Зялёныя крокі па Зэльвеншчыне

- 12:22Прэс-тур

Гісторыя зялёных маршрутаў Беларусі пачалася са стажыроўкі ў 2004 годзе Алены Ветравай, фіналісткі праграмы Лэйна Кіркланда, арганізаванай фондам “Партнёрства для навакольнага асяроддзя”, і яе дыпломнай працы аб магчымасцях развіцця зялёных маршрутаў у Беларусі. Рэалізаваць ідэю сельскага экалагічнага адпачынку ўзялося маладое тады грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” і яе кіраўнік Валерыя Кліцунова. За гэтыя гады Алене, Валерыі і іх паплечнікам удалося стварыць шэраг зялёных маршрутаў. Ацаніць адзін з іх — “Зэльвенскі дыяруш” — нядаўна запрасілі журналістаў рэспубліканскіх СМІ, у тым ліку “Настаўніцкую газету”.

Уваскрашэнне “кулінарных прывідаў”

Зялёныя маршруты дынамічна развівае БГА “Адпачынак у вёсцы”, якое з кожным годам прыцягвае ўсё больш аматараў актыўнага адпачынку на прыродзе. Такія маршруты культывуюць здаровы лад жыцця, таму іх засваенню спрыяе веласіпедны, а таксама пешы, конны, водны турызм. Маршруты наўпрост выводзяць да захавальнікаў народных рамёстваў, гасцінных агратурыстычных гаспадарак і… найсмачнейшых страў нацыянальнай кухні. Вывелі нашы маршруты да іх і нас.

Першым прыпынкам стала Князеўская сярэдняя школа Зэльвенскага раёна. У гэтай на першы погляд звычайнай сельскай школе прымяняюцца інавацыйныя адукацыйныя падыходы, адзін з іх — праект “Даспадобы нам жыць у вёсцы”, які ў 2004 годзе быў прызнаны лепшым у рэспубліцы. Ужо некалькі гадоў школьнікі разам са сваімі настаўнікамі ездзяць па вёсках, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, збіраюць легенды, рэцэпты, робяць фотаздымкі. Як вынік сваіх паездак дзесяцікласнікі прадставілі фотавыставы “Мой свет вёскі ў асобах” і “Маўклівыя сведкі гісторыі”, але галоўнае — брашура “Крамяніцкі вузельчык. Гатуем сваё” (па назве Крамяніцкага сельскага Савета, дзе і збіраліся рэцэпты). Школьнікі прэзентавалі кніжку і прапанавалі прадэгуставаць стравы, рэцэпты якіх увайшлі ў выданне, і тыя, якія ўвойдуць у наступную кніжку гэтай серыі.

Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”, выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ, гаворыць: “Калі я пытаюся ў сваіх студэнтаў-першакурснікаў і іх сяброў, якія беларускія стравы яны ведаюць, найчасцей чую толькі адзін адказ — дранікі. Зрэдку самыя прасунутыя дадаюць яшчэ і верашчаку. І мяне гэта заўсёды засмучае, бо мы столькі робім, каб навучыцца прэзентаваць сваю краіну. Што ж мы раскажам, калі самі нічога не ведаем? Хіба беларуская кухня такая бедная? Так, беларускія стравы сёння паспрабаваць не так проста і не кожнаму па кішэні, у адрозненне ад амерыканскай, азіяцкай і якой хочаш іншай кухні, што запаланілі нашы гарады. Але радуе, што сёння мы нарэшце назіраем ажыўленне і ў дачыненні да беларускай кухні: гастрафэсты, прэзентацыі, дэгустацыі, экавечарыны для прасоўвання розных зялёных ідэй. Вельмі шмат у гэтым кірунку робяць школьнікі, князеўскія ў прыватнасці, бо яны знайшлі ўнікальныя рэцэпты старадаўніх страў, якія гатавалі іх мамы, бабулі. Ёсць сярод гэтых рэцэптаў і “кулінарныя прывіды” — тыя, якія зніклі і ўжо не гатуюцца, але пакуль яшчэ жывуць ва ўспамінах старажылаў. І прыемна, што на Зэльвеншчыне яны зноў ажываюць”.

