Зялёная прагулка

- 11:57Выхаванне

Стварэнне і добраўпарадкаванне экалагічных зялёных маршрутаў у Мінску стала добрай традыцыяй. Іх адкрыта ўжо 7 у пяці раёнах сталіцы. Нядаўна, у Сусветны день аховы навакольнага асяроддзя, у Заводскім раёне атрымала “прапіску” восьмая экалагічная сцяжына.

Прапанова стварыць экалагічныя сцяжыны ў кожным адміністрацыйным раёне нашай сталіцы выходзіла ад Мінскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Іх ствараюць для правядзення экскурсій і назіранняў за жывой прыродай — для школьнікаў, студэнтаў, педагогаў, аматараў прыроды, спецыялістаў.

Маршрут новай сцяжыны пачынаецца адразу за Мінскім заапаркам і праходзіць па зялёнай зоне ўздоўж ракі Свіслачы. З юнымі арнітолагамі клуба “Крылаты дазор” ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” мы пабывалі на гэтай сцяжыне сёлета двойчы. Першы раз — да яе адкрыцця, у студзені — на зімовых уліках вадаплаўных птушак. Другая экскурсія адбылася надоечы. Кампанію мне склалі мае навучэнцы — Настасся і Аляксей Шматко. Вельмі хацелася прайсціся па экалагічнай сцяжыне, убачыць новых птушак, паказаць усё гэта дзецям і, канечне, атрымаць новыя ўражанні ад убачанага.

Лета ўжо ўступіла ў свае правы, і дзень парадаваў нас вельмі добрым надвор’ем, яркім сонцам і цяплом. Іскрынка згаданага зялёнага маршруту — рака Свіслач з густымі зараснікамі трыснягу і рагозу па берагах, месцамі — вербняку з прымессю алешыны, бярэзніку, што так прываблівае водных і каляводых птушак і розных жывёл.

У пачатку маршруту на рацэ нам сустрэлася сямейка качак-крыжанак. Качка апекавала птушанят, якія вельмі хацелі быць самастойнымі і адплывалі ад яе. А яна пастаянна клікала сваім ціхім “вуць-вуць”, і малышы зноў збіраліся ў чародку. У качараў зараз адзін клопат — чысціць пёркі, грэцца на сонейку і драмаць у цяньку пад густой зеленню дрэў, хаваючы свой убор ад лінькі.

Тут жа плавала сямейка чубатых чэрнецей. У іх ужо былі даволі вялікія птушаняты, але бацька знаходзіўся пастаянна паблізу мамы качкі. Куды яна — туды і ён, як нітка за іголкай, побач. Насця і Алёша былі ў захапленні, яны ўпершыню ўбачылі незвычайных качак з чубам на патыліцы.

Назіралі таксама сутычку азёрнай чайкі з рачной крачкай. Некалькі разоў з крыкамі яны атакавалі адна адну, але потым разляцеліся.

Нізка над гладдзю вады ляталі вясковыя ластаўкі і стрыжы, лавілі на ляту мошак, кузурак. Тут для іх харчовае багацце: воблакі мошак круціліся непасрэдна над вадой. Над ракой і ў густым трыснягу ляталі стракозы, каб не трапіць на абед птушкам.

Добраўпарадкавана сцяжына на славу! Яна падзелена на некалькі тэматычных зон, дзе размешчаны інфармацыйныя стэнды: насельнікаў горада, вадаёма, поймы і інш. Пракладзены пясчаныя дарожкі, пастаўлены зручныя шырокія драўляныя лаўкі, пянькі, назіральныя пляцоўкі, птушыныя домікі, пакошана па берагах ракі трава. Тут забаронена смеціць, разбураць птушыныя гнёзды, хуліганіць — на гэты выпадак устаноўлены камеры назірання.

Каля вадаёма было многа тых, хто адпачываў, бабуль, маладых сем’яў, на беразе нават размясціліся юныя мастакі — малявалі качак, лебедзяў, чаек.

Тут вельмі маляўніча, пахнуць травы, па берагах ракі расце чартапалох, любімы ласунак чорнагаловага шчыгла. Недалёка аглушальна падаваў голас лугавы чакан: “Чак-чак”. Чародка маладых вялікіх сініц гарэзнічала на кронах дрэў, радавалася.

З усіх куткоў гучалі птушыныя трэлі. Насця адразу заўважыла берасцянку, маленькую птушку з сінявата-шэравата-карычневым апярэннем з белымі палоскамі на крылах. Берасцянка праляцела міма нас і прысела адпачыць на галінку дрэва, прасвяпавала нам няхітрую песеньку, потым раптам успырхнула і паляцела па сваіх справах. Цяпер дзеці ведаюць, як яна прыгожа спявае.

Калі мы вярталіся дадому, нас праводзілі жоўтыя пліскі — жвавыя птушкі з тонкай дзюбай, жоўтай грудкай і доўгім хвосцікам. Дзеці таксама ўпершыню ўбачылі такую птушку, знаёмы толькі з белай сітаўкай.

У гэты дзень мы пачулі цудоўныя гукі прыроды, пляск вады, крыкі чаек, трапятанне матылькоў. Надыхаліся свежым паветрам, стаміліся. Палюбаваліся прыгожымі пейзажамі лесу, балотца, поймы, сцяжынак. Тут добрае асяроддзе для птушак, ім ёсць дзе гнездавацца і выжываць, а нам трэба берагчы ўсё гэта і захоўваць.

Ірына БІРЫНА-ПАЎЛАВА,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Азбука арніталогіі”
сярэдняй школы № 137 Мінска імя П.М.Машэрава.
Фота аўтара.