Зорачка Палесся

- 15:01Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

У аграгарадку Вялікае Малешава знаходзіцца сярэдняя школа, дзе вучыцца больш за 400 дзяцей. У 2020 годзе па ініцыятыве калектыву школы і ветэранаў працы ўстанове надалі імя Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец.

Дарога жыцця

У Столінскім раёне гэта першая школа, якой прысвоена імя Героя Сацыялістычнай Працы. Сціплую сельскую настаўніцу з палескай глыбінкі ведала ўся педагагічная грамадскасць Савецкага Саюза. І вось чаму.

Надзея Іванаўна Кавалец нарадзілася 20 мая 1927 года ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, у 1947 годзе паступіла ў Пінскі педагагічны інстытут. Праз тры гады пачала праца­ваць у вёсцы Вялікае Малешава: выкладала рускую і беларускую мовы мясцовым дзецям. Надзея Кавалец паралельна з работай у школе вырашыла працягнуць навучанне і ў 1961 го­дзе стала завочніцай Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Пасля працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. На­дзея Іванаўна атрымала ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР” у 1973 го­дзе, а праз 5 гадоў ёй было прысвоена ганаровае званне “Герой Сацыялістычнай Працы”, яна стала кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акрамя таго, Надзея Іванаўна вяла дэпутацкую дзей­насць у Брэс­цкім абласным Савеце дэпутатаў. Рашэннем Столінскага раённага Савета дэпутатаў у снежні 2009 го­да за шматгадовыя працоўныя заслугі і вялікі асабісты ўклад у развіццё адукацыі раёна педагогу было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна”.

Надзея Іванаўна пачала дынастыю педагогаў. Яе дачка Ганна Аляксееўна Карпцова працавала настаўніцай гісторыі ў Велікамалешаўскай школе. Таксама пайшлі па яе слядах дзве ўнучкі: Наталля Фёдараўна Знавец — настаўніца рускай мовы і літаратуры, Таццяна Фёдараўна Андрэйкавец — настаўніца гісторыі.

Выбітная асоба

Па водзывах калег, Надзея Іванаўна ўкладвала ў работу ўсю душу і была педагогам па прызванні. А веданне дзіцячай псіхалогіі і ўменне бачыць у кожным дзіцяці зерне дабра зрабілі яе любімай настаўніцай вучняў.

— Надзея Іванаўна была не­абыякавай да жыцця навучэнцаў. У тыя часы не было такой шырокай магчымасці дастаць мастацкую літаратуру, таму вучні ра­зам з Надзеяй Іванаўнай збіраліся па вечарах, каб чытаць літаратурныя творы па ролях. Педагог выпісвала часопіс “Огонёк”. Адзін раз на тыдзень мы збіраліся ў яе, Надзея Іванаўна пякла пампушкі і частавала вішнёвым варэннем. Тады мы размаўлялі з ёй на розныя тэмы: як трэба жыць, працаваць, ставіцца да дарослых і баць­коў. Яна не толькі вучыла нас школьнаму прадмету, але і жыццю ў цэлым. Дабро, гуманізм і ўзаемадапамога — гэта тыя якасці, якія Надзея Іванаўна прывівала нам усім. Мы стараемся перадаць гэтыя якасці цяперашняму пакаленню праз нашу школу, — расказвае былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Велікамалешаўскай сярэдняй школы Любоў Дзмітрыеўна Паўловіч. — Хачу нагадаць адну прытчу. Калі нараджаецца чалавек, на небе загараецца зорачка. Я для сябе перафразавала гэты выраз і гавару так: “На нашым ціхім, мірным куточку Палесся нарадзілася новая зорачка Надзея Іванаўна. Гэта сціплая зорачка, якая дарасла да зоркі Героя Сацыялістычнай Працы”.

У 2003 годзе Надзея Іванаўна Кавалец дала свой запавет маладым педагогам: “Вучыцеся ў вопытных калег, але чужы вопыт не запазычвайце бяздумна. Чужы вопыт, як чужое адзенне — то мехавата, то цісне пад пахамі. Выпрацоўвайце свой почырк у рабоце. Гэта найважнейшая ўмова поспеху”. 

Надзея Іванаўна вяла школу перадавога вопыту, на працягу года ў Велікамалешаўскую школу прыязджалі розныя педагогі раёна, з якімі яна дзялілася напрацаваным вопытам. Таксама педагог выступала на пленарных пасяджэннях, бо лічылася добрым аратарам. Была дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў, які праходзіў у Маскве ў 1969 годзе.

