Знайсці скарбы

- 13:00Брэстчына

Без амаль аднаго года тысячагадовы Брэст прыхоўвае незлічоныя скарбы. Золата, рублі, долары — гаворка не пра іх. У горада над Бугам ёсць асаблівыя скарбы, куды больш каштоўныя, чым тоны бліскучага металу або мільёны папяровых грашовых знакаў. Знайсці гэты скарб няпроста, але магчыма. “У пошуках скарбаў” — так называецца праект, які рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 18 Брэста з 2015 года.

Найбольш актыўна педагогі і навучэнцы 18-й школы шукаюць гэты скарб на летніх канікулах. Пачаліся пошукі два гады назад падчас работы школьнага краязнаўчага летніка “Спадчына”. Тады, у 2015 годзе, была распрацавана праграма змены “У пошуках скарбаў, або Партрэт на фоне горада” для навучэнцаў 5—7 класаў. Дзеці збіралі звесткі пра Брэст, стваралі краязнаўчыя маршруты, а за сабраную інфармацыю атрымлівалі спецыяльныя манеты. Для напаўнення сваёй скарбніцы вучням неабходна было наведваць музеі, ваенныя часці, спартыўныя аб’екты, паркі і скверы і пры гэтым абавязкова рабіць партрэты на фоне гэтых аб’ектаў.

— Паспяхова рэалізаваная ў 2015 годзе праграма прывяла нас да ідэі стварэння цэлага праекта летняга адпачынку, які мы назвалі “У пошуках скарбаў” і працягнулі яго на 5 гадоў. Кожная летняя змена атрымала сваю назву. Лета-2015 стала “Партрэтам на фоне горада”, лета-2016 — “Таямніцамі старога фотаальбома”, лета-2017 — “Аднакласнікі.by”, наступнае лета стане “Формулай поспеху”, а лета-2019, калі будзе адзначацца 1000-годдзе Брэста, атрымае назву “Мой падарунак гораду”. Так, у рамках праграмы “Таямніцы старога альбома” вучні станавіліся фотакарэспандэнтамі-гісторыкамі, удзельнічалі ў гістарычных квестах. Падчас гэтай папулярнай сярод моладзі формы спазнання гісторыі горада вучні не толькі прагульваліся па вуліцах, але і раскрывалі таямніцы старых будынкаў, помнікаў, напаўнялі фотаальбом знятым матэрыялам. На працягу змены працавалі даследчыя, краязнаўчыя бюро, творчыя майстэрні, клуб фотакарэспандэнтаў, — паведаміла дырэктар школы Аксана Аляксееўна Голубева.

У выніку рэалізацыі праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі авалодалі навыкамі працы з пошукавым матэрыялам, навучыліся апрацоўваць малюнкі, ствараць фотакалажы, распрацоўваць гульнявыя праграмы для аднагодкаў, прэзентаваць вынікі сваёй працы. Была створана пошукавая праца “Парадныя вароты імперыі”, прысвечаная гісторыі чыгуначнага вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны, падрыхтаваны матэрыял для афармлення буклета “Наш горад прыгожы ва ўсе часы”, пачалася распрацоўка экскурсійнага маршруту “Я гуляю па вуліцах Брэста”. На працягу змены было арганізавана цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі і культуры горада, чыгуначным вакзалам, гарадскім паркам культуры і адпачынку. На фотавыставах, якія арганізоўваюцца па выніках завяршэння кожнага этапу праекта, можна бачыць засяроджаныя і ўсмешлівыя твары настаўнікаў і вучняў на фоне будынка школы, Брэсцкай крэпасці-героя, помніка тысячагоддзю Брэста, на фоне гістарычных і сучасных будынкаў старых і маладых вуліц горада.

Кожная праграма праекта адметная. Так, “Аднакласнікі.by”, якая праводзілася на нядаўніх летніх канікулах, — гэта своеасаблівы часопіс, а ўдзельнікі змены станавіліся супрацоўнікамі яго рэдакцыі. Тут былі і журналісты, і дызайнеры, і карэктары, і фотарэдактары, і вярстальшчыкі. Паколькі праграма рэалізоўвалася ў юбілейны для школы год (сёлета яна адзначае 55-годдзе), супрацоўнікі рэдакцыі вывучалі гісторыю ўстановы, знаёміліся з лёсам яе настаўнікаў і выпускнікоў.

“Формула поспеху” — пад такім дэвізам пройдуць летнія канікулы ў наступным годзе. Удзельнікі аднайменнай праграмы праекта будуць прыходзіць на прадпрыемствы, наведваць майстар-класы народных умельцаў, сустракацца з навукоўцамі, пісьменнікамі, прадстаўнікамі гарадской улады і такім чынам раскрываць формулу іх прафесійнага і жыццёвага поспеху. Плануецца, што ў выніку рэалізацыі праграмы будуць створаны праектна-даследчыя работы і прэзентацыі кшталту “Хачу расказаць пра гэтага чалавека…”. Фінальным акордам праекта стане праграма “Мой падарунак гораду”. У 2019 годзе вучні 18-й школы разам з настаўнікамі і бацькамі будуць рыхтаваць падарункі любімаму гораду з нагоды яго 1000-годдзя. Гэта стануць не толькі даследчыя работы, прысвечаныя лёсу Брэста і яго жыхароў, але і карысныя справы.

Праект “У пошуках скарбаў” можа быць рэалізаваны ў любой установе адукацыі, любым горадзе, пасёлку, вёсцы. У гэтым яго каштоўнасць. Этапы праекта не абмяжоўваюцца толькі летнімі канікуламі. Тэматычная работа ў рамках праграм можа весціся на працягу ўсяго года. Так што шукайце скарбы, знаходзьце, як робяць гэта вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 18 Брэста.

Ігар ГРЭЧКА.