навучэнцы.

Кадры высокай пробы

МДПТК мантажных і пад’ёмна­транспартных работ — установа ўнікальная. Каледж адзіны ў нашай краіне рыхтуе машыністаў крана па кіраванні маставымі, вежавымі, казловымі і аўтамабільнымі кранамі.

А такія спецыялісты шмат дзе патрэбны.  Маставыя краны, напрыклад, выкарыстоўваюцца ў цэхах практычна ўсіх заводаў. Рабочыя кадры па кіраванні маставымі кранамі запатрабаваны на такіх найбуйнейшых прадпрыемствах, як МАЗ, МТЗ, “Мінскжалезабетон”, МАПІД.

“Мінскметрабуду” патрабуюцца спецыялісты па кіраванні казловымі кранамі. А аўтамабільныя і вежавыя краны ў першую чаргу неабходны для будаўнічай галіны. Сучасныя будоўлі прадугледжваюць узвядзенне шматпавярховых будынкаў, таму вежавыя краны і, вядома ж, спецыялісты, якія могуць імі кіраваць, патрэбны заўсёды.

Не менш запатрабаванымі стануць і выпускнікі, якія атрыма­юць новыя кваліфікацыі. У гэтым го­дзе каледж набірае маладых людзей для навучання па кваліфікацыях “слесар па абслугоўванні цеплавых сетак”, “слесар па рамонце абсталявання кацельняў і пылапад­рыхтоўчых цэхаў”. Перш за ўсё ў такіх работніках адчувае патрэбу прадпрыемства “Мінсккамунцепласетка”, якое  з’яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь. 

Таксама ў каледжы рыхту­юць вадзіцеляў аўтамабіля (міжнародныя перавозкі), слесараў па рамонце аўтамабіляў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, мантажнікаў знешніх трубаправодаў, слесараў па зборцы металаканструкцый, мантажнікаў тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый, электрагазазваршчыкаў.

У каледжы  функцыянуе рэсурсны цэнтр па кірунку “Энергетыка”, ёсць уласны аўтадром, добра аснашчаныя майстэрні — словам, усё неабходнае для падрыхтоўкі кадраў высокай пробы. 

І яшчэ адзін сталічны каледж прапануе новыя кваліфікацыі. Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачне рыхтаваць кавалёў ручнога кавання і кавалёў-штампоўшчыкаў.

Усяго ў сталіцы ў 20 установах ажыццяўляецца падрыхтоўка на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе яны папоўняцца 4182 навучэнцамі.

 Дар’я РЭВА.