— Яна была вельмі працавітай, таленавітай і мудрай. Сваіх вучняў заўсёды вучыла аналізаваць усю інфармацыю, якая ім паступае. Таксама надавала вялікае значэнне патрыя­тычнаму выхаванню, — адзначае былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Велікамалешаўскай сярэдняй школы Лідзія ЯкаўлеўнаШыкунец.

Надзея Іванаўна лічыла, што для вучня інфармацыя і веды, якімі ён хоча валодаць, павінны быць даступныя. У яе быў жалезны прынцып: ніколі не ставіць двойку, нават калі дзіця не падрыхтавалася да ўрока. Педагог спрабавала знайсці тыя веды, якімі ўжо валодае вучань.
Тады дзеці выпраўляліся, атрымліваючы больш высокія адзнакі. 

— Заўсёды, я памятаю, у яе быў аловачак і сшытак у касую лінеечку, у які яна ставіла кропачкі, калі дзеці не вывучылі ўрок. Вучань абавязкова павінен быў вывучыць яго на наступны раз і запоўніць гэтую кропачку адзнакай. Вось такі гуманны педагагічны метад, якім да сённяшняга часу карыстаюцца нашы педагогі. А яшчэ ў яе вельмі цікава арганізоўвалася работа ў парах. Яна выклікала нас па два, тры ці чатыры чалавекі, і мы пачыналі дыскусіі: ­адзін выказваў меркаванне, другі дапаўняў. Такім чынам уся група атрымлівала трывалыя веды, — успамінае Любоў Дзмітрыеўна.

— На сваіх уроках, калі хочацца паставіць двойку, заўсёды ўспамінаю сваю настаўніцу Надзею Іванаўну. Тады прыхо­дзіць усведамленне, што дрэнная адзна­ка ніяк не дапаможа вучню падрыхтавацца наступны раз. Лепш я дзіцяці дам матывацыю, каб ён быў зацікаўлены атры­маць добрую адзнаку. Таксама пераняла ў Надзеі Іванаўны яшчэ адзін педагагічны метад — работа ў групах. Як на спаборніцтвах, у дзіцяці з’яўляецца стымул перамагчы, — гаворыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Краўцова.

Надзея Іванаўна — першы педагог, які ў Велікамалешаўскай школе выкарыстаў перфакарты. А пасля таго як выйшла на заслужаны адпачынак, перадала ўсе напрацаваныя методыкі і матэрыялы наступнаму пакаленню педагогаў. Цяпер усе гэтыя напрацоўкі захоўвацца ў кабінеце рускай мовы і літаратуры, дзе яна працавала.

Верны шлях школы

Адну з першых цаглінак на шляху да поспеху заклала На­дзея Кавалец. Спадчына, якую яна пакінула сваім калегам і вучням Велікамалешаўскай школы, сёння адчуваецца і дапамагае на кожным спаборніцтве, конкурсе, мерапрыемстве.

Сёлета навучэнцы ўдзельнічалі ў конкурсе дзіцячых творчых работ, які праходзіў у рамках рэалізацыі міжнароднага інавацыйнага праекта “Мая Айчына”. Яны заваявалі дыплом I ступені і два дыпломам II ступені. Таксама мясцовыя вучні могуць пахваліцца дыплом I ступені ў раённым этапе абласной выставы “Перамогу памятае Беларусь”.

“На нашым ціхім, мірным кутку Палесся нарадзілася сціплая зорачка, якая дарасла да зоркі Героя Сацыялістычнай Працы”.

За апошнія 10 гадоў спартыўная каманда школы 4 разы станавілася пераможцай раённай спартакіяды. У скарбонцы перамог — узнагароды па лёгкаатлетычным кросе, лыжных гонках, шахматах, настольным тэнісе, турызме. Таксама праводзіцца штогадовы турнір па баскетболе памяці Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. Па гэтым відзе спорту, але ўжо ў рамках раённай спартакіяды, каманда дзяўчат неаднаразова займала лідзіруючыя пазіцыі. А зборная юнакоў у 2021 годзе ўзяла 1-е месца. У тым жа годзе ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Скураны мяч” каманда Велікамалешаўскай сярэдняй школы заваявала 1-е месца.

Настасся ЧАРКАНАВА.