Марыя-Малгажата Людзіч, дзесяцікласніца Князеўскай сярэдняй школы, расказала: “Самы стары рэцэпт, якія нам удалося знайсці, датаваны пачаткам ХХ стагоддзя. Пра яго расказаў І.Ф.Палубок, жыхар вёскі Войневічы, які некалі батрачыў на пана. Страва называецца “Сіла парабка”. Спрацаваным галодным людзям была вельмі даспадобы страва, якую гатавалі па загадзе пані: абрэзаная з двух бакоў цыбуля шчыльна выкладвалася на змазаную здорам бляху, пасыпалася надзёртай бульбай, і дабаўляліся маленечкія шматочкі сала, якое паспрабаваць можна было толькі ў пана”.

Вікторыя Валюк у захапленні ад грыбоў у тлушчы, якія гатуе яе бабуля: “Кожны раз, калі мы збіраемся ў яе капаць бульбу, каронная страва на стале — прыхаваныя слоічкі з летнімі грыбамі. Прыпушчаныя на патэльні, яны даюць такі водар, быццам іх толькі што сабралі”. А ў сям’і Маргарыты Мацец ад пакалення да пакалення перадаецца рэцэпт засмажанай у печы крывянкі з надзёртай і перамешанай са свіной крывёй бульбы, з прыправамі і крупамі.

Школьнікі і іх настаўнікі прапанавалі нам паспрабаваць тое, што давала іх продкам сілы жыць, працаваць і гуляць: бабку і галушкі па-зэльвенску, аладкі, вантрабянку, гарбузянку, цыбрыкі, бульбішнікі — усё толькі што з печы. Быў тут і з дзясятак страў, якія ўвойдуць у дапоўненае выданне: халадзец ад дырэктара школы, вяндліна з падземнай вяндлярні настаўніцы фізвыхавання і нават… пячэнне з салам.

“Адрозненні зэльвенскіх страў не толькі ў складзе інгрэдыентаў, а нават у самім працэсе гатавання, — гаворыць дырэктар Князеўскай сярэдняй школы Валянціна Аляксандраўна Семяняка. — Напрыклад, у бабку мы дабаўляем смажаную цыбулю, а не сырую, а бульбу абавязкова дзяром на дзвюх тарках, каб была дробная і буйная фракцыя. Мяса на катлеты ў нас не прапускалі праз мясарубку, а секлі сякерамі на дробныя шматочкі. Аднак сутнасць нашага праекта не толькі ў тым, каб знайсці мясцовыя адметнасці. У сельскай школе заўсёды важна заняць і зацікавіць навучэнцаў, бо не так многа мы можам прапанаваць сваім вучням у параўнанні з гарадскімі дзецьмі. У нас шмат кірункаў, але найбольш цікавы — “Даспадобы мне жыць у вёсцы”, які мы распачалі, дзякуючы з грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы”, у 2013 годзе. Мы гатовы працягваць гэтыя традыцыі і перадаваць іх наступным пакаленням, у тым ліку на Анненскім кірмашы. На ім мы ўпэўніліся (а чэргі даказалі), што нашы стравы склалі сур’ёзную канкурэнцыю мясакамбінатам, прафесійным кухарам і г.д. Магчыма, прыйдзе час і мы будзем на гэтым зарабляць грошы.

Тыя людзі, якія падзяліліся з намі сваімі сакрэтамі, зараз ужо ў такім узросце, што, калі б не дзеці, многае адышло б у нябыт. І наша задача як педагогаў — выхаваць дзяцей так, каб для іх малая радзіма была аўтарытэтнай, каб ім хацелася не толькі сюды прыехаць, але і прывезці сваіх дзяцей, унукаў, суседзяў-гараджан, якія не могуць дакрануцца ў сваім жыцці да гэтага”.

