ЗША: студэнты наўмысна заражаліся COVID-19 дзеля грошай

- 11:59Паралелі

Студэнты прыватнага рэлігійнага ўніверсітэта Брыгама Янга ў штаце Айдаха наўмысна заражаліся каранавірусам COVID-19, каб атрымаць грошы за плазму крыві з антыцеламі.

У заяве навучальнай установы сказана, што кіраўніцтва глыбока занепакоена данымі аб тым, што некаторыя асобы наўмысна спрабавалі заразіць саміх сябе і іншых каранавірусам.

“Студэнты, якія будуць абвінавачаны ў наўмысным заражэнні вірусам іншых ці сябе, будуць неадкладна выключаны з універсітэта без права аднаўлення. Няўвага да свайго здароўя і бяспекі непазбежна прывядзе да захворванняў і смерцяў сярод нас”, — сказана ў паведамленні.

Па даных New York Post, побач з навучальнай установай знаходзяцца два пункты прыёму плазмы. У адным з іх добраахвотнікам прапануюць 100 долараў за здачу крыві, у другім — 200. Здаваць кроў можна некалькі разоў запар, пакуль у ёй застаюцца антыцелы.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.