Акрыленая “Старая Весь”

Само слова “аграэкатурызм” падштурхоўвае да думкі, што пытанні гэтай сферы трэба вырашаць не за сталом у канферэнц-зале, а на зямлі, у лесе, садзе — там, дзе, уласна, і прымаюць стомленых ад горада падарожнікаў. Таму сваю працу наша група працягвала, наведваючы аграсядзібы. Так, другім прыпынкам стала “Старая Весь” у Варонічах. Вось ужо 12 гадоў тут спыняюцца і школьнікі, і студэнты — будучыя біёлагі і настаўнікі з Гродна, Ваўкавыска, Слоніма, і ўсе, каго цікавяць крылатыя жыхары Беларусі. Гаспадар сядзібы Сяргей Мікановіч праводзіць для іх экскурсію па ўнікальным музеі насякомых і пчалярства.

Тут можна ўбачыць калекцыю беларускіх насякомых, якую гаспадар ствараў больш за 35 гадоў, — гэта больш за 2 тысячы матылькоў, жукоў, стракоз, павукоў і інш. Тут жа можна пазнаёміцца з гісторыяй пчалярства, даведацца пра карысць мёду, праполісу, пяргі, матачнага малачка і пчалінага яду. Пра жыццё пчол і гісторыю пчалярства Сяргей Іванавіч расказвае на экскурсіі па пасецы з дэманстрацыйнымі вуллямі, старадаўняй калодай, вуллямі Дадана, Лявіцкага, “варшаўскімі” і шматкорпуснымі вуллямі, з “халодным” і “цёплым” заносам і інш. Непадалёк праходзіць і майстар-клас па лоўлі начных матылькоў на святло, і квесты, і экалагічная праграма “Медухава” — ад слова мёд” у Рэспубліканскім біялагічным заказніку “Медухава” і інш. Дарэчы, сам заказнік пачынаецца акурат за сядзібай. Утвораны ён быў у 1999 годзе па ініцыятыве Сяргея Мікановіча — тады ён узначальваў раённую інспекцыю па ахове прыроды.

“Гэта быў адзіны натуральна змешаны лес у раёне (астатнія — у монакультуры, высаджаныя радкамі), а ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях такіх масіваў, акрамя Медухава, усяго тры, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Па геабатанічным і заалагічным складзе наш заказнік аналагічны Белавежскай пушчы — з цікавымі фларыстычнымі насаджэннямі, цікавай пасадкай таполі бальзамічнай, прычым выключна мужчынскіх экзэмпляраў, шыкоўнымі дубровамі, абрывістым рэльефам…”

Свежына ў Міхася

Пра маштаб беларускай гасціннасці, працавітасці і любові да роднай зямлі мы даведаліся ў вёсцы Казловічы, у аграсядзібе “Верас”, якая стала ўладальніцай гран-пры на Рэспубліканскім конкурсе сядзіб у 2017 годзе.

Міхаіл і Ірына Макей на працягу 25 гадоў стваралі інфраструктуру гасціннасці ў чыстым полі, вырошчваючы экалагічна чыстую агародніну. Яны сапраўдныя захавальнікі беларускіх традыцый і пры гэтым адкрыты да інавацый. Ірына заклала дэндрасад, дзе сёння расце больш за 250 відаў дрэў і кустоў, якімі захапляюцца наведвальнікі з розных краін. Для гасцей з горада і аматараў экзотыкі — лебедзі, паўліны і фазаны, а для адпачынку — язда на брычцы і санях, рыбалка на сваіх саджалках…

У верасні 2017 года ў сядзібе праходзіў фестываль “Organic party — Зялёная пагулянка”, які аб’яднаў дзяцей і дарослых, захопленых экалагічнымі ідэямі. Тут працавала некалькі тэматычных пляцовак: “Экаежа” з дэгустацыяй мясцовых кулінарных вынаходак, “Рамесны падворак” з майстар-класамі ад народных умельцаў, “Універсітэт зялёнай філасофіі” з прэзентацыямі эканавінак, “Дзіцячы двор” з конкурсамі і прызамі, “Organic-Арт” з крэатыўнымі работамі беларускіх дызайнераў. А апошняя ініцыятыва Міхаіла і Ірыны — фестываль для людзей старэйшага ўзросту “Сівыя непаседы”, якія плануецца правесці восенню.

Журналістаў жа Міхаіл і Ірына запрасілі на самае аўтэнтычнае беларускае вясковае дзейства — на свежыну. Вось яна, нематэрыяльная спадчына! У цэнтры нашай праграмы была разборка кабанчыка. Нас чакала сапраўднае свята з падрыхтоўкай страў традыцыйнай беларускай кухні, майстар-клас па гатаванні дамашніх каўбас “Пальцоўка” і “Кашанка” і з іх дэгустацыяй.

Тут жа, на сядзібе, працягам кулінарнай гісторыі стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу на самы самабытны рэцэпт стравы нацыянальнай кухні Зэльвенскага раёна “Гатуем сваё”, які праводзілі аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, фермерская гаспадарка “Верас”, аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама.

Пераможцы, якія занялі прызавыя месцы, прадставілі топ-9 страў. Так, юныя кулінары Елкаўскай сярэдняй школы пераўвасобіліся ў купалаўскіх акцёраў і зладзілі цэлы дранік-фэст. Навучэнцы Князеўскай сярэдняй школы завабілі ўсіх пахам рулькі ў цесце. А ў чым сакрэт такога паху, расказаў 10-класнік Уладзімір Ягораў: сакрэт у адмысловым марынадзе для мяса, якое потым закручваецца ў цеста з жытняй мукі. Марына Мазец, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Зэльвы, прэзентавала верашчаку. Гатаваць па гэтым рэцэпце яе навучыла некалі родная бабуля. Страва гатавалася са свіных рэбраў, дамашняй каўбасы. Усё абсмажвалася, дадавалася зеляніна, прыправы, інгрэдыенты закладваліся ў чыгунок і дабаўляўся адвар сушаных грыбоў, верашчака запраўлялася абсмажанай мукой. Традыцыйна падавалася з блінамі. Дарэчы, гэтую страву і дзясяткі іншых беларускіх, у прыватнасці зэльвенскіх, Марына Валянцінаўна гатуе з дзецьмі на ўроках працоўнага навучання і на факультатыве.

Як расказала Наталля Гаспадарык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама, цікавасць да мясцовай кулінарнай спадчыны ў жыхароў вялікая і яшчэ большая — да яе прэзентацыі. Менавіта гэта і стане асновай гастранамічнага турызму, які толькі распачынаецца ў раёне. І ў яго аснове будуць аўтэнтычныя стравы крамяніцкага рэгіёна, якія больш нідзе так не гатуюць: “Вушкі з грыбамі”, “Галышы па-беларуску”, “Пызы па-галынкаўску”, “Каўдык”, курыца ў гарбузе, бульбяныя камякі з грыбамі, “Пянёк з леснічоўкі” і іншыя. Яны будуць занесены на гастранамічную карту раёна і ў рэестр нацыянальнай кухні Зэльвенскага раёна.

Школа юнага фермера

Дарэчы, тое, што ў сядзібе “Верас” разгарнулася школьная кухня, невыпадкова. Ужо некалькі гадоў паміж сям’ёй Макей і школьнікамі Князеўскай і Елкаўскай сярэдніх школ існуе і дружба, і супрацоўніцтва.

“41 год назад Міхаіл Макей скончыў нашу школу, і 15 гадоў з іх мы вельмі цесна супрацоўнічаем, — гаворыць Анатоль Вацлававіч Лебедзь, дырэктар Елкаўскай сярэдняй школы. — Дзякуючы спонсарскай дапамозе аграсядзібы “Верас” і СВК “Сынковічы”, у нашай школе ёсць усё неабходнае. Напрыклад, спартыўным інвентаром установа забяспечана на 97% — гэта найлепшы паказчык у вобласці. У нас на кожнага з 81 вучня разлічаны лыжы, канькі. Ёсць сучасны нямецкі тэнісны стол. Нядаўна Міхаіл Францавіч падарыў нам трэнажорную залу з сямю сучаснымі трэнажорамі”.

Добра ведае пра перавагі супрацоўніцтва школ з іншымі арганізацыямі Валянцін Семяняка, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу і ідэалагічную работу. З 22 гадоў, што ён працуе ў сферы адукацыі, 11 узначальваў Князеўскую сярэднюю школу, і яшчэ 11 — аддзел адукацыі. “У нашым раёне над адукацыяй дзяцей працуюць усе: і ўстановы культуры, вытворчыя калектывы, СВК, прадпрыемствы, спартыўныя аб’екты, аграсядзібы, — расказвае Валянцін Міхайлавіч. — Што тычыцца аграсядзіб, то мы ставім мэту азнаёміць дзяцей з фермерствам і асновамі агратурыстычнага бізнесу. Тут вялікую справу робіць праект “Школа юнага фермера”, які праходзіць на базе фермерскай гаспадаркі “Верас”. Дзеці прыязджаюць сюды на тыдзень на летніх канікулах і засвойваюць асновы вядзення дамашняй гаспадаркі, вучацца прымаць гасцей, вучацца кулінарным прамудрасцям, тэхналогіям апрацоўкі зямлі, ландшафтнага дызайну на практыцы. Школа ўжо стала не разавым мерапрыемствам, а грамадскім дзіцячым аб’яднаннем, якое актыўна развіваецца на працягу ўсяго года”.

“Калі дзеці прыязджаюць да нас у школу, нам хочацца, каб яны больш адпачывалі, таму мы надта іх вучобай не загружалі і стараліся, каб заняткі праходзілі ў форме гульні: ладзілі конкурсы на лепшае афармленне пакоя, на самую арыгінальную сервіроўку стала, на самы здаровы травяны збор, — расказвае Ірына Макей. — Мы выходзілі раніцай у агарод, збіралі інгрэдыенты для чаю, ужывалі яго за снеданнем ці вячэрай, сушылі зборы, каб дзеці маглі забраць іх з сабой. Прыемна было бачыць, як дзеці бегалі ў вяночках па падворку. Наша гаспадарка выключна экалагічная, ніякіх хімічных прэпаратаў мы не прымяняем ні ў агародзе, ні ў садзе. І свае зялёныя веды перадаём дзецям: вучым, якія расліны з якімі сумясціць, каб лягчэй было супрацьстаяць шкоднікам, што і калі попелам пасыпаць, калі мылам апырскаць, калі крапіўнай падкормкай.

Вучым правільна харчавацца, бо і ў вёсцы, на жаль, дзеці аддаюць перавагу чыпсам і каляровым напоям, якімі стракацяць магазіны. У нас жа яны на тыдзень пераходзяць на натуральныя стравы, газіроўку замяняем морсамі, сокамі. Калі не хочуць есці яблыкі ці моркву, то дабаўляем іх у салаты. Вучым дзяцей рабіць нарыхтоўкі, квасіць і марынаваць капусту ў розных выглядах, агуркі. Агуркі складваем у бочкі, дадаём дубовыя лісты і хрэн для цвёрдасці, лісты парэчак, кроп, часнок — для смаку, упакоўваем, шчыльна закрываем бочкі і апускаем іх на вяроўках у возера. Там холадна, адна тэмпература, таму агуркі выдатна захоўваюцца. І мы да вясны дастаём па адной бочцы.

Акрамя таго, з дзяўчатамі мы асвойвалі дэкупаж, саломапляценне, сервіроўку, ландшафтны дызайн, вучыліся, як накрываць стол, прымаць гасцей, быць сардэчнымі гаспадынямі. Хлопчыкі знаёміліся з кавальскай справай, спрабавалі сябе ў сталярнай майстэрні, рабілі вітражы, вучыліся даглядаць жывёл, назіралі, як працуюць камбайнеры. Таксама мы шмат ездзілі з дзецьмі на экскурсіі па Беларусі.

Праект скончыўся, але хлопчыкі і дзяўчынкі працягваюць прыязджаць, адпачываюць — у нас ёсць сваё возера з рыбай, шмат розных жывёл. Восенню, калі не ўпраўляемся, дзеці дапамагаюць нам убіраць моркву ці бульбу. Асабліва часта дапамагаюць нашы “выпускнікі”, а сёння — студэнты. Студэнтаў мы адзначаем зусім па-іншаму. Ім і так цяжка — многія вучацца і працуюць, таму за іх дапамогу мы добра плацім, сябруем з імі, перазвоньваемся. Некаторыя ўжо вярнуліся ў раён. Напрыклад, мой пляменнік быў некалі ў свае 10 гадоў самым малодшым у нашай школе (тады наша навучанне яшчэ не называлася афіцыйна школай, мы проста запрашалі ўсіх жадаючых), а сёння ён ужо скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, вярнуўся і працуе на сваёй зямлі. Можа, таксама захоча заняцца агратурызмам. Але нават калі прафесія не будзе прама звязанай з фермерствам, гэтыя жыццёвыя веды любому спатрэбяцца”.

Дарэчы, на Зэльвеншчыне большасць выпускнікоў, адвучыўшыся, вяртаецца дадому. Па словах А.В.Лебедзя, дырэктара Елкаўскай сярэдняй школы, больш за палову настаўнікаў школы — яе выпускнікі. Яны ж галоўныя і ў гаспадарцы. Летась 87,5% навучэнцаў паступілі ва УВА. Працэнтаў 60 выпускнікоў становяцца настаўнікамі (у тым ліку і абедзве дачкі Анатоля Вацлававіча, яго сястра і іншыя сваякі), шмат хто ідзе ў медыцыну і ветэрынарыю, сельскую гаспадарку і аграномію.

Экасмузі ад садавода-гандбаліста

Што да аграномаў, то некаторыя выбіраюць спецыялізацыю садавода. У многім гэтаму спрыяе прафарыентацыйная аграсядзіба “Сад маёй мары” ў Зэльве і яе гаспадар Міхаіл Жыдок, у мінулым — школьны трэнер па гандболе. Дарэчы, у гонар зэльвенскага гандбола ў яго садзе на 1,5 гектара расце кедровая памятная алея. Тут жа дзясяткі розных сартоў яблынь, груш, чарэшань і інш. Біёлаг-аматар займаецца развядзеннем саджанцаў. Сумесна з установамі адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч плануе ля помнікаў, у месцах баявой славы і іншых гістарычна значных падзей высадзіць кедравыя алеі. Ужо цяпер вучні некаторых школ раёна, атрымаўшы ад Міхаіла Жыдка кедровыя арэхі, спрабуюць вырошчваць дрэўцы. Нам жа гаспадар прапанаваў прыняць удзел у квесце “Збяры мяшочак здароўя”, у падрыхтоўцы да якога дапамагалі навучэнцы гімназіі № 1 Зэльвы (менавіта ў кірунку здаровага адпачынку будзе працаваць гімназічная бізнес-кампанія).

Пакуль дзве каманды спаборнічалі, хто хутчэй збярэ гэты мяшочак, астатнія госці слухалі аповед сына Міхаіла Уладзіміравіча — Андрэя, які раскрыў сакрэты бацькавых зялёных кактэйляў, а таксама даў рэцэпт гатавання квасу з аўса. На сядзібе практыкуецца арганічнае земляробства, таму ўсе кампаненты, якія служаць асновай для зялёных смузі — сельдэрэй, пятрушка, кроп, ягады і інш. — экалагічна чыстыя, вырашчаны без хімічных угнаенняў. Паспрабаваць гэтыя гаючыя ва ўсіх адносінах кактэйлі прапанавалі і нам, а затым паказалі, як іх гатаваць.

Сёння зэльвенцы ўпэўнены, што зрабілі правільную стаўку, выбраўшы з мноства дарог менавіта зялёную. А калі на працягу ўсяго маршруту тут будуць сустракацца такія ініцыятыўныя людзі, гэта абавязкова паспрыяе росквіту роднага краю.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.